Алексіевіч
: Ён і цяпер выйграе. І тое, што Лукашэнка кажа, што рэформаў ня будзе, гэта тое, што кажа мой сусед у вёсцы Пятро Сільвестравіч. Ён кажа тое, што кажа народ, у Лукашэнкі вялікае чуцьцё. У выніку мы спазьняемся, хаця мы і так нацыя, якая спазьняецца. Усё больш страху — і Майдан, і Данбас, і Сырыя, і цяпер Парыж. Я думаю, гэтыя фактары згуртуюць людзей вакол прэзыдэнта. Тым больш ён дэманструе тып кіраўніка культу сілы, упэўненасьці такой, і, я думаю, ён далей гэта будзе дэманстраваць. І народ будзе аб’ядноўвацца менавіта вакол такіх лідэраў. Бо сёньня ня час Вацлава Гаўла, а час Пуціна, Лукашэнкі, час сілы. І гэта як мастак я ўспрымаю як паразу, але спадзяюся, што гэта часовае.Дашчынскі
: Ці можа Эўропа ісьці на нейкія саступкі такім, як Лукашэнка?Алексіевіч
: Я думаю, што ў Эўропе гэтыя саступкі маларэальныя. Там ня так лёгка ўраду зрабіць нейкі жорсткі крок. Тут Лукашэнка вырашыў, раніцай падпісаў указ — і ўсё. Там гэта ўсё грамадзтва абмяркоўвае вельмі доўга, розныя партыі, рухі, розныя лідэры. Я тры гады жыла ў Парыжы, я гэта ведаю. Ня так проста з пазыцыі сілы зрабіць нейкія рэчы. Вось Пуцін гэта можа зрабіць. У Эўропе гэта ня так лёгка. І потым людзі выхаваныя ў іншым духу. Я бязь сьлёз не магла глядзець, калі яны ідуць, твары ў крыві і сьпяваюць «Марсэльезу». Яны ж не крычаць нейкія словы нянавісьці. Яны кажуць не. Мы не здамося, мы не аддамо тое, што ў нас ёсьць. Менавіта нашы каштоўнасьці найперш.Дашчынскі
: А вам не хацелася б апісаць гэта ў новай кнізе?Алексіевіч
: Усё, што я хацела, я зрабіла за гэтыя амаль 40 гадоў. Гісторыя чырвонай утопіі — гэта была мая ідэя. А так я не журналіст. Тое, што вы мне прапануеце, — журналісцкі падыход да асьвятленьня падзей. Тое, што я зразумела пра дабро і зло менавіта на глебе расейскага бальшавізму, я гэта зрабіла.«Надзея Саўчанка стала ўкраінскай Жаннай д’Арк»
2 сьнежня 2015
Іна Студзінская, Менск
2 сьнежня ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч перадала для ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая цяпер у расейскай турме, свае кнігі «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі» і «Чарнобыльская малітва», а таксама ліст да яе.
Сьвятлана Алексіевіч назвала Надзею Саўчанку «ўкраінскай Жаннай д’Арк» і выказала словы павагі і ўдзячнасьці:
«Я вельмі захапляюся Надзеяй Саўчанкай, гэта чалавек, які абараняе сваю радзіму, сапраўдны салдат. Асабліва гэта зразумела ў Беларусі, дзе была партызанская вайна, калі велічэзная дзяржава навальваецца на іншую дзяржаву, менш падрыхтаваную да вайны. Тады ўсё залежыць ад мужнасьці асобных людзей, ад самаахвярнасьці. Зразумець гэта складана ў мірны час. Я разумею, як гэта няпроста — сёньня паміраць. Тым больш, што ўкраінская армія аказалася непадрыхтаваная да такой маштабнай інтэрвэнцыі.
Хутчэй за ўсё, тыя мужчыны, якія яе захапілі, падумалі, што яна проста баба. Я сама была на вайне ў Афганістане, калі пісала кнігу „Цынкавыя хлопчыкі“, і ведаю, як мужчыны ставяцца на вайне да жанчыны — крыху высакамерна. Яны думалі, што гэта баба, а Надзея аказалася ўкраінскай Жаннай д’Арк. Гэта сымбаль барацьбы ўкраінскага народу».
Народнага дэпутата Ўкраіны, лётчыцу Надзею Саўчанку ў Расеі абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве двух супрацоўнікаў расейскага тэлебачаньня, якія летам 2014 году нелегальна знаходзіліся пад Луганскам і трапілі пад артылерыйскі абстрэл. Саўчанка абвінавачаньні адмаўляе.
Што будзе далей з Надзеяй Саўчанкай, які лёс яе чакае — прадказаць цяжка, мяркуе Сьвятлана Алексіевіч:
«Гэта залежыць ад міжнароднай каньюнктуры — ці яе памяняюць на кагосьці, ці проста адпусьцяць. Гэта цяпер незразумела, як незразумелая і геапалітычная мапа ў сьвеце, якая мяняецца кожны дзень. Вось Сырыя і ні з пушчы ні з поля Турэччына раптам сталі ворагамі. Расея цяпер апынулася ў коле ворагаў, і гэта знаёмая формула для Расеі.
Надзя — карта ў гэтай гульні, невялікая, але сур’ёзная карта. Яна паводзіць сябе так, што гэта каштуе ёй жыцьця, я ведаю, як яна галадала, я памятаю яе першы допыт — гэта была неймаверная годнасьць!