Калі нас прывезьлі ў Пісэк, дык сьледавацель адразу на другі дзень прачытаў нам акт абвінавачваньня, на падставе якога саветы зажадалі ад Чэхаславакіі нашай выдачы. Тут я з жудасьцю даведалася, што мы з мужам «ваенныя злачынцы», паводле той «красамоўнай» савецкай паперкі, амаль адказныя за ўсе падзеі вайны й яе пачатак! Гэта было нешта так несуразнае, што нельга было не засьмяяцца. Цэлы час выступаючы супраць гітлерызму ўсімі сродкамі, усей сілай сваяго пяра, я спакойна глядзела на гэту хлусьню, бо што ж на мяне ні чаўплі б — напісанае мною ў суровыя гады заставалася як дакумент маяго дзеяньня. Пасьля толькі я зразумела, што падобныя мэтады яны стасуюць пераважна да ідэёвых людзей; да тых, хто памагаў немцам нішчыць беларусаў, яны адносіліся куды лагадней! Давяралі ім, ставілі іх у лагерох дзяржымордамі над намі, даносчыкамі. Гэта была публіка адпаведная ім па духу й мэтадах зьдзекаваньня над людзьмі. Абвінавачваньні былі настолькі беспадстаўнымі, што мне захацелася проста абсьмяяць іх, і я напісала заяву ў вобласьць, выясьняючы, што ўсё гэта хлусьня, і калі, як заявілі чэхі, мы ня мелі ніякай віны па чэскіх законах, а самыя былі чэскімі грамадзянамі, дык як жа й пашто вьтдаваць нас чужой дзяржаве? З вобласьці мне адказалі, што яны не кампэтэнтныя рашаць гэтую справу, падалі поўны тэкст савецкай тэлеграмы ці тэлефанаграмы аб нашай выдачы й парадзілі адклікацца ў вышэйшую інстанцыю, здаецца, у найвышэйшы суд, што я, не чакаючы, і зрабіла.
Бедны мой муж сох без перадачаў і без папяросаў, і надзоры зьдзекаваліся над ім, а я тым часам выясьняла ў меры магчымасьці справу нашага лбсу. I адказ прыйшоў. Гучаў ён больш-менш так: знача, калі мы зьяўляемся грамадзянамі ЧСР, а паводле чэскіх законаў няма ў нас віны, нас трэба звольніць і заплаціць нам адшкадаваньне за бяспраўнае зьняволеньне. Я гэта прачытала — вачам ня веру, як усе талкова. Пераслала паперку мужу. Надзоры пачалі віншаваць нас з надыходзячай свабодай, але… Але саветы, прагныя найболыыай колькасьці ахвяр, нейкім чынам змусілі чэхаў патаптаць свае законы й выдаць нас. Недзе нават камуністы чэскія не згадзіліся бяспраўна адабраць нам грамадзянства і вось даручылі гэта маленькім Прахаціцам[87]
. Як жа было сумна расчароўвацца…Жаль мне было сына, але жаль і мужа. На мае просьбы ўцячы на Захад ён цьвердзіў адно, што ён сацыяліст і г.д., а калі ўжо не знаходзіў аргументаў, дык проста заяўляў, што амэрыканцы ядуць адныя кансэрвы, а ён іх ня любіць. Часта пасьля ён сабе ўспамінаў тыя амэрыканскія кансэрвы, калі ў Пісэку лупіў чорную бульбу ды аблізваў цьвярдога селядца, якога некалі бачыць ня мог. Расказваў, як аднойчы давалі яму праз кармушку селядцы для камеры, а ён ніколі іх не трымаў у руках, і яны яму вываліліся на падлогу.
Калі прыяжджаў Юра й мы крыху з сабою размаўлялі, дык я ўсе пыталася, як ён есьць, а ён у мяне пытаўся, як я сплю? Не прывьгчная я ў жыцьці да выгодаў, але адно — не магу на цьвёрдым спаць. Пасьцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах! Падушка са стружак і ніякага прасьцірадла гадамі… Аб сыну я забывалася толькі тады, калі засынала, і то клапатліва й асьцярожна нехта і ў сьне ўводзіў мяне ў кола яго зацікаўленьняў і адзіноцтва. Я адчувала амаль усю бездапаможнасьць яго ў жыцьці перад зьмяінай, найпадлейшай хітрасьцю й тактыкай ворага. Можна было толькі верыць у Вышэйшую сілу й спадзявацца на Божую дапамогу. Мы былі як у пашчы льва, і я лічу цудам, што клыкі ворага не заціснуліся на нашым горле.
Юра часта прыяжджаў у той Пісэк. Часам глянеш на твары надзораў з нейкім лагодным чалавечым усьмехам і адчуваеш, што гэта дзіця зноў тут, і чысьціня яго, і глыбіня болю перамяняе нат сэрцы ворагаў. Часамі бывала трагічна. Памятаю, як аднойчы пасьля адсуну Бэнэша новы прэзыдэнт Чэхаславакіі Готвальд адзначаў сваё прэзыдэнцтва амністыяй для вязьняў. Хлопчык пагутарыў з намі. Надзорка дазволіла яму перадаць мне пакецік з амэрыканскім сьняданьнем з варункам, што я яго зьем пры ей. Ён быў рады. Ручкамі цераз краты выціраў мне сьлезы, а сам ніколі не заплакаў. Быў мужны, але, як аказалася, толькі пры нас. У той дзень якраз адпушчаў Готвальд сваіх больш-менш аднадумцаў, і малы хлопчык стаяў ля сьцен вязьніцы, дарма шукаючы вачыма між выходзячых сваіх бацькоў. Жанчыны з мае камеры вярталіся з працы й бачылі, як адчайна плакаў ён, адзінокі, бедны, каля той вязьніцы, дарма там стоячы да позьняга вечара.