Некалі раскажуць і беларусы.
І пра Скарыну, і пра Чарнобыль, і пра літаратурнага Нобэля.
Пагатоў нікуды ад нас ужо ня дзенуцца ні першы, ні другі, ні трэці. Назаўжды.
«Было б дзіўна, калі б я гаварыла
ў вечаровай сукенцы і дэкальтэ
пра Чарнобыль»
5 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Менск-Стакгольм
Сьвятлана Алексіевіч прыбыла ў аэрапорт разам са сваёй пляменьніцай Натальляй, яе дачкой Янай і мужам Натальлі. Але яны толькі праводзілі ляўрэата. А ў Стакгольм разам з Алексіевіч ляцяць драматург Юлія Чарняўская і яе муж, заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер.
Сьвятлану сустрэлі на стойцы рэгістрацыі «Белавія». Яе правялі ў бізнэс-залю, дзе яна чакала пасадкі. Алексіевіч было вырашана падвезьці да трапа асобым транспартам — гэткі клопат з боку «Белавія».
Журналістам Сьвятлана сказала, што пачала зьбіраць валізкі ў дарогу толькі а другой гадзіне ночы. Выступаць з нобэлеўскай лекцыяй яна будзе не ў сукенцы, а ў касьцюме з штанамі:
«Я пішу пра даволі страшныя рэчы. І было б дзіўна, калі б я гаварыла ў вечаровай сукенцы і дэкальтэ пра Чарнобыль».
Алексіевіч адказала на пытаньні журналістаў. Адно зь іх тычылася таго, як яна рэагуе на тое, што беларускія тэлеканалы адмовіліся трансьляваць уручэньне ёй Нобэлеўскай прэміі. Пісьменьніца адказала, што для яе гэта было відавочна. Яна зьвязвае гэта з асабістым стаўленьнем да яе беларускага прэзыдэнта:
«Гэта, мабыць, рэўнасьць. Ён у нас адзін. Мяне цешыць, што людзі на гэта рэагуюць. Яны мяне сустракаюць.
А што прэзыдэнт? Які страшны быў Сталін. І дзе ён? Дзе Брэжнеў? Дзіўна, што аўтарытарныя кіраўнікі гэтага не разумеюць».
Спадарыня Алексіевіч таксама сказала:
«У нас павінна быць культура. І гэта мусіць вырашаць улада, а не адзін чалавек. А ў нас улада — адзін чалавек. Таму ўсё залежыць ад яго, як у партызанскім атрадзе».
Нобэлеўская ляўрэатка сказала, што ніякіх афіцыйных віншаваньняў ад беларускай улады яна дагэтуль не атрымлівала. А прадстаўнікі беларускай амбасады ў Швэцыі не зьвярталіся да яе з нагоды нобэлеўскіх мерапрыемстваў.
У пісьменьніцы запыталіся, ці сустракалася яны калі-небудзь асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам. Яна адказала адмоўна і дадала, што цяпер ужо і ня варта сустракацца, калі мужчына так сябе паводзіць.
Было таксама пытаньне: што вы адкажаце тым, хто ўпэўнены — беларускі пісьменьнік павінен пісаць на беларускай мове. На гэта Алексіевіч адказала, што яна пісала пра ўтопію. А ўтопія не гаварыла па-беларуску. Утопія гаварыла па-расейску.
«Калі б я была прэзыдэнтам, пастаралася б, каб грамадзтва пачало рухацца»
5 сьнежня 2015
Аляксандра Дынько, Стакгольм
Сьвятлана Алексіевіч прыляцела сёньня ў Стакгольм у бізнэс-клясе авіякампаніі Белавія. Супрацоўнікі аэрапорту суправадзілі Сьвятлану ў залю чаканьня бізнэс-клясы, а да борта даставілі яе на асобным аўтамабілі.
Капітан самалёта павіншаваў пісьменьніцу з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі. На фоне ігнараваньня перамогі афіцыйнымі ўладамі і адмовай тэлеканалаў трансьляваць цырымонію ўзнагароджаньня, такія ўчынкі выклікаюць зьдзіўленьне і павагу. У самалёце Сьвятлана атрымала запіску зь віншаваньнямі ад дзьвюх швэдак, якія ўжо 16 гадоў дапамагаюць беларускім рэгіёнам, што пацярпелі ад Чарнобылю. «Цяпер усе ў Швэцыі гавораць пра Беларусь», — кажуць гэтыя жанчыны.
Сьвятлана нікому не адмаўляе ў гутарцы, аднак кажа, што такая публічнасьць даецца ёй цяжка. Сама яна трымаецца вельмі бадзёра і рашуча, хоць раней і скардзілася на праблемы са здароўем. «А хто мяне з Лукашэнкам параўноўваў?» — найперш рэагуе Сьвятлана на маю просьбу адказаць на нашы пытаньні, згадваючы мой артыкул напісаны пры канцы 90-х. Я параўноўвала, але цяпер час іншых пытаньняў.
Дынько
: Ваш цыкль пра «ўтопію» завершаны, але ці скончаная гісторыя «чырвонага чалавека»?Алексіевіч
: Гісторыя «чырвонага чалавека» яшчэ будзе доўгая і без крыві не абыдзецца. І ва Ўкраіне і ў нас. Я сваю працу скончыла. Усё, што я магла сказаць пра гэтага чалавека, я ўжо сказала. У мяне была свая ідэя, на гэтым матэрыяле можна было напісаць сотні кніг, сотні «салжаніцыных» маглі б працаваць. Я прайшла свой шлях.Дынько
: І хто ідзе яму на зьмену? Ці Вы бачыце ўжо новага чалавека, годнага дасьледаваньня?