Мабыць, ён спрабаваў штосьці выкарыстаць у нас і са свайго ўласнага вопыту працы ў тэатральных студыях Пралеткульта, а не толькі на сцэне другога МХАТа. 3 дваццаць трэцяга года ён працаваў ужо не проста выкладчыкам, а мастацкім кіраўніком нашай студыі — гэта назначэнне было зроблена Беларускім наркаматам асветы і прадстаўніцтвам БССР у Маскве. Карыснага ён даў нам зашмат, што і казаць. Мне асабліва падабалася, што ён імкнуўся абудзіць, разварушыць нашу фантазію, здольнасці да імправізацыі, успрыняцця музыкі, — сам ён вельмі любіў Скрабіна, а дачка кампазітара Марыя Аляксандраўна Скрабіна, актрыса другога МХАТа, часта пры- ходзіла да нас на заняткі. Прыходзіў, бывала, і Павел Антонавіч Арэнскі, сын другога знакамітага кампазітара — перакладчык, навуковец, спецыяліст па Індастану...
Былі ў нас у студыі дысцыпліны, неабходныя нам як паветра, і вялі іх сапраўдныя знаўцы сваёй справы. Беларускую мову выкладаў наш таленавіты паэт, шырока адукаваны чалавек Уладзімір Дубоўка. А спевы — Ірма Яунзем, выканаўца і збіральніца народных песень, — у дваццаць трэцім годзе яна ўжо стала заслужанай артысткаю БССР, а гадоў праз дзесяць — і РСФСР; яна жьша ў нашым інтэрнаце — Красная плошча, 1 — разам з мужам, сваім імпрэсарыа, улюбёным і ў жонку, і ў свой занятак і падобным на нейкі адвечны рухавік, спыніць які ўжо немагчыма. У дваццаць чацвёртым, здаецца, наша студыя са спектаклем «Апраметная», або «Зруйнаваная цемра», па п’есе Васіля Шашалевіча мелася ехаць на фэст нацыянальных тэатраў у Парыж, але чамусьці з гэтага нічога не атрымалася, і тады паехала адна Ірма Пятроўна. Яна вельмі любіла ўсіх нас, добра ведала, як бедна мы жывем, і заўсёды старалася падкарміць нас, пачаставаць з таго, чым зрэдку сама разжывалася.
Вольга Георгіеўна Лабанава, старэнькая, кульгавенькая, выкладала нам дыхальную гімнастыку. I ў нейкай ваеннай акадэміі — ці не генеральнага штаба — мы з ёю нават выступалі, дэманстравалі дыхание носам па усіх правілах, — ты можаш тэта ўявіць сабе?.. Грым выкладаў Аркадзь Васільевіч Патоцкі, грымёр МХАТа-2. Па задуме яго і мастака Нікіціна, я, «іншаземная» багіня Венера ў «Цары Максімільяне», выглядала так: малюпасенькая карона з высокім шпілем, надзетая набок, чырвоны бюстгальтар, белая балетная пачка і чырвоныя панталоны з аборкамі з марлі ці тарлатану, залатыя туфлікі. Рыжая, задзірлівая, з выклікам, вочы падмаляваны ярка-зялёнай фарбаю «Поль Веранэз» і масляніста пабліскваюць — штосьці было ў іх гэткае казлінае, здаецца мне цяпер... Грымёр Патоцкі, такі, ведаеш, ну, Урубелеўскі Пан, стары лясны сацір, што любіць і чарку ўзяць, — дык ён мне пісаў вершы, корчыў з сябе майго паклонніка, паэта, зваў Стэлай. Усклікваў: «Адкуль у яе такая пастава!» Адзін узор ягонай лірыкі помню і да гэтай пары: «Стелла, Стелла! Это, верно, осень... и Селен, что клонится на мхи; это зябнущие кроны сосен и слагающиеся стихи...» У такім стылі. А грым для «Цара Максімільяна» рабіўся Патоцкім гратэскавы: накладкі з ваты скарыстоўваліся для мускулаў твару, вялікіх насоў — усё было як маскі.
Другі выпускны спектакль, «Сон у летнюю ноч», таксама ставіў Смышляеў. Пераклаў жа Шэкспіраву п’есу Юры Паўлавіч Гаўрук.
— Нядаўна я чуў ад Барыса Іванавіча Бур’яна, што спецыялісты лічаць пераклады Гаўрука аднымі з лепшых сярод славянскіх перакладаў Шэкспіра, — пісалася пра гэта ў часопісе «Вопросы литературы».
— Наогул пра людзей, што вучылі нас тады, дапамагалі, прыгадваецца толькі самае добрае... Танцы ставіў нам балетмайстар Вялікага тэатра Лашчылін — Леў Аляксандравіч, калі не памыляюся. Ён казаў пра мяне: «Вось каго трэба ў балет!» I я думаю іншы раз, хаця табе гэта і нясціплым падасца, што калі б я пайшла ў балет, то вялікай балерынай стала б — так, можаш не ўсміхацца... Далей: «Апраметную» Шашалевіча паставіў у нас Павел Паўлавіч Пашкаў, а «Чорта і бабу» Францішка Аляхновіча — Аляксандр Аляксандравіч Гейрат з МХАТа-2. 3 ім, дарэчы, быў смешны выпадак. Ён неяк кажа: «Хай баба паця-а-агнецца так, нібы ў роздуме». А наша Таня Бандарчык — хто-хто, а яна ўжо добра ведала беларускіх баб — адразу ж, паціху так: «Ага, чакайце, яна вам «паця-а-агнецца так»,— гэта нашай бабе не падыходзіць. I сапраўды, гэта ж не купчыха з карцін Кустодзіева.