Читаем Споведзь полностью

Яшчэ маленькая я мела вялікае перажываньне. Мне расказалі пра рай і пекла, і я ўсё думала, як зрабіць, каб мае каханыя бацькі ня трапілі ў тое пекла, няхай ужо лепей я за іх адпакутую. Начамі ня спала я, часта плакала й вельмі хацела хутчэй памерці. Гэты жах непакоіў мяне вельмі доўга. Я была пабожнай з пялюшак, як з пялюшак ужо была вернай дачкою свае Беларусі. Худое, хворае, брыдкое дзіця, закаханае ў бацькоў сваіх і ў родную стыхію. Сьлёзы ліліся на рукі, а цягнік ляцеў. Пекла не мінавала бацькоў маіх, вораг разбурыў нашае гаяздо, а я вось бясьсільная, першы раз бясьсільная ў жыцьці й каб памагчы ім, каб іх ратаваць. Успомнілася, як бягом сьпяшалася дамоў з Ваўкавыска такая малая, вечна задуманая. «Кудэмі йшла, дачушка?» — пытаўся раз тата. «Бегла на Лазы, наўпрасткі», — адказваю. «Ах, дзіця мае, толькі што мы пагналі тудэмі трох ваўкоў, разарвалі цялушку…» Ага, цяпер разумею, чаму так раўлі каровы ля кустоў. Усё праносіцца ў памяці, і так хочацца бачыць маці й многае, многае ёй расказаць…

Я не пішу аб каханьні, не люблю выкладаць людзям таго, што часам моцна закранала сэрца. Усе гэта мінала, праходзіла, рабілася буднем, а любоў да братоў, да зямлі, да Бацькаўшчыны была заўсёды ясным, божым сьвятам у маёй душы, і за яе я пераносіла пакуты й не маргнуўшы вокам пайшла на мучэньні, несучы імя яе высока як сьвятасьць, імя маёй Беларусі…

Наступіў вечар. За Лідаю цягнік ужо не спыняўся амаль, а пёр што меў сілы. Відно, што там меней было партызанаў. Немцы пачалі сьпяваць пра «гаймат»[62], як-ніяк яны былі радыя, што едуць дамоў. Мы пазлазілі ля Вільні й пайшлі да Ярэміча, які нас усіх запрасіў. Жонка яго, полька, і дачка ня вельмі былі радыя нашаму масаваму нашэсьцю, але нас частавалі, і хутка я адпрасілася спаць. Мужчыны яшчэ разважалі. Назаўтра я там адведала сваю куму пані Маліцкую. Яна вельмі чакала рускіх, бо паявіўся нейкі ксёндз, які іх запэўніў у бацькаўскай любові Сталіна да ўсіх каталікоў. Ксёндз той, ці прадажнае, ці наіўнае стварэньне, быў тады вельмі папулярным у Польшчы. Мы разьвіталіся рана з Ярэмічамі й паехалі ў Вільню прыгарадным цягніком. Твар мне абветрыў, папухлі ногі. Ішлі мы пад Востраю Брамай да Найдзюкоў. Езавітаў яшчэ купіў мне па дарозе ягадаў, Мірановіч нёс марожанае, як малой…

Я з любоўю на іх паглядала й думала толькі, каб яны выратаваліся жывыя з гэтае ўсей бяды. У Найдзюка нас міла сустрэла яго дарагая сямейка, асабліва жонка. Нас вельмі шчодра пачаставалі. Езавітаў і Мірановіч сабраліся ў Рыгу, ім яшчэ трэба было ратаваць багатыя свае архівы. Мы разьвіталіся, як найраднейшыя. Болей у жыцьці мы не сустрэліся.

З Найдзюком і яшчэ з адным сябрам мы пайшлі паглядзець Вільню, гдзе я была першы раз. Зайшлі да ксяндза Адама Станкевіча, быў ен рады. Мой сябра папярэдзіў мяне, што з палітыкаю ксяндза ня згодны, але трымаўся ветліва. Ксёндз Адам адразу выклікаў да сябе мой давер, мы разглядалі яго кнігі. Якраз прыехаў з Прагі Клімовіч і расказаў аб беларускім духу нашае хаты на чужыне. Ксёндз быў узрушаны. Пасьля мы пайшлі на Лукішскі пляц, гдзе авеяла нас духам мужнасьці Кастусёвай і вялікай адказнасьці за лёс сваяго народу, мовы яго, культуры. Нам не зарысоўвалася нічога сьветлага, акрамя мураўёвых, як за Кастуся, але слабейшымі быць мы ня мелі права. За нашымі плячыма ўжо былі гэкатомбы ахвяраў за Беларусь. Ішлі мы рознымі напрамкамі, кожны змагаўся, як умеў, і калі змагаўся за свой народ шчыра, знача, і гэта залічыцца. Апошні ўздых Кастусёў ня дасьць нам спыніцца ў самым адчайным нашым змаганьні за лёс Бацькаўшчыны… Я адчувала гэта.

Вечарам доўга па-беларуску гаварыла радые, мы слухалі. Ноччу прыяжджалі ўцекачы з Беларусі сумныя, на адлёце далей. Назаўтра мы пайшлі на станцыю. Цягнікі ня йшлі. Мы доўга сядзелі. Найдзюк пацяшаў мяне, дзякаваў мне за ўсе, за дух маіх вершаў: «За тое, што ты такая…» Ішоў ваенны цягнік, а ў нас не было ні папераў, ні білетаў, дый гутарылі мы абое па-нямецку пагана. Што рабіць? Мы накуплялі нямецкіх часапісаў са свастыкаю ды з фюрэрам, як мае быць, і селі. Што ж, могуць нас расстраляць — тут без дазволу… Але страху ніякага! Увайшоў немец, а мой сябра паказвае на паліцу, гдзе ў чамадане паперы, а сам гартае «Сыгналы» (быў такі часапіс). Пранясло… Я крыху спацела.

На літоўскай граніцы з Прусьсю мы вылезьлі. Тут ужо мы ад дэзынфэкцыі не адкупіліся. Прыйшлося ўсй аддаць у пражарку, і мае пражскія ўборы былі як пажованыя. Вокал было шмат фурманак, гэта ехалі коньмі расейцы ў Нямеччыну, сьвяціў на іх месяц. Пару кіламетраў ішлі мы пехатою да граніцы. Там ад нас патрабавалі паперы, але відно было, што мы эўрапейцы, ды прытым я захапіла ў Натальлі Арсеньневай крыху тытуню на ўсякі выпадак, якім і пачаставала пагранічнікаў. Цягнік нас нёс цераз Прусію. На адной станцыі мы ўбачылі сямейку сьвятара Лапіцкага, яны сядзелі на шматлікіх аб'ёмістых клунках. Мая сястронка зацеміла, што ля мяне ўсё мужчыны… Мне стала ўстыдно за яе ўзровень думак і разуменьня, і я была радая, што едзем мы далей у Інстэрбург. Яны ўсе напраўляліся ў Кэнігсбэрг пэўныя сябе, задаволеныя.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии