Вось яно што: праціўнікі беларускага Нобэля могуць называць у якасьці прэтэндэнтаў чые заўгодна імёны — самых годных Петрушэўскай, Бітава і Іскандэра — але ўсё роўна прымяраюць карону на сябе. У тым сэнсе, што, эх, няхутка, глядзіш, я і не дажыву да Нобэля. Можа, і не дажыве...
Дарэчы, наконт «не дадуць сваім» — гэта няпраўда, нягледзячы на расейскамоўнасьць Алексіевіч. Паміж прэміямі Пастэрнаку і Шолахаву прайшло восем гадоў, паміж прэміямі Шолахаву і Салжаніцыну — пяць. І гэта ўжо ня кажучы пра тое, што беларускі пісьменьнік — зь іншай краіны. Цікава, што б яны казалі, калі б на прэмію прэтэндавалі расейскамоўныя Марыям Петрасян (Армэнія), Алена Бачарышвілі (грузінка, якая жыве ў Канадзе) і Міхаіл Шышкін, які жыве ў Швэйцарыі? Думаю, было б менш прэтэнзіяў. Таму што яны ня «нашы», а Алексіевіч, якая пісала пра дзьве вайны, павінна быць «наша, руская, раз беларуска», ажно вось думае і піша не па-нашаму. Тое, што «рускі» і «беларускі» для сьвядомасьці абывацеля адно і тое ж — гэта чакалася. Нечакана, што сынонімамі іх лічыць частка літаратурнай эліты.
Алексіевіч — спадкаемца некалькіх школ: зусім ня толькі расейскай клясыкі, але і беларускай франтавой прозы, і заходняй экзыстэнцыяльнай літаратуры. Вось дзьве апошнія часткі сынтэзу і раздражняюць. Для пуцінскага «рускага сьвету» Беларусь па-ранейшаму частка Расеі. «Малодшы» брат — здраднік «старэйшага». А Захад — вораг апрыёры.
Адсюль прэтэнзія № 3. Русафобія
Вось што піша сустаршыня Саюзу пісьменьнікаў Расеі Ўладзімір Крупін: «Нобэлеўскую прэмію заўсёды ўручаюць у сьвятле палітычных матываў... Заслужана ўручылі Нобэля толькі Шолахаву, дый тое з-за таго, што спалохаліся савецкіх ракет на Кубе... Прэмію ўручалі Буніну за яго «Акаянныя дні», дзе ён лае Расею, Пастэрнаку ўручылі за іншадумства, а так ён слабенькі празаік і не высокага кшталту паэт». Мяркуючы па ўсім, Пастэрнака Крупін так і не знайшоў час прачытаць, але асуджае. А Буніну прэмія была ўручана з фармулёўкай «за строгае майстэрства, зь якім ён разьвівае традыцыі расейскай клясычнай прозы» і «за праўдзівы артыстычны талент, зь якім ён узнавіў у мастацкай прозе тыпова рускі характар». Сам Бунін лічыў, што яго ўзнагародзілі за «Жыцьцё Арсеньнева».
На думцы Праханава і спыняцца не варта: Праханаў, як той казаў, ён і ў Афрыцы «Господин Гексоген»: усе мы ведаем, што ён можа сказаць. Тое і кажа.
Самы адораны з «почвенников», безумоўна, — Прылепін. Летась на «Вялікай кнізе» чытачы яго пакрыўдзілі, аддаўшы перавагу Алексіевіч. Журы вырашыла ўсё правільна, па-прылепінску (а ці магло быць інакш?), «але асадачак застаўся». Вось і піша цяпер: «Акадэмікі... выбралі самы недарэчны, самы ўбогі варыянт: даць прэмію добрай журналістцы, якая больш за ўсё слаўная сваімі нават для людзей яе перакананьняў надзіва банальнымі інтэрвію з прыпевам: „Расея ўсіх забіла, забіла, забіла, заўсёды ўсіх забівала і будзе забіваць, спыніце гэтае зло, гэтыя рабы, яны ніколі не перастануць быць рабамі, там Сталін і папы, і вы ведаеце, чым усё гэта сканчаецца, і асабліва я ведаю”...»
Прылепіну, якога ўздымаюць у жывыя клясыкі, відавочна здраджвае густ (дарэчы, і без таго найбольш уразьлівая грань ягоных здольнасьцяў). Вось чытаеш гэтае «слаўная сваімі нават для людзей яе перакананьняў надзіва...» — і дзіву даесься: няўжо гэта той самы, безумоўна, таленавіты чалавек, які калісьці напісаў «Санькю» — хоць гэта, як сказала пра Алексіевіч Уліцкая, «ня мой кандыдат». «На самой справе гэтая прэмія — Расеі, — усклікае Прылепін. — Яе незалежнасьці, яе ўплыву, яе месцу ў сьвеце. Дарэчы, хочаце прагноз? У бліжэйшы год прэмію дадуць чалавеку якога-небудзь трэцяга ці пятага полу».
У асобе Прылепіна — каторы ўжо раз — паўтараецца сумная гісторыя самародка, занадта вернападданага, каб аказацца золатам. Зрэшты, галоўны рэдактар улюбёнай некалі інтэлігенцыяй «Літаратуркі» Юры Палякоў бярэ круцей: на яго думку, Алексіевіч атрымала Нобэля, таму што Расея пачала бамбіць Сырыю. І няважна, што Алексіевіч ужо колькі гадоў была ў «шорт-лістах» прэміі і што канчатковае рашэньне Нобэлеўскага камітэту прымалася на пачатку верасьня, а першае бамбаваньне адбылося 30 верасьня.
У гэтым лягеры і Касандра мужчынскага полу Халмагораў, які лічыць, што прэмія — вынік «флірту» Лукашэнкі з Захадам. Мабыць, ён мяркуе, што Сьвятлана Алексіевіч — улюбёны аўтар прэзыдэнта нашай краіны...