Я сама напалову ўкраінка, у мяне маці ўкраінка, я вельмі рада, што ўва мне цячэ ўкраінская кроў. Я нядаўна была ва Ўкраіне, была на Майдане, я бачыла гэтых людзей, я схіляю галаву перад Нябеснай сотняй. Гэта героі, гэта людзі, якія былі гатовыя памерці за сваю краіну. Я мела вельмі шмат сустрэчаў з маладымі людзьмі і бачыла гэтыя палымяныя вочы, жаданьне пабудаваць новую краіну. Гэта ўсё складаецца ў мяне ў адзіную карціну, што Ўкраіна будзе вольнай, свабоднай, незалежнай краінай. Іншая справа — хацелася, каб было менш крыві...
Я бачыла, як рэфрыжэратары развозілі па Ўкраіне загінулых герояў, украінскіх салдат. Як беглі да дарогі жанчыны, дзеці, мужчыны станавіліся на калені ўздоўж дарогі — я пра гэта і цяпер бязь сьлёз не магу гаварыць. Што б там ні казалі пра карупцыю, Расею, няўменьне Ўкраіны процістаяць, адсутнасьць моцнай баяздольнай арміі, якую раскралі, іншыя праблемы — але было адчуваньне, што гэта народ».
Украінскія дыпляматы ў лістападзе перадалі нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч кнігу ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі «Сильне ім’я Надія». Легендарная ўкраінка ў знак павагі да Алексіевіч напісала: «Любити свій народ, свою Батьківщину, людей і залишатися людиною!»
Сьвятлана Алексіевіч сказала, што кнігу Надзеі Саўчанкі, якую тая напісала ў вязьніцы, яна прачытала і была вельмі ўражаная:
«Мне вельмі спадабалася, што ў кнізе Надзея такая, як у жыцьці — там усё ёсьць. Яна перадала дух армейскага побыту, годнасьць, пагарду да катаў. Чым страшная таталітарная сыстэма, як цяпер кажуць, — Бэрыі і Сталіна? А хто пісаў даносы, хто ахоўваў, хто зьбіваў ахвяраў, зьдзекаваўся, судзіў? Ёсьць мільёны маленькіх катаў. І гэта яна вельмі добра паказала — наколькі зло банальнае, наколькі яно пранізвае ўсё жыцьцё. Такіх людзей, як Надзя, ня вельмі шмат. І тое, што яны ёсьць, — гэта ратуе нашу агульную годнасьць».
Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валер Джыгун падзякаваў Сьвятлане і выказаў спадзяваньне, што, магчыма, аўтарытэт нобэлеўскай ляўрэаткі паспрыяе вызваленьню Надзеі Саўчанкі.
Сьвятлана Алексіевіч паабяцала, што пасьля ўрачыстасьцяў у Швэцыі і лячэньня ў Ізраілі абавязкова наведае Ўкраіну.
Жывой трансьляцыі нобэлеўскіх урачыстасьцяў на беларускіх дзяржаўных каналах ня будзе
3 сьнежня 2015
Іна Студзінская, Менск
Cьвятлана Краскоўская-Смалонская, прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі, куды ўваходзяць і Першы тэлеканал — «Беларусь 1», культурніцкі тэлеканал «Беларусь 3», адмысловы канал «Культура», сказала:
— У сувязі з наяўнасьцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і юрыдычных пытаньняў і аспэктаў Белтэлерадыёкампанія не плянавала набыцьцё правоў на жывую трансьляцыю цырымоніі ўзнагароджаньня Нобэлеўскай прэміяй за 2015 год. Разам з тым, хачу адзначыць, і радыё-, і тэлеканалы мэдыяхолдынгу будуць шырока асьвятляць гэтую падзею.
— То бок гэта азначае, што карэспандэнты будуць на самой імпрэзе?
— Ну, магчыма.
— То бок яшчэ не дакладна?
— Я ж вам сказала, што мы плянуем шырока асьвятляць гэтую падзею інфармацыйна.
Прэс-сакратар каналу АНТ Юлія Дубоўская паведаміла Радыё Свабода, што жывой трансьляцыі са Стакгольму з цырымоніі ўзнагароджаньня нобэлеўскіх ляўрэатаў ня будзе — ніхто не прапаноўваў тэлекампаніі купіць правы на трансьляцыю, а самі не зьвярталіся. Але асьвятляць падзею інфармацыйна тэлеканал будзе. На пытаньне, ці паедуць у Стакгольм карэспандэнты АНТ, Юлія Дубоўская адказала, што з дакладнасьцю пакуль ня ведае. Але запэўніла, што прынамсі ў інфармацыйных выпусках сюжэты пра ўрачыстасьці ў Стакгольме абавязкова будуць.
Тэлеканал «Белсат», які вяшчае па-беларуску з Польшчы, накіроўвае сваіх карэспандэнтаў у Стакгольм, паведаміў Свабодзе кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў Аляксей Дзікавіцкі.