Разумеюць і расейскія. І калі дэмаркацыйная лінія «Алексіевіч» для шмат каго з нас пасьля Нобэля згладзілася, то ў Расеі, наадварот, паглыбілася і прадэманстравала разрыў, які існаваў у Расеі зь пятроўскіх часоў: разрыў «почвенников» і «западников».
Ня буду, як сёньня заведзена, ганіць усю Расею ва ўсе часы. Ня стану паўтараць мантру пра імпэрскія амбіцыі расейцаў, якія ўласьцівыя ім нібыта «генэтычна»: я знаёмая з многімі рускімі людзьмі, якія ня ведаюць, куды схаваць вочы ад болю і сораму за тое, што цяпер адбываецца ў іх краіне. Гэта Макарэвіч навідавоку, а колькі людзей для нас не заўважныя? Нават калі іх усяго 15%, то ад 146 355 892 чалавек насельніцтва — выходзіць немалая лічба. Я нават ня буду ганіць ахвяр пуцінскай прапаганды: калі б сядзелі на троне Абама ці Мэркель, яны б з тым самым даверам ставіліся да іх, як цяпер — да Пуціна. Маўклівая большасьць у гэтым пытаньні падобная паўсюль. Важна — хто вядзе.
Але вядзе ня толькі Пуцін, але і цьвет нацыі — інтэлектуалы. У Расеі, традыцыйна літаратурацэнтрычнай краіне, гэта, у першую чаргу, пісьменьнікі. Таму я буду казаць пра іх, а таксама пра крытыкаў, літаратуразнаўцаў, прафэсараў-гуманітарыяў і іх стаўленьне да беларускага Нобэля і набэліяткі. Таму што гэта квінтэсэнцыя такога расколу ў творчым асяродзьдзі, які нам, беларусам, нібыта «нацыі з расколатым мысьленьнем», і ня сьніўся. Мы — хоць на ўзроўні асабістых адносін не-не дый знойдзем кампраміс. У Расеі — краіне велізарных прастораў і ўсялякіх крайнасьцяў — гэта нашмат больш складана. Так што крытыка і Нобэлеўскага камітэту, і Алексіевіч прыкра нагадвае бойку падчас застольля.
Сьпярша дамо слова «почвенникам» або «неопочвенникам»: ім паложана, яны больш прыродныя, брутальныя і, галоўнае, старажытныя па паходжаньні і «рускаму духу», уваскрашэньнем якога вельмі ганарацца. Якія прэтэнзіі яны выстаўляюць Нобэлеўскаму камітэту і самой Алексіевіч? Як і мае быць у правільным застольлі, пачнём са слабейшага градуса, а павышаць яго будзем паступова.
Прэтэнзія № 1. Жаночая проза
Вось жа, карыфэй Эдуард Лімонаў. Тое, што былы дысыдэнт перакаваўся ў нацболы, — не неспадзяванка. Чалавек, які не дамогся посьпеху на Захадзе, па праве героя вяртаецца на радзіму і абараняе яе так, што рукі трасуцца, а зубы скрыгочуць. Таму і сьцьвярджае: «Я не цаню, па-першае, Нобэлеўскую прэмію, а па-другое, не цаню і Сьвятлану Алексіевіч». Мае права. Неспадзяванка толькі ў тым, што Алексіевіч ён называе «зоркай для хатніх гаспадынь» і «траваеднай хатняй гаспадыняй». Чаму былы «Эдичка» вырашыў, што хатнія гаспадыні (у ягоным разуменьні, мабыць, усе яны сэнтымэнтальныя і дурныя) чытаюць Алексіевіч — загадка. Такія ўяўныя жанчыны, хутчэй, будуць чытаць «50 адценьняў шэрага». А калі ўспомняць пра прозу Лімонава — дык эпізод пра сэкс ягонага лірычнага героя з выпадковым цемнаскурым мужчынам, альбо іншы, дзе нейкая дама мастурбуе, прыпусьціўшы нячыстыя трусікі. Наўрад ці яны прачытаюць па-сапраўднаму добрую кнігу Лімонава «У нас была вялікая эпоха». Яе тэматыка ў чымсьці перагукаецца з матывамі Алексіевіч: маленькі чалавек у таталітарным сьвеце. Але здарыўся пераварот: цяперашні Лімонаў прагне менавіта гэтага, таталітарнага сьвету, а Алексіевіч — не. Баюся, толькі зайздрасьць можа засланіць вочы настолькі, каб можна было напісаць: «Адзіная праца пісьменьніцы, якая выклікала хоць нейкае ажыўленьне, — “Цынкавыя хлопчыкі”. Але гэта было ў канцы 1980-х, і кніга даўно састарэла». Па-першае, не адзіная, па-другое, пра якое састарэньне можа ісьці гаворка цяпер, калі расейскія хлопчыкі зноў у баі? Зноў забіваюць. І іх забіваюць таксама. І прысылаюць дадому ў трунах.
Алексіевіч піша пра рэальнасьць вайны, Чарнобылю, Афгану, краху імпэрыі. Гэтыя тэмы выдатна разумеюць у Эўропе, але іх развучыўся разумець Лімонаў. Ён заняты больш важнымі справамі, уладкоўвае Расею: клапоціцца аб перанясеньні сталіцы ў Паўднёвую Сібір, аб павышэньні падаткаў, увядзеньні падатку на раскошу і г. д.
Прэтэнзія № 2. Публіцыстыка