У тым, як і што спяваў хор, як ён выглядаў, рухаўся, было нешта і ад старажытнагрэчаскага тэатра, і ад народнага відовішча, тэатра батлейкі...
Ясава карытá
Вадой налітá.
Дзеўкі ногі памылі,
Хлопцы ваду выпілі...
— А з «Вакханак» ты памятаеш куды больш.
— Так, адтуль — больш, ты ж запісаў. Наогул... Ах, гэта цяжка растлумачыць, але мне здаецца, што помню да гэтай пары шмат чаго з таго часу так выразна, яскрава, быццам гэта яшчэ і на самой справе недзе існуе, жыве... Проста стаіць перед вачыма. Можа, таму, што гэта ўсё было зусім іншым, чымсьці зараз... Не, ты не думай — я разумею, ёсць адвечны старэчы рэфрэн: «а вось у наш час» — і гэтак далей. Але ж сапраўды...
— Талстой лічыў, што з гадамі ўсё больш дакладна, ярчэй бачыцца ў памяці як раз самае ўжо далёкае ад чалавека, яго маладосць, дзяцінства,— мера яснасці ўзрастае менавіта ў такім парадку.
— Напэўна, я не ведаю. Але я хачу сказаць, што тады, у 20-ыя гады, наш пачатак у мастацтве, наша вучоба і першыя самастойныя крокі ў ім — усё тэта прыпадала на вялікую такую... ну, інтэнсіўнасць і насычанасць, дынамічнасць жыцця самога мастацтва.
— Гэтага зараз няма?
— Думаю, не. Ты ж толькі паспрабуй уявіць, што рабілася: Камерны тэатр Таірава, безліч розных студый, Мейерхольд, Вахтангаў... Што гаварыць, яўрэйскіх было два тэатры. Па-першае, Камерны тэатр Граноўскага з Міхоэлсам — яго ў сорак восьмым па загаду Сталіна ў нас у Мінску забілі, скалечаны грузавіком труп знайшлі недзе на Беларускай вуліцы, бліжэй да таго месца, дзе яна выходзіць на Ульянаўскую, — дык у тым тэатры яшчэ Зускін быў і Гертнер, таксама вядомыя. Гэты тэатр «кіраваў» яўрэйскай секцыяй нашай студыі. А другі зваўся «Габіма», ігралі яны на старажытна-яўрэйскай мове, і там Вахтангаў паставіў спектакль «Гадзібук» — злы дух, — і пра яго гаманіла тады ўся тэатральная Масква. Была яшчэ майстэрня Фарэгера, дзе ставілі «Добрыя адносіны да коней» Маякоўскага, тэатр-студыя «Самперантэ»... Дык вось, той час: я, дзеўчанё, студэнтка, бачыла гульню такіх акцёраў! Аліса Коанен — які жэст, якое сэнсавае напаўненне яго! Далей: Яланская, Гіяцынтава, Качалаў...
— Качалаў меў якое-небудзь дачыненне да Беларусі?
— Не ведаю, але тэта ж лёгка можна ўдакладніць па літаратуры пра яго. Ён у Вільні нарадзіўся. А чаму ты пытаешся?
— У Буніна, у «Чыстым панядзелку», гаворыцца пра «капуснік» акцёраў Мастацкага тэатра. I Бунін піша, што ў Качалава звісае на лоб «пасма ягоных беларускіх валасоў».
— Прыгадваю, нашы студыйцы штосьці казалі пра яго — і што прозвішча ў яго па-беларускаму магло гучаць як «Качалка» ці неяк падобна на тое... Ну, дык далей жа: Масквін, Леанідаў, Станіслаўскі!..
— I Неміровіч-Данчанка, вядома.
— А табе смешна ўжо... Ён не акцёр быў. Але хай сабе,— тэта пасля ўсё надакучыла і закамікавалася ў бясконцых паўторах, злучэннях адных і тых імёнаў, а мы ж бачылі не імёны пісаныя, а жывых людзей і тое, што імі рабілася, — усё гэта было на вачах, — і добра, каб сёння на тэатры ў Маскве хоць бы хто-небудзь наблізіўся да таго, чым і кім былі яны ў свой час. Павер ужо мне... А недзе ў трыццатых усё лепшае, непадобнае, сам разумееш, сталі выполваць — мы ўжо гаварылі. Але 20-ыя — тэта было яшчэ такое спляценне і квітненне непадобнага, маладога па свайму духу, яскравага, што быць у гэтым знутры, дыхаць гэтым штодня, кожны вечар — азначала атрымаць зарад вялікай магутнасці на ўсё жыццё, увабраць у сябе атмасферу, што стымулюе ўсе твае здольнасці. Ды што там казаць! Узяць хоць тую Айседору Дункан і ейных танцорак. Якія кампазіцыі! Кароткае, белае, нібы снег, лёгкае адзенне і такія рухі, што нават не верылася, як тэта можна выявіць сабою, чалавечым целам, столькі ўсяго. Або студыя знакамітага тады Касьяна Галейзоўскага — танец, пластыка. Пра «касцюмы» яго танцорак жартавалі так: «Галей, чымсьці ў Зоўскага, — няма». Але майстэрства, арыгінальнасць былі рэдкія. Я бачыла іхні балет-феерыю «Іосіф Прыўкрасны». Пастаноўка каласальная і вельмі ж прыгожая. Балет не класічны, на пуантах, дзе лёгкасць даецца праз мацнейшае фізічнае напружанне і твары, нягледзячы на ўсмешкі, змучаныя — а свабодны танец, раскаванасць, натуральнасць.
— А ці бачыла ты на сцэне Міхаіла Чэхава?
— Так. Міхаіла Аляксандравіча бачыла — і не адзін раз. I ў ролі Мальволіа з «Дванаццатай ночы», і Хлестакова, і Гамлета, і Аблявухава ў «Пецярбургу» Андрэя Белага. I нідзе нельга было яго пазнаць, такі непадобны на сябе быў у новай ролі. Адно голас выдаваў. Асабліва ж уразіў мяне Чэхаўскі Хлестакоў. Разумееш, было заўсёды так: ён элеганты, самаўлюбёны, валацуга, ламака гэткі — саладжавенькі нарцыс. У Чэхава на сцэне МХАТа ён аказаўся смарчком. Нікчэмнасць абсалютная... («Плявок»,— пачулася.)
— Што гэта азначае?
— Што?
— Ну, слоўка гэтае тваё, апошняе?
— Toe і азначае.
— А паўтары.
— Навошта? Сказалася вось так — і ўсё. Галоўнае, што Чэхаў там, на сцэне, даў Хлестакова нечаканага — гэткую пстрычку.
— Чаму ж тады ўсе перад ім шоргаюць і гнуцца, лічаць за шчасце бразнуцца да ног, усунуць грошай?