Але невялікая дэмакратычная супольнасьць у Беларусі застаецца адносна ізаляваная ад шырокіх масаў. Існуе раздробленая палітычная апазыцыя, якая мае стабільную электаральную базу парадку 25-30 працэнтаў, але не разглядаецца як рэальная альтэрнатыва Лукашэнку. Ёй трэба аб’яднацца, пашырыць базу сваіх прыхільнікаў на шырокія масы і запрапанаваць пераканаўчую канцэпцыю будучыні краіны. Алексіевіч таксама заклікае беларускіх інтэлектуалаў даць сябе пачуць і распачаць дыялёг з моладзьдзю, каб дапамагчы ёй «пачаць засвойваць цяжкі досьвед свабоды».
Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз могуць таксама дапамагчы, настойліва дамагаючыся рэальных і эканамічных пераменаў у Беларусі і вызначыўшы ясныя крытэрыі ацэнкі прагрэсу. Цяперашняя заходняя палітыка «малых крокаў» азначае адсутнасьць цьвёрдых патрабаваньняў і чаканьня істотных вынікаў. Гэта вынік умелага балянсаваньня Лукашэнкі паміж Расеяй і Эўропай і прапановы правесьці ў Менску перамовы аб спыненьні агню ва Ўкраіне. Аднак эканамічныя цяжкасьці Беларусі і яе занепакоенасьць рэваншызмам Пуціна азначаюць, што ў Захаду ёсьць свае інструмэнты ціску на Лукашэнку, якія ён бы мусіў ужыць.
Прызнаньне Нобэлеўскім камітэтам творчасьці Сьвятланы Алексіевіч дае нагоду глянуць сьвежым вокам на Беларусь. Беларускі драматург Андрэй Курэйчык кажа, што яна — «новы нацыянальны лідэр», які мае «большы аўтарытэт, чым любы палітык». Алексіевіч — не палітык, але здабыла гонар для сваёй шматпакутнай краіны, а ўвага, якую прыцягнуць цяпер яе ідэі, магла б зрабіцца той іскрай, якая абудзіць Беларусь і дапаможа ёй знайсьці сваё месца ў сучасным сьвеце.
«Я не адразу стала свабоднай і вызвалілася ад камуністычных ілюзій»
6 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Стакгольм
Дынько
: Спадарыня Сьвятлана, мы абсалютна шчасьлівыя вашай перамогай і падзяляем яе, зараз ваш голас як Нобэлеўская ляўрэаткі моцны, як ніколі. Скажыце калі ласка, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб гэты ваш новы цудоўны статус быў скарыстаны для ўсіх жыхароў Беларусі, для ўсіх беларускіх людзей? (пытаньне прагучала па-беларуску і па-ангельску — рэд.).Алексіевіч
: Я думаю, што трэба рабіць тое, што рабілася заўсёды. Рабіць сваю справу, рабіць яе спакойна, бяз роспачы. Але, на жаль, нават статус не заўсёды дапамагае, калі ты жывеш ва ўмовах дыктатуры, аўтарытарнай сістэмы. Таму што дыктатура гэта, як правіла, прымітыўныя стварэньні. Людзі, якія вакол гэтай дыктатуры, на чале яе - ня самыя разумныя людзі. І я ўжо за гэтыя некалькі тыдняў падпісала некалькі лістоў, у абарону афіцэра ўкраінскай арміі Надзеі Саўчанкі, яшчэ, але заўсёды, падпісваючы, усё роўна адчуваеш нейкі адчай: як мала могуць сёння добрыя людзі.Алексіевіч і «стрэлы нянавісьці»
6 сьнежня 2015
Сяргей Дубавец, Менск
Трэба прызнаць, што сёлетні выбар літаратурнага набэліста — найбольш зьмястоўны за апошнія гады.
Прынамсі на такую думку наводзяць некаторыя камэнтары на сайце Свабоды, тыя «стрэлы нянавісьці», якія выпускаюцца ў мішэнь-Алексіевіч безь ніякіх шанцаў даляцець да мэты.
Нават не магу прыгадаць роўнага выпадку, калі б згоду і нязгоду выклікала ня столькі асоба ляўрэата і характар пісьма, колькі знакі часу, маркеры чалавека і болевыя кропкі сьвету. Мы спрачаемся пра «чырвонага чалавека», «русский мир», лукашэнкаўскі аўтарытарызм і тыя маральныя і псыхалягічныя эпідэміі, што працягваюць гуляць на прасторы Зямлі, пра граблі, граблі і яшчэ раз граблі. Мяняецца матэрыял, зь якога яны зробленыя, колер і кошт, але наступаць на іх ад гэтага беднае чалавецтва не перастае.
Ёсьць, вядома, і тыя, хто пускае «стрэлы нянавісьці» ў талент пісьменьніцы і ў яе «нелітаратурную» прозу, але ў параўнаньні з азначанымі тэмамі гэтыя выпады зусім ужо нікчэмныя, як пакусваньні сябе самога ад злосьці на кагосьці.
Глыбіня і маштаб тэмаў робіць гэтую прэмію ня столькі прыватнай адзнакай канкрэтнага таленту, колькі самастойнай падзеяй, што здольная ўплываць на лёс краіны, рэгіёну і народаў, якія жывуць тут.
Чыста па адчуваньнях, Алексіевіч зрабіла сябе як набэліста сама. Гэта і вялізная праца, і ўнікальная здольнасьць фармаваць сытуацыю і прастору вакол сябе і свае творчасьці. У гэтым сэнсе Алексіевіч таксама цяжка параўнаць з кім-небудзь зь яе папярэднікаў.