Читаем Споведзь полностью

У бруднай, зялёнай ад плесьні камеры на памосьце, пакрытым мятай саломай, сядзелі дзьве маладыя немкі за пераход граніцы, бо ж тая была тут побач. Я села й толькі цяпер усьведаміла сабе ўсю трагэдыю адзінокага сваяго дзіцяці ў гэтым горадзе і ў гэтым народзе, болей ужо ні аб чым думаць я не магла… Ды наагул я ня думала, здаецца, я то замірала, то зноў адмірала з болю, з нейкага фізычнага адчуваньня той чорнай прорвы, у якую кінуў нас мой безгранічны, бескампрамісны патрыятызм, доля народу, жыць для якога — значыла канаць зажыва ад палякаў, ад расейцаў, ад немцаў. На гэты раз давялося ад чэхаў. У спалучэньні з магутнай і пераможнай дзяржавай Усходу яны даўно забыліся аб гуманных ідэалах Масарыка й ахвотна бралі на сябе ролю паслугачоў крывавага Сталіна й яго сыстэмы. Выняткаў было нямнога. Заробак і наагул грошы для іх велічыня, перад якою зусім натуральна адступаюць усе прынцыпы…

Назаўтра прынясьлі мне ў камеру з кватэры маю невялікую Біблію на тонкай паперы, але чытаць нічога я не магла. Немачкі пайшлі памагаць тоўстай надзорцы, а я глядзела праз закратаванае вакно, здавалася мне, у бок граніцы, гдзе былі людзі, якія маглі выратаваць нашую сям'ю, калі б, едучы да хворых, мы заблудзіліся й пераехалі іх граніцу… Лёс нам, відно, наканаваны зьверху. Я прыпомніла сабе, што за Беларусь цярпець трэба й калі прыйдзецца — трэба памерці, адступаць і каяцца нельга! Гора нашага народу непамерна большае ўжо вякі.

Нехта прыходзіў нас адведваць, была між імі й хворая немка, якую лячыў муж, гэта мяне асабліва ўзварушыла, бо ў Імпэрку іх было мала. 8 сакавіка прынясьлі нам торт, які я раней заказала мужу. Калі нас вывелі на двор на прагулку, муж сказаў, што ён мала думае, што ўсе яшчэ сьпіць пасьля лекарска-бяссонных начэй, і папярэдзіў мяне, што цярпеньне наша зацягнецца… Мяне паклікалі да надзірацеляў і далі паперу й пяро нарэшце напісаць сыну. Я пісала спакойна, але ўсё ва мне енчыла з гора. Вечарам, на дзень мужавых нарадзінаў, прынясьлі ў нашу камеру пару бутэлек віна з нашай кватэры й торт. Прывялі туды мужа, і так, седзячы побач, у прадчуваньні даўгой, можа, вечнай разлукі, з думкамі аб сваім няшчасным дзіцяці, мы разам з надзірацелямі, тоўстай бабай і немачкамі «аславілі» гэты дзень. Муж трымаўся, я таксама старалася не падрываць яго сілаў сваім пярэпалахам з нашага адчайнага сапраўды становішча.

Нас выклікаў чэскі судзьдзя, чаго — ужо ня памятаю, толькі запомніўся мне яго абыякавы, амаль варожы твар, і я не ўтрымалася, каб не сказаць яму, што паэтаў няволяць толькі паганыя народы й маладушныя людзі. Тады ен крыху апрытомнеў са свае тупасьці, але даў мне пазнаць, што ён толькі нямое, сьляпое прыладзьдзе ў «славянскіх» руках вялікага «Руска», на якога спадзяваліся й маліліся ўжо некалькі пакаленьняў яго недальназоркіх продкаў… Так пачынаўся канец «гасьціны» чэскага народу да бяздомнай і бяздольнай беларускай сямейкі, усіх добрых адносінаў нашых чэскіх сяброў і вялікага грубага прыніжэньня, якое там адчувалі ўсе, хто ня гутарыў чыста па-чэску да вайны, у вайну й пасьля яе… Велікадушнасьць у палітыцы свомая[83] толькі сапраўдным народам, чэхі глядзелі перад усім выгады найбліжэйшага дня. Прадаць для іх нават зусім не вінаватых людзей было ўжо ня нова…

Усе гэтыя дні ў бязьмежным уласным горы прад вачыма стаяў мне твар той жанчыны, што канала недзе бяз помачы ў муках. Ніхто за тую ноч не знайшоў лекаў, каб яе ратаваць, і ніхто не памог ёй абязбольваючым уколам. У параўнаньні з яе доляй наша не была яшчэ самай горшай. Калі вялі мяне да судзьдзі, я прыкмеціла, як надзірацель валачыў наверх нашую машынку да пісаньня. Знача, ужо раскрадалі кватэру. Былі там рэчы, крыху маей біжутэрыі, кніг і новакупленыя мужам столікі й мэдычныя інструменты й шафкі для ўласнага кабінету. У пакоі ляжалі недакончаныя акварэлі й мае рысункі алавікамі, мікраскоп, крыху мэблі, пасьцелі. Машынку й пару болей вартасных рэчаў судзьдзя дазволіў перадаць знаёмым, рэшту, здаецца, раскралі. Гэтага надзірацеля я бачыла, калі нас перавезьлі ў горад Пісэк, сярод зьняволеных. Ён прадстаўляў уладу, належаў да народнага выбару й шырока карыстаўся ёю, як многія тады, г. зн. краў што траплялася й гвалтаваў нямецкіх дзяўчат, якіх арыштоўвалі за пераход граніцы. Адну маладзенькую пакалечыў прытым, так і дастаўся ненадоўга за краты. Быў гэта грубы, агідны чалавек, як і ўсё, што ў той час наверх выплывала. Чэхі стараліся дараўняць сваяму настаўніку ўсходу ў мэтадах змаганьня за камунізм.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии