На трэці дзень хваробы пазваніла з Масквы дадому, сказала, што баялася пнеўманіі і таму ў гатэлі «Мінск», дзе іх пасялілі, пакорна згадзілася на ўсе лекі, што ёй раілі. Сказала і пра тое, што гэтым самым ранкам пазваніла Інзе Івалгінай, сваёй даўняй знаёмай па Томску ваенных, эвакуацыйных год, — тая дзеўчанём лётала тады на ўсе спектаклі купалаўцаў. I вось ад мужа яе дазналася, што гадзіны чатыры, як Івалгіна памерла ў бальніцы. «Ты падумай, як раз сёння... Я даведалася, што яна цяпер тут, у Маскве, і ўпэўнена была, што зараз пачую яе, праз столькі... ты не ўяўляеш... і мы ўбачымся тут пасля ўсяго-ўсяго, што было. I яшчэ думала: «Ой, яна ж мяне не пазнае, а галоўнае — я ж яе таксама, і будзе мне ад гэтага вельмі няёмка. I вось — як жа так? Менавіта сёння яе і не стала. Нават не магу словамі... што я адчувала, калі ён сказаў. I як яму пасля майго званка... Ну, а я лячуся, лячуся. I ўжо лепей, толькі моцны кашаль б’е...»
А ў нас у Мінску ніяк не магло ўстаяцца лета. Цяжка было і чакаць яго, роўнага і цёплага, пасля мінулага — працяглага, шчодрага, што пачалося ўжо ледзь не з другой паловы красавіка і на корані было атручана Чарнобылем. I пры поглядзе на гарадскую зелень іншы раз падступала туга па ўсяму гэтаму летняму, звыкла квітнеючаму, але ўжо як бы і пакорна гатоваму да магчымай недалёкай пагібелі.
I тут раптам — некалькі свабодных дзён. I без усякага вагання: ноч у цягнку, а ўранку — знаёмы з юнацкіх гадоў дах над перонам Беларускага вакзала, прывычны ўжо, нібы якая-небудзь мінская вуліца.
А праз некалькі гадзін — фае і калідоры Малога тэатра, чырвоны аксаміт і золата партэра, мяккае мігценне старадаўняй раскошнай люстры, крышталёва-залацістае святло — заўсёды адно і тое ж, і перад рэвалюцыямі, войнамі, і пасля іх.
Тое святло, што існавала і існуе само па сабе, як бы па-над усімі парадамі і маршамі, трыбунамі і прамовамі, светамаскіроўкамі ці салютамі, заўсёды вечаровае, прыгожае і хвалюючае. Святло, што па-ранейшаму струменіцца пасля нечых даўно згаслых, некалі асветленых ім лёсаў і што ўпершыню сагравае некага вось зараз.
Дзённы спектакль. Ейны выхад у канцы другога акта, але мы прыязджаем загадзя; у антракце аглядаем тэатр, хтосьці з гледачоў яе пазнае.
Падыходзіць адзін з самых высокіх партыйных рэспубліканскіх чыноў, кіруючых і адказных: падкрэсленая ветлівасць і пачцівасць — яго сям’я, жонка і дочкі, вельмі жадалі б пазнаёміцца, так што калі магчыма...
Зразумела, магчыма: мастацтва ж «належыць народу». Адразу працягнутыя рукі, задаволеныя ўсмешкі. Але маўчаць. Яна з імі — па-беларуску, яны ж, губляючыся, толькь «здравствуйте» у адказ і быццам нямеюдь, паспешліва развітваюцца, збянтэжаныя, што па-беларуску не гавораць, і прыкметна раздражнёныя тым, што вымушаны гэта паказаць. Уся сцэна ідзе ў хуткім тэмпе, і калі «паклоннікі» знікаюць, яна гатовая адзначыць мімікай здзіўленне, але позірк — вясёлы і гарэзлівы («Што, пазнаёміліся?»).
Абедаем у рэстаране гатэля «Масква». Яна просіць прынесці крыху каньяку, каб стала цёпла ў грудзях, і мы гаворым, не дамаўляючыся, толькі пра ўсё добрае.
Увечары той жа спектакль, «Мудрамер» Матукоўскага.
3 вакна грыміравальнага пакоя бачна плошчу з фантанам перад Вялікім тэатрам. У ракавіне ў халоднай вадзе ляжыць вялікі букет, падараны ёй пасля ранішняга спектакля (апладысменты пры ёйным выхадзе і ў канцы сцэны з яе ўдзелам). На сцяне — фотапартрэт Шастаковіча.
Яна сядзіць перад люстэркам і, не паварочваючыся, паказвае рукою на акно:
— Бачыш, праз плошчу, дзе Цэнтральны дзіцячы тэатр? Раней тут быў «Раманэск», ад слова «рамантычны», я так думаю. А яшчэ да гэтага — тэатр Нязлобіна, прыватная антрэпрыза. Дык у «Раманэску» давалі «Фра-д’ябала», «Графа Монтэ-Крыста», «Нэльскую вежу» — поспех, вядомасць, каса!.. А ў Гнезднікоўскім завулку ў той час грымела «Лятучая мыш» — тэты тэатр падчас нэпа зваўся «Крывы Джымі». У «Лятучай мышь» ставілі нешта накшталт «капуснікаў», пародый на спектаклі іншых тэатраў і на рэжысёраў. Напрыклад, на Меерхольда. Такія маленькія «вясёлыя» тэатрыкі ствараў тады ў Маскве нехта Баліеў. А мне вельмі падабаўся Аляксееў, канферансье.
— Ты ўсе гэта памятаеш, быццам зараз...
— Ну так! Тут во я часта гуляла. (Паказвае ў бок сквера.) Маладая, студэнтка тады; на галаве — кепі ў клетку з даўгім брылём, — здымак жа ёсць такі...
— Я ведаю.
— Так, кепі — і кашнэ. I стэк у руцэ. Эфектна так — ого! Падыходзілі, зразумела, знаёміцца. Я адганяла, адварочвалася — ну вось яшчэ, падумаеш! I аднойчы на Пятроўцы, за Сталешнікавым завулкам, нейкі нэпач на рамізніку прычапіўся: немалады, папяроска ў зубах, вусікі — агідны тыпчык. Я паскорыла крокі па тратуары — ён хутчэй паехаў, і ўсё побач, побач. Тады я — у двары. I ўцякла...
Назаўтра раніцою пахмурна і мелкі дождж. У тралейбусе едзем да Краснай плошчы.