Што ж, чалавек — жывёліна, якая магла жыць некалі на дрэве, пасьля ў пяшчэры, дык пэвен час стрывае й тут, але гэта будзе рэгрэс! Хвост нам пэўне ня вырасьце, але духовыя вартасьці атупеюць альбо й зьнікнуць зусім. Шчасьце людзей рэч індывідуальная, так і народаў. Як жа страшна пакідаць мілае сэрцу, прывычнае, роднае…
Ці ж заменяць нам бяздумныя й бяздушныя лозунгі сьвята нашых дзядоў? Руінамі глядзелі ў будучыню нашыя старыя замкі, гарады й сьвятыні. Іх заціралі, бурылі вялікую мінуласьць, як хацеў некалі сам фюрэр: зьнішчыць усё й тады цьвердзіць, што немцы прынесьлі культуру. Ён усё зьнішчыў, толькі далейшы яго плян праводзілі нагла ў жыцьце другія калянізатары. Вартасьці спрадвечнага Ваўкавыска пачыналіся ад Баграціёна… I так усё і ўсюды. Паявіліся новыя гэбэльсы, ніяк не ўступаючыя яму ў хлусьні і ярасьці прапаганды. Тое, што людзі называюць свабодаю, нам ужо вырвалі з сэрцаў.
4. Гэгэнна
Доля людзкая, відавочна, даецца нам пры нараджэньні, яе не абыдзеш і канем не аб'едзеш, як кажуць у нас. Колькі разоў я ўжо магла ў гэтым пераканацца за свой век, так як і ў тым, што прадчуваньні мае былі як верныя сябры, якія папераджаюць перад няшчасьцем. Край, з якога я выйшла, і асяродзьдзе яшчэ былі цесна злучаны з зямлёй, прыродай, яе стыхіяй, паверамі й спрыяльнасьцю такіх сілаў, якія падсьведама адчуваюць толькі дзікія зьвяры і ў меншай меры хатняя жывёла, асабліва сабакі. Памятаю, мне ніколі не бывала сумна на бацькавым хутары Жлобаўцы. Я адчувала таварыства дрэў, расьлінаў і матчыну прыхільнасьць да мяне атуленага сутоньнем, засеянага шырокага поля. Мне было цесна й сумна нават у невялікім гарадку Ваўкавыску, гдзе я вучылася, мне бракавала цёплай ласкі маіх нямых сяброў — шырокага поля, дрэў і жывёлы, ня кажучы ўжо аб нашай сям'і, да якой я была да болю прывязанай. Я ня знала, што выпадае, што трэба, што можна, што модна, я толькі ведала і ў душы маёй цаніла тое, што я люблю. Болей за ўсе на сьвеце я любіла маіх бацькоў і Радзіму, якую я разумела тады, як мой народ. Любіла вятры й зямлю, песьні старыя, ціхіх сялянак, коні й маладосьць. Гэта было даўно.
Я ўжо дзесяць гадоў у Празе, у мяне харошы муж і ўжо вялікі разумны сын, але сэрца мае належыць маей Зямлі, і яна мяне асьцерагае. Ужо тры гады, як няма мне спакою. Дрыжу й лекачу, калі чую расейскую мову, а калі бачу савецкіх людзей у ваеннай форме, замірае мне сэрца й хочацца быць там, гдзе іх не відно. Аднойчы йшлі мы са знаёмаю чэшкай пані Тэскавай вечарам па Празе, і мне зрабілася раптам пагана й неспакойна, я аж затрымалася, ня йшлі ногі. Аказалася, мы праходзілі каля савецкага пасольства, аб чым я нічога ня ведала. Маё добрае поле было са мною, быццам шаптала…
I так мы ў Вімпэрку на граніцы Чэхіі і Нямеччыны. Мужа далі там на паўгода лекарам, звольніўшы з фабрыкі, на якой ён працаваў у Празе. Сын вучыўся ў чэскай гімназіі й жыў на кватэры ўкраінцаў Кушчынскіх у Празе. А я то пабуду ў Вімпэрку, то зноў еду да сына. Цяжка без мяне аднаму й другому. А з Вімпэрка як жа блізка да граніцаў свабоднага сьвету, гдзе не крадуць людзей, гдзе людзі жывуць, можа, не багата, але свабодна, не баяцца ні ноччу ні днём нечага такога страшнага, ад чаго мне замірае сэрца й чаго сама яшчэ не разумею. Я не баюся, адвагі хапае мне й рашучасьці ў жыцьці, гэта ня страх. Я выжыла ў вайну, не скрывіўшы, не запляміўшы чысьціні сваяго беларускага сумленьня. Гэта нешта горшае, нейкая непазьбежнасьць, як мукі й пекла яшчэ за жыцьця. Муж прымае хворых у сваім кабінэце, а калі едзем да іх за Вімпэрк, у мяне заўсёды паяўляецца надзея, што ноччу пераедзем граніцу, і я пачынаю дыхаць лягчэй, хочацца толькі, каб разам быў сын, а болей нічога ня трэба. Гэта былі толькі мары, у мужа не было прадчуцьця. У лекараў падобнага не бывае, яны не паэты…
5 сакавіка 1948 года было мне страшна ўжо з самай раніцы. Я рыхтавалася да дня нарадзінаў маяго мужа, якія 8 сакавіка. Замовіла яму торт у цукерні, на картачкі выбрала цукеркі й другія падобныя драбніцы, якія ён любіць, але нічога мяне ня цешыла, тая нейкая чорная непазьбежнасьць вісела нада мной, як хмара, паралізавала крокі. Нават малітва не прыносіла палягчэньня. Не пасьпеў мне муж зрабіць нейкай заўвагі раніцай, як я горка расплакалася, і ён мусяў суцяшаць мяне, як малую. Абед прайшоў спакойна на вонак. Але калі муж быў, як кожны дзень пасьля палудня, на працы ў касе хворых, мне ўжо было зусім пагана. Што паўгадзіны аказваліся званкі, то з суседняй Квільды прасілі, каб ён прыехаў, то пыталіся, калі ён будзе ўдома і т. п. Была пятніца, я прыгатавала вячэру й першы раз падумала, што пост і адбіўныя катлеты, бульба й малако кіслае — ці ня грэх у гэты дзень?