І тут мы плаўна пераходзім да прэтэнзіі № 4, прамоўленай зноў жа вуснамі сп. Халмагорава: «незалежныя» расейскамоўныя аўтары вельмі любяць умешвацца ў палітыку краіны і народу, ад якога яны аднезалежыліся, — піша ён. — А трэба ў Беларусі ня так ужо і шмат. Пастаянная падтрымка той часткі інтэлігенцыі, якая арыентаваная на Расею і рускі сьвет. Пасьлядоўнае падтрыманьне ідэі еднасьці рускай зямлі і рускага праваслаўя ва ўсе эпохі. Ахова памяці пра рускіх герояў, якія баранілі беларускі народ ад палянізацыі — мітрапаліта Ёсіфа (Сямашку) (ганьба, што ён дагэтуль не кананізаваны РПЦ), Міхаіла Мураўёва, якому няма ніводнага помніка, гісторыка Міхаіла Каяловіча...». Паказальны падбор імёнаў, хоць, вядома, заходнерусіст Каяловіч менш адыёзны, чым «вешальнік» Мураўёў і мітрапаліт Ёсіф, якога яшчэ Герцэн называў «у Юдзе здраднік, кат, які заслужыў эўрапейскую вядомасьць» (артыкул «Секущее православие» ў лонданскім «Колоколе»). Гэта і ёсьць тое, што трэба беларусам? А што, калі яны ня згодныя зь Ягорам Халмагоравым? Але Халмагорава не хвалюе, што думаюць беларусы. Ён ужо абвясьціў нам сваю адзіна слушную праўду, і, мабыць, палічыў бы, што «торг тут не да месца».
Словам:
«У поэтов есть такой обычай —
В круг сойдясь, оплевывать друг друга» (с).
Гэтыя аўтары пішуць ад імя Расеі — і настолькі ўпэўнена, што можа скласьціся ўражаньне: усе расейцы лічаць так. Няпраўда. Ня ўсе.
Вось адказ расейскага палітычнага журналіста і пісьменьніка Алега Кашына: «Чалавек зь Беларускай ССР, Алексіевіч, якая піша на расейскай мове, належыць да таго адгалінаваньня савецкай расейскамоўнай культуры, якое і ў савецкія гады, калі яго прыкрываў статус саюзнай рэспублікі, існавала аўтаномна і магло сабе дазволіць больш, чым было прынята ў Маскве, прычым (і гэта ўнікальная беларуская рыса) ніякіх абавязковых вышыванак і іншых паказных этнічных аксэсуараў на гэтую культуру накладзена не было... ня менш важна тое, што Сьвятлана Алексіевіч ня мае наогул ніякага дачыненьня да цяперашняй Расейскай Фэдэрацыі. Яна ніколі ў ёй не жыла, яна вольная ад партыйных і групавых абавязаньняў і абмежаваньняў, накладзеных рознай сілы акалічнасьцямі на ўсіх іншых гульцоў на расейскім культурным полі... З Нобэлеўскай прэміяй Алексіевіч сёньня ж зможа прэтэндаваць на лідэрства ў альтэрнатыўным рускім сьвеце — у тым, дзе слова «людзі» пішацца зь вялікай літары, дзе няма каштоўнасьці вышэйшай, чым чалавечае жыцьцё, і дзе Эўропа — не садомскі запаведнік граху, а родны дом для кожнага чалавека расейскай культуры».
Падобнай думкі прытрымліваецца і Андрэй Архангельскі, які назваў творчасьць Алексіевіч «гуманістычным сыгналам сьвету»; і Дзьмітры Быкаў, які казаў пра яе «дзіўнае ўменьне адчуваць болевы нэрв эпохі і пранікаць у самыя цёмныя зоны змаўчаньня»; і Людміла Ўліцкая, якая «рада за расейскую літаратуру і за беларускую літаратуру»; і знакаміты булгакавазнаўца Марыэта Чудакова («У сваіх кнігах яна закранае тое, над чым усе мы думаем і ніяк ні да чога ня можам прыйсьці: што ж такое адбываецца, чаму людзі, зусім абыякавыя да відавочна жудасных рэчаў, якія адбываюцца, усё ўхваляюць?»). Гэта і Барыс Мінаеў, які называе Алексіевіч «жывым клясыкам» і лічыць ганебнай рэакцыю Прылепіна з Халмогоравым і да іх падобных. Так лічыць доктар філялёгіі Гасан Гусейнаў, які адзначае ўнікальнасьць беларускай самасьвядомасьці Алексіевіч, да таго ж перададзенай на інакшай расейскай мове, чым у Расеі. У ліку тых, хто радуецца Нобэлю-2015 — і пісьменьнік Павал Басінскі, які тлумачыць недасьведчаным, што жанр verbatim даўно ўжо прызнаны сьветам, і толькі на постсавецкай прасторы пра гэта ня ў курсе (у гэтым мы, як заўсёды, «паперадзе плянэты ўсёй»). І пісьменьнік Дзяніс Драгунскі, які настойвае на тым, што «“Бесаў” Дастаеўскага, напісаных пад уражаньнем ад нячаеўскага працэсу, таксама можна назваць дакумэнтальнай прозай». «Прэміі вартая добрая проза, — заключае ён. — А проза Алексіевіч — на мой погляд, проста выдатная».
Найбліжэйшы да разуменьня прозы Алексіевіч, на мой погляд, іншы Архангельскі — Аляксандар: «Сьвет Алексіевіч часта бывае ня вельмі прыемны: ён прыглушаны, яркія фарбы ў ім немагчымыя, але і чорна-белай графікі тут таксама няма. Калі ўжо шукаць нейкае параўнаньне з мастацтвам, то яе невясёлая проза нагадвае выцьвілыя фрэскі. Гэта было. Гэта ня скончылася. Гэтага няма. І праславуты дакумэнталізм, якім яе папракаюць у Расеі, — ня проста мэтад збору матэрыялу, але і адзіна магчымы стыль для выражэньня такога жаху — які вечна згасае. Ён... набліжае да гэтага бледнага і няшчаснага жыцьця, голасам якога стала шмат гадоў таму Алексіевіч. Яна несупынна прамаўляе катастрофу, і пакуль пісьменьніца не змаўкае, катастрофа нас ня зможа паглынуць. Праўда, і скончыцца — ня зможа...»
Так што, на шчасьце, існуе і іншы рускі сьвет — той, пра які кажа сама Алексіевіч: «Я люблю добры гуманітарны рускі сьвет, перад якім схіляецца ўвесь сьвет. Перад літаратурай, балетам, музыкай, — сказала яна. — Але не люблю сьвет Берыі, Сталіна, Пуціна».