Недзе ў закрытым вартаваным памяшканьні дагараў чэскі прэзыдэнт Бэнэш. Цяпер ён стаў ворагам. Яго выкарысталі й адкінулі ў яму, калі ўжо стаў непатрэбны… Так з кожным палітыкам і з кожнай чалавечай праўдай, якая не надаецца ў марксісцкі талмуд. А талмуд той застыў на псэўдапраўдах XIX стагодзьдзя й клаў цяпер на пракрустава ложа абалванелых дзеячоў новай, нейкай чужой чалавечаму, асабліва славянскаму сэрцу рэлігіі. Адно было мне яшчэ пацехаю нейкай. Я верыла, што ў мужа былі гэта памылкі й што ён, як і я, не зрачэцца шляхотных праўдаў і дасягненьняў вялікіх людзей на гуманным разьвіцьці чалавечай культуры.
Мяне чакала павольнае забіваньне паэта й ніякай магчымасьці творчае працы наагул. Але ўсе ў Божых руках, і таму жыць — цікава! А недзе стаяла нашая калыска, так мне думалася тады. Нашая хата ў Жлобаўцах. Памятаю, як тага вазіў на яе лес аж з-за Немана. Бярвеньні былі смольныя, аб'ёмістыя. Сані праваліліся ў Нёман разам з татам, і магутны шыракаплечы тата доўга ляжаў у пасьцелі з адмарожанымі нагамі. Пасьля ставілі дом, пасьвянцілі падмуроўку, паклалі туды свянцонага зельлячка, як рабілася яшчэ да нас. Разьвіталася я з ею ў 37-м годзе, ад'яжджаючы да мужа з сынам. Калі вывезьлі нашых бацькоў, перавезьлі нечаму нашую хату ў Гудзевічы. Расьціслаў вярнуў яе назад на свае месца, каб мама, вярнуўшыся, мела гдзе жыць. Але не вярнулася мама, і ізноў перавезьлі гэтую хату, цяпер у Ваўкавыск на Віленскую вуліцу. Туды перавезьлі й нашае гумно на гараж. Было там ДЭУ[82]
, а цяпер нават ня ведаю, якая там установа.Часам прыходжу й гляджу на яе здалёк і бачу, здаецца, гата з адмарожанымі нагамі, як звозіць тугія бярвеньні на хату для сваіх семярых дзяцей. Было ў ёй звонка й было трагічна, бо крывавая будучыня прадзіралася ўжо ў нашую людзкую сьведамасьць прадчуваньнямі жудасных дзён. Узгадавала яна высокіх, мажных і харошых братоў маіх і сагрэла вечным цяплом сэрца маё беларускае, загартавала яго ў дабры й праўдзе, якой не змаглі ніякія ворагі людзкасьці. Думалася: нехта з нас адыдзе, нехта застанецца на гэтай зямлі ў гэтай хаце й будзе чакаць нас, калі прыедзем у вялікае сьвята на магілы дарагіх бацькоў, і ўсім нам будзе як у маладосьці, і памяць бацькоў будзе асьвячаць шляхі нашыя й выпраўляць нашыя памылкі. Мы славяне, мы Беларусы, у якіх ня гіне памяць аб мінулым і да якіх продкі нашыя асабіста ад вякоў ужо прыходзяць на Дзяды, каб разам пабыць у гасьціне. Усё благое адыходзіць у небыцьце, і застаецца чысты ўспамін аб найлепшым. Ходзім па зямлі й чуем, здаецца, спагаду й параду дзядоў сваіх сярод шырокага поля. Адабралі нам нават гэтае, абсьмяялі веру нашую, абычаі нашыя й мову нашую на нашай зямлі. А нашыя Дзяды ўсе ж прыходзяць да нас у кожную восень… I пакуль яны будуць прыходзіць да нас, датуль мы будзем людзьмі.
Жыцьцё нашае было працай, болем, але было й песьняй, якой не было ў другіх народаў. Пяялі ўсюды, і пяялі ўсе. Пяялі — знача жылі! Цяпер у нас пяе толькі гарэлка ў застольлі, раве бяздумна ўголас, калі маўчыць душа нашая, і песьня не кранае сэрца. Чаму ж не пяём? Чаму голас народу спаралізавала, чаго не было нават за лютае паншчыны? Некалі казаў муж нашай Валі-нявестачцы: «Ты яшчэ не засьпявала ў нашай хаце, таму ты ня нашая». Ён вельмі чакаў, каб гэтая «дочка» нашая запяяла… Не мадэрныя, чужыя песьні, а нешта з душы нашай, з душы народу…
Знача, застанецца за намі Залатая Прага. Былі ў мяне з ёю свае гутаркі. Старыя муры й каменьні болей мне гаварылі за жывую сучаснасьць. Узнагароджвалі за пакінуты родны край. Цяпер пазбавяць нас аднаго й другога. Пазбавяць нас зусім усяго, і буду нумарам толькі «0-287», які мне нашыюць на плечы й па якім будуць аклікваць мяне ў нечалавечы мароз нечалавечага краю аленяў і комі…
Хто ж даў права, хто ж даў права вырываць людзям душу й пераліцоўваць, пераварочваць на нейкі лад адвечную душу народаў? Ці могуць судзіць аб вартасьцях тыя, якія не разумеюць паняцьця сапраўдных вартасьцяў людзтва? Недзе яшчэ думалі аб нас, нехта яшчэ хацеў ратаваць нас. Былі гэта чужыя людзі, а лёс гнаў нас ужо на Поўнач загадамі Сталіна й яго халубў. У Празе бушавала рэвалюцыя, і падалі апошнія стаўпы незалежнасьці, якой не ануліравалі нават суровыя акупанты немцы. Крычалі яшчэ на вуліцах сакалы — сіла й гордасьць народу, але й яны замоўклі перад хітрай і грубай сілай.
Дваццаць пяць гадоў пражыў муж мой у гэтым горадзе і ў гэтым народзе. Ён ужо думаў па-чэску, так, як па-беларуску. Цяпер вырывалі яго з карэньнямі, і мне было вельмі жаль яго. Людзей, якіх нельга было зламаць, належала зьнішчыць. Пазьней скажа мне нейкі журналіст, які забрыў на дапрос у знамянітую «амэрыканку», што якая розьніца — з чэскім мы грамадзянствам ці з іншым, гэта толькі пытаньне пару гадоў, калі ўсё гэта будзе — рускае… Адна дзяржава… Нейкі гібрыд Эўропы й азыятчыны, падумала я.