Ізноў парадкі чужыя, ламаньне на іншы манер ужо ломанага-пераломанага, замена багоў і адвечнае праўды людзей і зямлі, на якой гэтыя людзі жывуць з вякоў вечных. Так, не было болей сонца, яно прыходзіць з благаславенствам, а ня з грубаю сілаю, якая ўводзіць у душы людзкія законы недарэчных адзінак. Экспэрымэнт. Гэта тое, што нас чакала пасьля ўсіх жудасьцяў мінулай вайны. Мір не бальзам на душы, а мір, як новыя раны, якім не відно канца. Вайна ня скончана, яшчэ вярэдзяць душы, і караюць, і выклікаюць за вернасьць старому Богу… А Ён глядзіць з вышыні сваяго ўкрыжаваньня, дазваляе блудзіць і ў пошуках розных праўдаў вяртацца ў рэшце рэшт да адвечнае, мудрае: «Любі бліжняга сваяго, як самога сябе». Бо на гэтым толькі можа будавацца шчасьце й мір на зямлі. Ідэю любові да людзей Ісус з Назарэту прыпячатаў дабравольнай сьмерцю на крыжы. Не, Ён ня гнаў мільёнаў адборнай моладзі на загубу, каб сілаю ўмацаваць свае ідэі, а на сьмерць пайшоў Сам. Ускрашаў памершых, сцаляў хворых, загадваў кахаць сябе людзям узаемна, быць справядлівымі, ня прагнуць чужога, знача, і чужое зямлі. Навучаў. Дванаццаць апосталаў, простых людзей, умацавалі Яго праўду трывальней і мудрэй, чымсьці сяньня гэта робяць тысячы газэтаў, радыё й тэлебачаньне сьвету! Мудрасьць крылатая, яна, як насеньне дуба, ляціць і ўкараняецца ўжо на вечнасьць. Проста й мудра, велічна й вечна!
А пакуль што зьбіраюцца ў Празе няшчасныя ўласаўцы, якім лёс дазволіў яшчэ крыху пажыць, бо, падведзеныя Сталіным, адданыя на міласьць-няміласьць ворагу, яны ўжо даўно гнаілі б зямлю, каб не ратаваліся ў арміі РОА[66]
. Хто канаў ад голаду й масавага зьдзеку над людзьмі, той іх асудзіць ня можа. Трагічны іх лёс выклікае сьлёзы. Зноў тут паняцьце двух тыраніяў і ніякае трэцяй магчымасьці, каб ратавацца. А калі б хоць капелька разуменьня людзей, жалю над імі! Самыя разумныя тут будуць гнаныя, як бараны на рэзьню, бо розум ні тым, ні другім непатрэбны. Сіла, тупая сіла, але багнэты[67] ніколі не зацьвітуць дрэвамі, танкі не ўзаруць пад хлеб зямлі, бомбы не забаўкі й аэрапланы ня птушкі…Напэўна, і ў хрысьціянаў быў бы прагрэс, але ён меў бы гуманныя мэты.
Уцякаюць з Прагі масава немцы. Ня немцы бягуць у страшную Нямеччыну да недабіткаў у разбураныя гарады, у голад. «Там з кожным днём будзе лепей, — казала мне Ольга Пэтрыўна, сястра Лэсі Украінкі, — а там, гдзе вы хочаце застацца, ніколі добра ня будзе, ніколі…» Як часта я цяпер яе ўспамінаю, але ратунку няма. Мой «сацыяліст» быў шчасьлівы, што ўсе паехалі й мая асоба ў яго праўным, супружаскім распараджэньні, а рэшта ня мае значэньня. Толькі паэты, як птушкі, адчуваюць будучае й церпяць ужо авансам. Здаецца мне — ступаю па нажах і крывавяць мне ступні.
Нехта прынёс нам з чэхаў кусок мяса, парадзілі купіць у запас хлеба. Вечарам маладыя чэхі ходзяць, зрываюць нямецкія напісы на вуліцах і разьбіваюць іх аб брук. У нас Вялікдзень, якраз Вялікая Пятніца. Прыйшоў да нас інг. Лось. Ён вельмі разумны ўкраінец, жанаты з чэшкаю, але цяпер другое зарысоўваецца на палітычным гарызонце, і чэшка памалу яго выганяе, есьць дзеці. Калі б украінка, дык яна пайшла б з ім ахвотна далей на змаганьне — чэшцы патрэбныя толькі выгоды й люксус у жыцьці, а на гэтае пэрспэктываў ніякіх…З
Мне прыпомнілася другая чэшка, жонка доктара Янкі Станкевіча, спэцыяліста па Ай-кітабах[68]
. Яна з ім як найвярнейшы сябра. Цудоўна ведае нашую мову, і тры сыны яе — гэта тры палкія беларускія патрыёты. Ня кожная беларуска зраўняецца з ею ў адданасьці ў служэньні нашай Бацькаўшчыне. Дай ей Бог здароўе!Назаўтра ў Вялікую Суботу йдзем з Юраю ў цэркву да споведзі велікоднай і да прычасьця. Трывожна… Мая споведзь болей падобная на палітычную размову з айцом Ісакіем, мы з ім сябе разумеем, зыходзімся на славянстве. Выходзім з сынам за руку з цэрквы. Сонейка, усюды сьцягі нацыянальныя амэрыканскія, англійскія, савецкія. На Гусавым пляцу народ. За малую хвіліну там будзе бой, і танкі разаб'юць старую памятную ратушу й слаўны чэскі Арлой, гадзіньнік з 12 апосталамі, якія выходзяць апавяшчаць гадзіны. Кажуць, у сярэднявеччы асьляпілі чэхі таго майстра, каб болей Арлоя нідзе не стварыў. Нехта казаў, што гэта быў яўрэй. Магчыма.