— Таму што — сталічная птушка, таму што — рэвізор, або можа ім аказацца. Таму што рэвізія ўсё роўна павінна ж стацца калі-небудзь, рана ці позна, дык чаму не зараз? Да таго ж, у гэтым маленькім правінцыйным гарадку, у гэтай багне санлівай сытасці, гультайства, баязлівасці, дзе заезны двор ці гасцініца з карчмою зашлёпаныя і зашмальцаваныя да бляску, як замасленыя. Дарэчы, дэкарацыі былі такія: замаслена і ў плямах тлуста ўсё, тлуст напітаў і быццам сочыцца, сцякае з заслоны... А Міхаіл Чэхаў, як акцёр, думаў — самастойна і глыбока. Аднойчы ці то ўзнагароджвалі, ці то проста адзначалі нейкую ягоную творчую гадавіну. Ён выходзіць — гром апладысментаў, ледзь не паўстаюць з месц. I тады ён кажа: «Я прымаю гэтыя апладысменты як адказ на тую любоў, што я дасылаю ў глядзельную залу з кожнай сваёй роляй». Гэта я добра запомніла. Ён проста зачароўваў. Такая моц была...
— Раскажы яшчэ пра Маскву двадцатых, пра вашу Беларускую студыю.
— Яшчэ? Але ж выходзіць неяк без усякай паслядоўнасці, то пра адно, то пра другое... I нярэдка вяртаешся да ўжо прыгаданага.
— Нічога, хай сабе. Згадваецца ж таксама не ў якім-небудзь парадку, а так, як прыйдзе.
— А інакш я і не магла б расказаць. Ды і наогул з парадкам у мяне, ты ведаеш... далёка не ўсё ў парадку... Падумай, мы ж былі зусім зялёныя, маладзенькія! Мне толькі шаснаццаць споўнілася, калі нас паслалі ў Маскву. Увесь, сказаць з дазволу, творчы вопыт быў — тэатральная масоўка, хор, танцы. Усё — напалову аматарскае. Крыху болей гэтага было, бадай, адно ў нашых Ільінскіх, старэйшага Мікалая і малодшага Аляксандра. Яны раней ужо трохі прывыклі да сцэны: Лапаць-старэйшы і Лапаць-малодшы — такія псеўданімы ў іх былі... А Ірына Ждановіч дык увогуле мусіла вяртацца дадому — і не з-за няздольнасці, не: сказалі, што ёй трэба яшчэ падрасці, такая яна была маленькая, мініяцюрная. I яна паехала ў Мінск, стала іграць у ролях травесці ў тэатры, дзе яе бацька быў мастацкім кіраўніком. Мне пашанцавала, я была даволі высокая ростам, доўгія косы, шатэнка... А так званая жыццёвая спрактыкаванасць — што мы ведалі, што бачылі да Масквы? Даверлівыя, наіўныя. I, патрапіўшы туда, зразумела ж, напітваліся ўсім, як губкі.
Па-праўдзе, да таго я аднойчы ўжо пабывала ў Маскве — з маці. У бацькі, службоўца чыгункі, быў бясплатны білет, і мы паехалі: маці хацелася там нешта купіць. Я ўжо была не такая і малая, насіла фетравыя боцікі, якія надзявалі на туфлі, іх звалі «капусцінскія» — ма- быць, ад прозвішча ўладальніка фабрыкі... Памятаю, што заходзілі з мамай ў капліцу Іверскай Боскай маці: усё ззяла знутры, мама ставіла свечкі. Капліца гэтая злучала сабою дзве аркі перад уваходам на Красную плошчу з боку Гістарычнага музея — няма іх даўно і ў паміне, як і самой капліцы, паразбуралі, паўзрывалі ўсё, ты ж ведаеш... Там, каля Іверскай, памятаю, было шмат жабракоў, калек і прадаваліся цукаты — зацукраваныя кавалкі дыні, гарбуза — і глазураваныя грэцкія арэхі; вочы разбягаліся ад гэткай раскошы.
А на вучобу ў студыю прыехалі мы з Мінска ў лістападзе дваццаць першага, ці то сёмага дня, ці то восьмага — свята, здаецца, было. Раніца. Ціха неяк, нават пустэльна — дзіўна так. Скарб наш едзе на фурманцы, а мы ідзем пешшу. Па Цвярской, потым Камергерскім завулкам — гэта праезд Мастацкага тэатра, пасля вышэй, па Кузнецкім мосце, — і я на той вуліцы яшчэ запыталася ў некага з нашых: «А дзе ж рэчка?» — ну, ты ўяві, якой была. I далей — на Лубянскую плошчу і на Срэценку. Тут, над кінатэатрам «Уран», нас, чалавек чатырнаццаць ці шаснаццаць, і пасялілі на першы час. Выкладчыкі прыходзілі да нас сюды, і займаліся мы ў фае «Урана» ўдзень, пакуль сеансы не распачаліся.
Другое наша жыллё было ў інтэрнаце каля Чырвонай плошчы; нам казалі, што дзесьці там быў манетны двор Барыса Гадунова. Жылі ў цесных пакойчыках, елі іржаную муку з крухмальным клеем і займаліся ў зале са скляпеннямі, з-пад якіх звісалі гімнастычныя кольцы і трапецыя. Жартавалі: «Тут павявае духам Барыса Гадунова!» — і даводзілі адзін аднаму, што Гадуноў ноччу, калі мы спім, на кольцах разгойдваецца. Разам з намі жыла моладзь яўрэйскай секцыі нашай студыі, — яна потым, пасля вучобы, вярнулася ў Мінск і заснавала гарадскі яўрэйскі тэатр. Побач жылі і эстонцы, яны хадзілі на заняткі ў ГІТІС, дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва, і мы з цягам часу таксама сталі туды хадзіць увечары — на Кіслаўку, калі не памыляюся.