— Яшчэ якія! Бацька прападаў за більярдам, маці выправаджвала нас гуляць. Ён ішоў у кіно, што бліжэй да більярднай, — у «Ілюзіён» каля цяперашняй Цэнтральнай плошчы, даваў які мядзяк швейцару — надзьмутаму ад важнасці, з барадою, як у Талстога, з залатымі гузікамі, у фуражцы — і мяне прапускалі ў кіназал, а бацька — да свайго більярда. Так я, малеча, паглядзела «Чалавека-звера». Ён быў увесь касматы, з чорнай маскаю, ноччу лез у вакно і выкрадаў уласную ж дачку, маленькую дзяўчынку, паклаўшы ёй на твар сурвэтку з хлараформам... Не, тэта было немагчыма вытрымаць, я ледзь не закрычала, а ноччу прачнулася не на сваёй кушэтцы, а на падлозе і плакала ад страху. Маці не разумела, што такое са мною, бацька маўчаў як вады ў рот набраўшы... А затое я з юнацтва ўжо ведала імёны такіх «зорак», як Мэры Шкфард, Дуглас Фэрбенкс, Эміль Янінгс — уся гісторыя сусветнага кіно. I Конрад Вейдт...
— Я таксама яго бачыў — «Багдадскі злодзей», «Індыйская грабніца».
— Так, так! Востры, як вытачаны, профіль і сталёвыя вочы — жудасна прыцягальны... I яшчэ фільм «Камо грядеши» па раману Генрыка Сянкевіча: Нерон у цырку выпускае ільвоў на рабоў, што прывязаны да слупоў. I на адным слупе — дзяўчына, танюткая прыгожая фігурка. Здаецца, Леа дэ Пуцці іграла. Яна з Янінгсам яшчэ бліскуча паказала сябе ў фільме «Чатыры чорты». Гэта ўжо не пра старажытны рымскі цырк Нерона, а пра цыркавых артыстаў, паветраных гімнастаў: адзін, што састарыўся ўжо, раўнаваў яе да маладзейшага, а той працаваў на вялікай вышыні, пад самым купалам. Раўнівец жа гэты быў у той іхняй рэпрызе «падтрымкаю», ад яго залежала жыццё саперніка... Ці вось яшчэ — Пола Нэгры, каралева меладрамы — «Рабыня грахоў», «Сатана» або «Горная кошка». Яна потым у галівудскіх карцінах здымалася. Агромнейшыя падоўжаныя вочы, нейкі драпежны профіль — ну, амплуа такое: «жанчына-вамп», мароз па скуры...
Па радыё перадаюць арыі з оперы «Гугеноты» Маербера. Саліст паўтарае рэчытатывам: «Мы бяжым, мы бяжым...»
— Так: мы бяжым, бяжым — і стаяць на месцы. Я заўсёды ўсміхалася: толькі ў оперы можа быць такое. У дваццатыя гады ў адным маскоўскім тэатры давалі спектакль «Вампука» — дык там парадзіравалі оперу, спявалі з перапалоханымі тварамі: «За намі пагоня —бяжым мы, ляцім! Бяжым мы, ляцім!» — і паўгадзіны стаялі нерухомыя. Або вазьмі «Травіяту»: гераіня памірае, тэта ж «Дама з камеліямі», памятаеш, у яе сухоты. А ейны прадсмяротны маналог — вялізная арыя, даўжэзная... Але! I яшчэ раз — але! У глядзельнай зале оперы ў мінулы час ад умоўнасці гэтага мастацтва нікому смешна не рабілася. Не, даражэнькія мае, усё-такі прыходзіла публіка, якая ўспрымала оперу натуральна і хадзіла ў тэатр менавіта каб слухаць, ацэньваць, а не дзеля прэстыжа, не дзеля якой-небудзь там формы культурнага жыцця, адной бачнасці яго, хаця і гэта, зразумела, было таксама, і я табе скажу: лепш ужо форма і бачнасць, чым нічога; сёння форма, заўтра звычна, а потым, глядзіш, і шчырая зацікаўленасць, разумение, патрэба і неабходнасць нарэшце. Але тады асаблівасць свая была ў публікі і ў тым, як і што яна ўспрымала. А цяпер... Ну чаго мы хочам, калі цяпер во, лічыцца, абсалютна ўсе адукаваныя. I так пра сябе і думаюць. Не, усё ж абранасць, што б там ні казалі, а існуе. Яна ёсць. Абранасць інтэлекта, талента, здольнасцей. I кожная нацыя павінна мець сваю эліту. А як жа? Хопіць ужо гэтае «роўнасці» — і сляпому бачна, куды з ёю прыйшлі.
На экране тэлевізара ідзе замежны серыял пра жыццё Феранца Ліста. Бетховен буйным планам.
— Гэта Бетховен? Я прагаварыла ўсё на свеце...
— Так, бачыш, ён благаслаўляе Ліста, адгадаўшы наперад у ім вялікага.
— I ты толькі паглядзі, хто навокал: і Жорж Санд, і Гюго. Так, так... Божухна, як жа трэба намагацца ўсім, кожнаму, каб адшукаць нештачка ў сабе, раскрыць сябе, здзейсніць, нават калі штосьці ёсць і сапраўды. I як гэта важна — што за людзі побач з табою і вакол. Каб было каму даверыцца — і верыць.
— Што ты гартаеш?
— «Веснік тэатра», Рыга.
— А, гэта я купіла тут, у Юрмале. Лесь Курбас вось, на здымку... Украінскі рэжысёр. У трыццатых расстралялі. Як і ўсіх, хто хоць чымсьці... 3 агульнай масы... Пазнішчалі. Павырывалі з карэннем.