— Мне здавалася, тады, у Віцебску, канца двадцатых і пачатку трыццатых гадоў, вы не так ужо і доўга «гулялі ў Сонца». У нататках Таццяны Бандарчык — іх зараз надрукавалі — ёсць такое месца: ад’язджаюць дадому, у Маскву, вашы настаўнікі, і Смышляеў падчас развітальнай, зусім не «патаемнай» вячэры гаворыць: «У гэтую свяшчэнную для мяне хвіліну развітання з вамі хачу нагадаць: трымайцеся, беражыце свой калектыў, беражыце ўсё, што атрымалі...» А далей мяне асабліва ўражвае вось гэтае: «...Асцярожна прымайце новых людзей, асцярожна звальняйце...»
— Ён ведаў, што казаў. Як усё роўна адчуваў, беспамылкова. Хаця і так ужо, напэўна, усё было добра відаць, мы адно з-за маладосці сваёй не заўважалі: шмат чаго засланялася светлым, тым, што радавала, што ўдавалася. Удалося, да прыкладу, зрабіць і раздаць усім значок таго нашага тэатра. Думаю, што эскіз стварыў мастак Леанід Нікіцін: шчыт рыцара, на ім васілёк і літары: БДТ-2. Беларускі драматычны тэатр, другі; першы быў у Мінску, адкуль нас і пасылалі ў Маскву. Чаму — шчыт? Гэта пайшло ад «Цара Максімільяна», нашай пачатковай студыйнай пастаноўкі, дзе Рыцар-Волат — Васіль Рагавенка — як бы сімвалізаваў абарону дабра, справядлівасці. А васілёк — сімвал мастацтва... Так-так, гэта пачатак наш, юнацтва і надзея, мара пра новы нацыяналыіы тэатр! Хай не змаглі мы пшат чаго абараніць і абараніцца — але ўсё роўна... А што да значка, дык яго потым палічылі «нацдэмаўскім», стаў ён, як кажуць сёння, «непапулярным» — ну, і гэтак далей, ты ж разумееш.
I значком справа не скончылася — о не! 3 цягам часу нас ужо пачалі дакараць «смышляеўшчынай», «мхатаўшчынай», цаляючы ў нашых настаўнікаў з МХАТа-2. А ўзяць тое самае «письмо коллектива театра», дзе ён спяшаўся адхрысцідца ад МХАТа-2 і выкрываў ягоныя буржуазныя, маўляў, прынцыпы: «мастацтва дзеля мастацтва», «акцёры — жрацы» і да т. п. Залямантавалі: гэта ўжо і да нас прыйшло, трэба выкараняць! У Маскве, у часопісе «Новый зритель», — заўваж: менавіта новы, значыцца, сапраўды, бо ранейшы, зразумела ж, нішто, недарэка нейкі — у часопісе тым і надрукавалі гэтае «пісьмо», праз два гады пасля нашага прыезду ў Віцебск. 3 якім сорамам я гэта перажывала! А такія ж лісты пісаліся вядома як. I мы, акцёры, не здрадзілі сваім настаўнікам: ні на якім сходзе «пісьмо» не абмяркоўвалі і не падпісвалі. А «всего 15 подписей» у канцы з’явіліся, хутчэй за ўсё, дзякуючы намаганням Веры Васілеўскай, яна была заўзятая такая партыйка, — ды і яе ж, відаць, прымусілі. Сабраць подпісы маглі, я думаю, і ў аркестры... Але не ў гэтым справа. А ў тым, што «Сонца» наша — правы ты — паступова пачало зніжацца. Так, неяк адыходзіць стала ўсё ранейшае, калі мастацтвам жылося, як дыхалася, — і толькі ім адным.
I пачалі мы разыходзіцца. Не буду сцвярджаць, што толькі з гэтай, адзінай прычыны, аднак... Хто з’ехаў у Мінск, як і я напачатку трыццатых, па сваёй волі, хто пайшоў кудысьці ў іншыя месцы. Карацей, мы ўжо Віцебскам не даражылі, разумееш? Нічога дзіўнага. Тава- рыскія суды пайшлі ў тэатры часцей за прэм’еры і сходы, дзе абавязкова некага ці штосьці асуджалі. А далей?.. У розны час арыштоўваліся — баюся памыліцца ў імёнах — Мікола Васілеўскі, Васіль Бялінскі, Зіновій Вялікі. Быў рэпрэсіраваны, ты ведаеш, і Міхась Чарот, ужо як паэт. Ён толькі з год, мабыць, вучыўся ў нашай студыі. I драматургі Францішак Аляхновіч, Васіль Сташэўскі... Аляхновіч, дарэчы, прапаноўваў мне галоўную ролю Матыльды ў сваёй п’есе «Цені». Быў ён, прыгадваю, каржакаваты, з вялікімі пукатымі дугамі над брывамі, рыжаваты. Далей... Іосіф Чайкоўскі, — ён у «Эрасе і Псіхеі» іграў Стэфана, высакароднага, паэтычнага героя, каханага Псіхеі, — страціў розум і скончыў самагубствам. А Леанід Аляксандравіч Нікіцін, наш мастак, апынуўся ў лагеры, на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала, разам з жонкай Верай Робертаўнай, — я іх добра ведала... Зараз я разумею, усё гэта не толькі нас тады кранула, а было агульнай атмасферай часу. Кароткі перыяд нацыянальнага культурнага адраджэння, нейкай свабоды мастацтва наогул, ішоў да заканчэння. Магчыма, лягчэй было эстонцам, нашым былым суседзям па маскоўскаму інтэрнату, але і гэта на якісьці толькі час. А ў астатнім зразумела ж усё, што тут гадаць.
— А я вось пра што думаю, глядзі: усё ваша маладое, першае, пачатковае было для вас у Маскве як свята, якое...
— «Свята, якое носіш з сабой»,— так, здаецца, у Хемінгуэя?
— У Маскве пераклалі: «якое заўсёды з табой».
— Не, мне болыи даспадобы менавіта так: «Свята, якое носіш з сабой», — гэта лепей, ці ж ты не бачыш?