Аднойчы прыйшоў ліст, на якім было толькі напісана: «Доктар Іван Геніюш у Празе». Шукалі нас доўга, але знайшлі. Ліст быў ад брата Аляксея. Ліст быў прыблізна такі: дарагі швагер, гдзе мая сястра й гдзе наш Юра? Пачалася перапіска. Паляцела трагічная вестка й да яго. Ён быў у Англіі, прыгожы, рослы, з крыжамі заслугі, але без раненьняў выйшаўшы з вайны. Аркадзі сканаў у яго на руках і пахаваны ў Ларэта ў Італіі, у братняй магіле з палякамі, з якімі й ваяваў.
Брату хацелася памагчы мне, пасылаў, што мог, найболей ангельскія цыгарэты, бо іх усё было мала. Аднойчы прыслаў мне й залаты крыжык у папяросах цудоўнай мастацкай работы. Я не расставалася з ім, аж зьдзерлі мне яго разам з абручальным персьценем і гадзіньнічкам у савецкай турме й болей іх мне не вярнулі…
Я крыху супакойвалася. Нас наведаў брата прыяцель, англічанін Сыднэй Алард. Вельмі цікавіўся нашай сям'ёй. Бываў у нас, што вельмі не падабалася нашаму навакольлю, і мы проста самохаць ішлі да нейкае згубы, ня хочучы ніяк пакарыцца хмарнай рэчаістасьці. Жылі трудна, але жылі, як хацелі, жылі, як сапраўдныя людзі, ня крывячы сваім сумленьнем і не прадаючы яго ні дорага, ні танна, бо на чалавечае сумленьне цаны няма! Такое не прадаецца, і няхай мне ніхто ня кажа, што нельга ўстояць!!! Няма сумленьня й няма чалавека! Касьцяк людзкі — гэта людзкое сумленьне.
Нас пачалі падганяць, каб мы бралі грамадзяніства. Муж хацеў чэскае, аж пішчаў. Вельмі гнаны чужынец, праз усё жыцьцб бн хоць раз хацеў быць грамадзянінам дзяржавы. А Сыд Алард таксама пытаўся ў мяне: «Хто бароніць людзей без грамадзянства?» Я кажу яму: «Бог!» — «А англійскіх грамадзян бароніць Бог і кароль», — мудра адказаў Сыд… Жаль, я не зразумела тады як належыць разумных слоў братняга друга, дый ён мог бы сказаць мне гэта хоць яшчэ адзін раз, і жыцьцё нашае было б лягчэйшым…
I так мы пачалі старацца чэскае грамадзянства, як хацеў муж. Чэхі ня проста давалі людзям пасьляваеннае сваё грамадзянства. Яны нас трасьлі-ператрасалі, перавяралі ўсе костачкі й ніякіх грахоў не маглі за намі знайсьці. Было толькі ім не зразумела, чаму за нас, чужынцаў, бяруцца ўсе іх чатыры партыі. Яны нам гэта сказалі. Ніяк не маглі зразумець, што беларусы мы, што мы людзі, людзі ў кожных абставінах жыцьця, якія ня здрадзілі праўдзе, шляхотнасьці, сваёй Бацькаўшчыне, народу і ўсім добрым людзям на сьвеце. Вузкалобыя гэтага не маглі зразумець.
Юра выступіў супраць ідэі чужога грамадзянства й сказаў нам, што гэта здрада перад сваім народам. Было нам дзіўна яго слухаць. Сяньня думаю, што, можа, яго, малога, агенты якія так навучылі. Аднойчы нам яго ўкралі, павезьлі з сабою нейкія байцы, адразу нейк пасьля іх прыходу ў Прагу. Ноч не было хлопчыка, і мы каналі са страху. Назаўтра нам яго прывезьлі байцы таго штаба, які першы ў нас затрымаўся. З ім нам прывезьлі мяса, каўбасаў і сваю, здавалася, дружбу. А сяньня нечаму думаю, а можа, яны нам тады купілі дзесяцігадовага хлопчыка? Я сяньня ўсё ўжо магу чакаць ад іх, хоць такое й неймаверна. Сына мы ніколі ні аб чым не пытаемся. Нам цяжка задаваць яму падобныя пытаньні, раніць чалавека, а ён маўчыць. Маўчыць…
Людзі пачалі вельмі расчароўвацца ў савецкіх байцах і людзях. Рэчаістасьць выглядала непрывабна, зусім іначай, як прапаганда на старонках савецкіх газэт. Найболей не падабалася пагоня за гадзіньнікамі. «Давай часы» — стала насьмешлівай пагаворкай.
Чатыры партыі моцна змагаліся перад выбарамі. У Чэхах найболей галасоў атрымалі камуністы, у Славаччыне наадварот. Славакі не маглі дараваць Бэнэшу сьмерці ксяндза Ціса. Бэнэш і тут кіраваўся помстаю. У яго волі было памілаваць гэтага чалавека. Адсутнасьць велікадушша — трагэдыя тупых адзінак, рэпрэзэнтуючых народ. Час ішоў. Чэхаславаччына ўсе яшчэ не выходзіла з чаду помсты й маніфэстацыяў, але бурныя словы не маглі закрыць суровай для камуністаў праўды — народ, прывыклы да ладу й парадку, расчароўваўся ў пустых словах, традыцыі перамагалі.
Беспартыйнага маяго мужа звольнілі з працы. Далі яму нейкае адшкадаваньне. Трэба было шукаць працы. Тым часам далі нам чэскае грамадзянства. Мне сяньня здаецца, што далі нам яго, проста каб мы не ўзялі другога, калі ўжо не бярэм савецкага. «Е нам цті дат вам обчанстві» (гонар для нас даць вам грамадзянства), — сказалі нам чэхі, даючы нам яго.
Муж шукаў працы, а сябры ўсе рабілі, каб толькі нас перацягнуць да сябе. «Ужо год еў бы кансэрвы, — гаварыў муж, — каб цябе паслухаў». Ну, пакуль што еў па кусочку сьвежага мяса, але гэта яшчэ пакуль што, пасьля амаль дзесяць гадоў жывіўся знамянітай камсою ды хлебам з мякінаю. Кансэрва была як мара, як сон, які не збываецца…
Нас клікалі ў Парыж, прыслалі паперы, каб лягчэй было нам дастаць дазвол і візу. Знайшліся ў нас там сваякі. Муж не хацеў слухаць, а мудры Юра так радзіў: «Хадзі, мамачка, паедзем з табою, а татачка так нас любіць, што хутка за намі прыедзе, ня вытрымае». Гэта зрабіць тады сапраўды было б найразумней, але муж галава ў хаце, паглядзімо, што будзе далей, як жа тая галава пакіруе?