Пасьля касы хворых у нас пачынаўся вячэрні прыём у сваім кабінэце, а пасьля, калі ўсе адыходзілі, мы заўсёды разам ішлі да хворых на дом. У гэты дзень ісьці было неабходна. Пару дзён ужо, як мы езьдзілі ці хадзілі за Вімпэрк. Там памірала маладая жанчына, хворая на рак. Была яна пасьля апэрацыі й аблучэньня, заставалася ей толькі даваць абязбольваючыя рэчывы, чаргуючы іх, каб лепш дзейнічалі. Хворая, яе муж, дзеці й радня чакалі нас як збавеньня. З хвілінай прыходу лекара ўціхаў жудасны боль, жанчына пераставала стагнаць. Яны самымі сардэчнымі словамі прасілі, каб мы прыйшлі. Мяне прасілі асобна, і я ім абяцала, што прывяду мужа.
На гэты раз яшчэ болей было трагічна, не адыходзіла ўжо мача. Пасьля ўколаў, як звычайна, стала лепш. Муж хворай папрасіў нас на пару словаў сакрэтнай размовы. Мы выйшлі на двор. У гарах адчувалася вясна, блішчэлі ў месячным сьвятле лужынкі, і неба было ў зорах. Было амаль цёпла. Чалавек той абаперся аб вушак дзьвярэй, паважны, змучаны, бледны, і сказаў мужу прыблізна тое: «Я несказана кахаю сваю жонку, але я не магу бачыць яе жудасных мучэньняў. За яе хваробу ў мяне нарыў страўніка, упадак сілаў, пахварэлі дзеці, дык я прашу вас, доктар, зрабеця так, каб яна болей не цярпела, дайце ёй укол, каб сьцішыўся боль назаўсёды». Муж паглядзеў на яго паважна й сказаў, што такога ня зробіць. «Чаму?» — глуха, нейк здушана спытаў чалавек. «Таму, што я прысягаў», — адказаў яму доктар. «Дык жа людзі дабіваюць жывелу, калі яна так церпіць, няўжо ў вас няма літасьці?» — «Адна мільённая за тое, што сяньня ноччу нехта знойдзе супраць рака лек, і дзеля гэтай адной мільённай я не зраблю таго», — спакойна адказаў муж. Мы абяцалі ім заўтра як найхутчэй вырвацца да іх, каб прынесьці канаючай палёгку. «Прыйдзе», — запэўніла іх і я, калі з гарачай просьбай зьвярнуліся й да мяне. Ледзь ужо я вяла мужа дамоў. Ён быў змучаны, хранічна нявыспаны й таксама рабіўся нэрвовы. Ясна блішчэла зорамі неба, і чарнела зямля ўжо зусім бяз сьнегу, але яшчэ без травы.
Нявесела прайшла вячэра, якую муж еў адзін. Я зноў нечаму пачала плакаць. Была ўжо адзінаццатая гадзіна вечара. Некалькі дзён як я рвалася ў Прагу. Там была рэвалюцыя, і я дрыжэла за сына. Муж увесь час супакойваў мяне, тэлефанаваў сыну й не пускаў мяне ў Прагу. Сына мы пакінулі на апеку харошаму чалавеку, пану Кржываносцы, і можна было думаць, што ён не пакіне хлопчыка ў гэты неспакойны час. Аднак я, якраз цяпер у адзінаццаць гадзін всчара, узбурылася ехаць да сына й з плачам пакавала чамадан. Дарма было мяне спыняць. Надзеўшы кароткую, зграбную шубку, у хустачцы й лёгенькіх туфлях я выбегла на вуліцу, каб дастаць у нашага знаёмага мясьніка крыху каўбас ці мяса, бо ў Празе з гэтым было яшчэ трудней. Не пасьпела я адысьці ад дзьвярэй, як падышоў да мяне чалавек і папрасіў, каб я нікуды не хадзіла, што так трэба. Я са зьдзіўленьнем сказала яму адступіць ад мяне, што ніхто ня мае права мяне затрымоўваць. Па вуліцы праходзіў нейкі мужчына, тады гэты паклікаў яго, каб той памог затрымаць мяне, Мужчына ўцёк бягом. Я сказала, што паклічу мужа. Калі той тып забараніў мне гэта рабіць, я падышла да сьцяны дома й плячом націснула званок нашай кватэры. Муж выйшаў. Мы займалі першы паверх дома, над намі жыў нехта другі. Чалавек, які запыніў мяне, пайшоў з намі, гаворачы, што ён тут не адзін, што яны ўжо прыходзілі й цяпер яго калегі ў кафэ побач і зараз да нас прыйдуць. Я падышла да тэлефона й паклікала міліцыю, тады чалавек устаў і паказаў нам нейкія свае паперы сышчыка ці некага падобнага. Нам зноў пазванілі, муж адкрыў дзьверы, і ў хату ўвайшло яшчэ 6 чалавек. Яны сказалі, што мы арыштаваныя, і загадалі нам аддаць ім паперы й зброю. Я паказала ім на гору шпрыцоў і голак, якія мне трэба было яшчэ прыгатаваць да заўтрашняга прыёму, і сказала: «Вось вам зброя лекара, якой яшчэ хочаце?» Муж разгубіўся, бедны, ён лепей, як я, ведаў жыцьцё й чуў аб гэтай нечалавечай сыстэме. «I вам ня сорамна: 7 чалавек на аднаго слабога, запрацаванага, змучанага доктара?» — прадаўжала я сваё абурэньне. Робячы зболыпага вобыск, яны паясьнілі нам, што вобласьць цэлы дзень старалася нас апраўдаць і выратаваць, але ня далі рады. З Масквы прыйшла тэлеграма, і саветы зажадалі нашай выдачы. Чэхі былі, паводле іх слоў, бясьсільныя.
Мы апрануліся, і нас павялі ў суд, гдзе запісалі нашыя пэрсаналіі, а пасьля пад надзорам стражнікаў — у вязьніцу, якая мясьцілася ў старой вежы старыннага вімпэрскага замка. Пару дзён як з гэтага замка скочыў і забіўся нейкі інжынер, калі яго прыйшлі арыштоўваць. Быў праў… Надзірацелі ў вязьніцы гулялі ў карты. Ад кампаніі аддзялілася жанчына вагой ня меней як 120 кг, забрала маю сумачку і ўсё з кішэняў і пачала мяне абыскваць. Муж быў лекарам і ў гэтай вязьніцы…