I быў яшчэ ў нас выдатны машыніст сцэны Ягуноў, на якога мы заўсёды спадзяваліся. Хіба без яго ў нашай «Апраметнай» маглі быць такія дэкарацыі: на ўсё акно сцэны — аграмаднае павуцінне з тросаў, якія вытрымлівалі на сабе чалавек дзесяць, — і памятаю, павука «рабіў» Мікалай Міцкевіч, а недзе ўбаку была «спячая Беларусь»... А майстры з кравецкага цэха, што нам касцюмы шылі! Ты не паверыш, стаялі за кулісамі, калі мы на сцэне, — з іголкамі, ніткамі напагатове, сачылі, каб якое-небудзь шво не разышлося, і калі здаралася тэта, адразу ж кідаліся папраўляць. А адзін касцюмер заўсёды стаяў са шчоткаю, каб тут і пачысціць касцюм, на акцёры, калі спатрэбіцца. Разумееш, гэта ўсё былі людзі тэатра, людзі мастацтва, якія любілі і тэатр, і сваю справу ў ім, якая б яна ні была, бо тэатр — гэта не толькі акцёр, рэжысёр. Зараз жа, калі што спатрэбіцца непрадбачанае, то выходзіць, што вы прымушаеце чалавека рабіць лішняе, крыўдзіце яго, затрымліваеце... А які вальс напісаў маёй Тытаніі да «Сна ў летнюю ноч» кампазітар Сакалоў-Фядотаў! Дзе гэта ўсё цяпер? Не захавалася, прапала, згінула...
Як мы ўсе, удзельнікі тых спектакляў, рупіліся, як выкладваліся! I Вася Рагавенка, і Сцяпан Стэльмах, Зіновій Вялікі, Яўген Корбуш... 3 Мінска спярша дасылалі нам змёрзлую салодкую бульбу, цукеркі-ледзянцы з наліплым тытунём, а потым перасталі. Мы мянялі іржаную муку на гарачы, мяккі хлеб, а праз нейкі час ужо проста залівалі муку кіпенем, заварвалі і пілі. Хлопцы з яўрэйскай секцыі калі-нікалі атрымлівалі што-небудзь з Амерыкі — ну, і нам тады крыху перападала, мы ж усе былі ў большасці з Мінска. А, ды хопіць пра гэтае галаданне — у рэшце рэшт мы яго прымалі і пераносілі цярпліва і пакорна, таму што жылі ўсё ж сваім галоўным. Да таго ж амаль штодня бачылі: бабулькі, яшчэ тыя, дарэвалюцыйныя, сядзяць у халодных залах музеяў схуднелыя, з празрыстымі ад голаду тварамі — і не знікаюць, не зыходзяць са сваіх заўсёдных месцаў, хоць сядзяць без аніякага заробка.
— Гэта, можа, сёння прагучыць высокімі словамі — тады мы іх не часта вымаўлялі, зрэдку і думалі імі, — але ж сапраўды, сапраўды то быў час нацыянальнага адраджэння — тыя дваццатыя гады. Вось ужо ў поўным сэнсе — не хлебам адзіным... I які тады быў сам гэты хлеб? Не памятаю, не. Затое назаўсёды запомніла — і вельмі ўдзячная памяці — тое жывое, чалавечае, будзённае, што ўваходзіла ў паняцце адраджэння. I як прыходзілі да нас нашы паэты, пісьменнікі — Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, старшыня беларускага ўрада Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў,— ён казаў: «Вы — нашы арляняты!»
Мы ж былі тады першай маладой галінкаю, што выпрасталася, працягнулася з Беларусі сюды, у вялікае, і не толькі рускае, але, па сутнасці, і ў еўрапейскае, сусветнае мастацтва. I зроблена гэта было не дзеля нас саміх, а дзеля ўсёй нашай нацыянальнай культуры, ейнай будучыні: мы, напітаўшыся мастацтвам, ведамі, развіўшы нейкія свае задаткі, здольнасці, павінны былі потым аддаць усё гэта, вярнуўшыся дадому. — Гэта — як усё роўна саджанцы, якія пасля высаджваюць на сваёй зямлі. I беларускія пісьменнікі, кіраўнікі рэспублікі, бываючы ў Маскве, ішлі сюды, да нас у інтэрнат, у двор таго квартала перад Краснай плошчай, дзе на сцяне вісіць меморыя Радзішчава, — ён там калісьці жыў — пад арку са старажытнай кафляй, у будыніну, у якой была наша рэпетыцыйная і спартыўная зала. Так дзіўна зараз гэта, фантастычна — як толькі ўсё злучалася: дом Радзішчава, ягонае «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву», Красная плошча двадцатых гадоў дваццатага стагоддзя і нашае падарожжа з Мінска ў Маскву, наша беларуская гаворка пад скляпеннямі, дзе па начах разгойдваецца на трапецыі «дух Барыса Гадунова»... У мяне тады ўжо быў гэты маленькі альбомчык — ты шмат разоў яго разглядаў, — і з ім я падыходзіла да нашых дарагіх гасцей з Мінска, каб яны там пакінулі колькі слоў.
Вось Якуба Коласа верш: «Стэфцы Станюце на памяць», лістапад 1923 года, — Божа, калі ўсё гэта было, нават не верыцца:
Я пайду, міну лясочкі,
Што чарнеюць, нібы бровы, —
Там пабачу я свет новы,
Там пацешу свае вочкі,
Там другія ўчую словы.
За ляскамі, за тым гаем,
Далі, лёгшы сінім морам,
Вабяць душу мне прасторам
I чаруюць новым краем,
Клічуць к нейкім ясным зорам.
Я йду сьмела, сэрцу люба,
А ў дарозе травы, краскі
Мне гавораць свае казкі;
Мне сьмяецца постаць дуба,
Чараў поўная і ласкі...
Я ўсё йду; бяжыць дарога
То на ўзгоркі, то ў лагчыну.
Ветрык гойдае былінку,
Навявае думак многа
Мне пра родную краінку.
Я прайшла ляскі густыя,
Мой дзянёк гарыць высока;
Я на далі кіну вока —
Далі-мары залатыя
Ох, далёканька-далёка!
* * *
Адбягаюць мае далі,
Далі новыя відаць;
Падбівацца ножкі сталі —
Цяжка мне адной дыбаць!
— Я думаю, у Коласа да таго моманту, калі я да яго падышла ў канцы ягонай сустрэчы са студыйцамі, верш быў ужо гатовы, ужо неяк «дыхаў», у галаве ці недзе на паперы, таму што ён старанна, не спяшаючыся і без адзінай папраўкі — ты ж бачыш во — адразу напісаў яго ў мой альбомчык, прысвяціўшы мне — падараваў такім чынам.