Дынько
: Вы распавядалі пра вашага аднавяскоўца Пятра Сільвестравіча, які вельмі любіць Лукашэнку і перакананы, што той выяўляе яго памкненьні. Дык, можа, сапраўды Лукашэнка — народны прэзыдэнт?Алексіевіч
: Гэта праўда. Ён (Лукашэнка. — РС) абсалютна крыштальна адлюстроўвае ўзровень нашага народу. Іншая справа, што нам усё ж патрэбны Вацлаў Гавэл. Чалавек, які ішоў бы наперадзе. Нельга ісьці на повадзе ў масавай сьвядомасьці. У нас ёсьць моцныя людзі. Трэба даць шанец грамадзтву прыйсьці ў рух, загаварыць, выбіраць. Тады і зьявіцца гэты чалавек. Яго нельга прызначыць.Але я ўпэўненая, што калі б былі сумленныя і свабодныя выбары, калі б быў не ручны, а сапраўдны парлямэнт, мы б пабачылі абсалютна новых людзей — цікавых, моцных. Гэта без сумненьняў.
Іскра Алексіевіч па-новаму асьвеціць Беларусь
6 сьнежня 2015
Карл Гершман, Вашынгтон
У чацьвер Нобэлеўскі камітэт перадасьць прэмію па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч, пісьменьніцы зь Беларусі, якую часам называюць «апошняй дыктатурай Эўропы». У адрозьненьне ад бальшыні аўтараў, якія атрымлівалі гэтую прэмію, Алексіевіч ня піша ні прозу, ні паэзію. Яе кнігі заснаваныя на размовах са звычайнымі людзьмі, якія гавораць ад свайго імя пра траўмы найноўшай гісторыі Беларусі, улучна з Чарнобыльскай катастрофай, вайной у Афганістане і досьведам існаваньня ў «скрыўленым часе» пры дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя «галасы ўтопіі», як яна іх называе, дакумэнтальна фіксуюць «homo sovieticus’а», сьведчаць пра сьвядомасьць людзей, якія жывуць у, як яна гэта называе, «часе second-hand... старых, старых забабонаў».
Цэнтральная ідэя Алексіевіч палягае ў тым, што посткамуністычныя краіны, накшталт Беларусі — яна ўлучае сюды таксама Расею і Ўкраіну — ня стануць свабоднымі і дэмакратычнымі, калі народы гэтых краін ня вызваляцца ад разбуральнай савецкай спадчыны, якая ўплывае нават на маладых людзей, якія ніколі не жылі пры камунізьме. Адна справа прыбраць вонкавыя атрыбуты камунізму, кажа яна, «але зусім іншая — вырваць яго з сваёй душы».
Яе не пакідае надзея, бо людзі, чый балючы досьвед яна запісала ў сваіх кнігах, выяўляюць «сілу чалавечага духу». Але яна ведае таксама, што пакуль калектыўная памяць пра даносы, гулагі, прымусовую калектывізацыю і перакручаную орвэлаўскую праўду ня будзе пастаўленая пад пытаньне, ня стане прадметам дыскусій і вывучэньня, постсавецкае жыцьцё будзе заставацца «сумесьсю турмы і дзіцячага садка».
Лукашэнка, архетыпічны «савецкі чалавек» робіць задачу такога праўдзівага разбору вельмі цяжкай. Ён быў абраны прэзыдэнтам два дзесяцігодзьдзя таму дзякуючы абуджэньню настальгіі па савецкіх часах, ён карыстаецца дзяржаўным кантролем над усімі электроннымі СМІ і адукацыйнымі ўстановы Беларусі, каб прасоўваць савецкую ідэалёгію, асабліва па тэме Вялікай айчыннай вайны, як «рускі мір» называе Другую сусьветную вайну.
Як цьвердзіць гісторык Тымаці Снайдэр, ніводная краіна не зазнала ў вайну такога праліцьця крыві i разбурэньняў, як Беларусь, «цэнтар канфрантацыі паміж нацыстоўскай Нямеччынай і Савецкім Саюзам». Адна пятая з дзесяцімільённага насельніцтва была забітая, яшчэ траціна была дэпартаваная ў якасьці прымусовай працоўнай сілы, або ўцякла з краіны. Тым ня менш, піша Снайдэр, рэжым зрабіў з гэтага разбуральнага канфлікту аб’ект настальгіі, «ператварыўшы попел ваенных пакутаў у золата палітычнай вартасьці». Тэма вайны ўжываецца ня толькі каб уславіць гераізм савецкіх салдатаў, але і каб сьцерці з памяці злачынствы сталінізму, на сумленьні якога да 1,6 мільёна ахвяраў у Беларусі падчас Вялікай Чысткі 1937–1941.
Рэжым Лукашэнкі не адчувае сабе ніякай пагрозы, бо рэпрэсіі ў Беларусі спараджаюць страх і апатыю, і, як зазначае Алексіевіч, грамадзтва застаецца разьяднанае і зьнявечанае. І ўсё ж пры гэтым яна верыць, што «зьяўляюцца новыя людзі з грамадзянскай сьмеласьцю». Патэнцыйных прыхільнікаў пераменаў выяўляюць сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх палова насельніцтва адчувае, што краіна ідзе ў няправільным кірунку, а 84 працэнты хочуць рэформаў; іх можна бачыць і ў прадстаўніках грамадзкіх рухаў, якія штогод арганізуюць мітынгі памяці ў Курапатах, месцы масавых пахаваньняў ахвяраў чыстак.