Проста сумна было чытаць некаторыя выказваньні Сьвятланы Алексіевіч на адрас нацыянальнага руху канца 80-х — пачатку 90-х і яго лідэраў, апагеем непрыманьня якіх назаву параўнаньне з Гамсахурдзія (дзе былы грузінскі прэзыдэнт — дыктатар і падбухторшчык грамадзянскай вайны). Ніводнага доказу, ніводнага факту на карысьць такой ацэнкі пісьменьніца не прыводзіць. Даволі часта яе выказваньні вынікалі з простага няведаньня: напрыклад, яна бачыла памылку БНФ у тым, што той, нібыта, імкнуўся спачатку пабудаваць нацыянальную дзяржаву, і толькі потым — дэмакратычную. Сёньняшняя моладзь, вакол якой штучна ўтвораны інфармацыйны гістарычны вакуўм, можа і ня ведаць, што той самы БНФ якраз дэмакратычныя рэформы вылучаў на першае месца, дамагаючыся і роспуску камуністычнага Вярхоўнага Савету, і прыняцьця Канстытуцыі, якая б гарантавала дэмакратычны шлях разьвіцьця дзяржавы. Так, гаварылася і пра беларускую мову — пра выкананьне Закону, прынятага яшчэ Вярхоўным Саветам БССР, у якім ніводнага «фронтаўца» не было. Моладзь можа гэтага ня ведаць (і ў большасьці — ня ведае), але той, хто хоць мінімальна сачыў за палітычнымі падзеямі — мусіў бы ведаць.
І гэтыя «белыя плямы» ды спрэчныя высновы — побач з філязофскімі, вобразнымі ацэнкамі прыроды чалавека, надзвычай глыбокімі назіраньнямі за трансфармацыяй грамадзтва ў нашыя сапраўды няпростыя, драматычныя часы.
Мне хочацца (магчыма, наіўна) гэткім чынам патлумачыць гэтыя «белыя плямы»: Сьвятлана Алексіевіч не ўключала тэлевізар, ня слухала радыё, не чытала газэт, магчыма, увогуле адсутнічала ў Беларусі ў нейкія лёсавызначальныя моманты 90-ых — апытвала людзей, працавала над сваімі творамі.
Над кнігамі, якія, акрамя ўсяго іншага, узьнесьлі яе на такі п’едэстал, на якім ніхто зь беларусаў яшчэ ня быў. І зь якога яна можа пра Беларусь гэтак гучна сказаць — як ніколі яшчэ не гучала.
Зрэшты, якім бы ціхім голасам, хоць бы і шэптам, ні прамаўляла цяпер Сьвятлана Алексіевіч — кожнае ейнае слова будзе шматкроць узмацняцца.
Гэтую вагу свайго слова пісьменьніца цудоўна ўсьведамляе — тое было бачна на першай прэсавай канфэрэнцыі ў «Нашай Ніве» (усе адразу адзначылі, што Алексіевіч сама выбрала сьціплы пакойчык незалежнай беларускай газэты, хаця ў той дзень магла б разьлічваць на якое заўгодна памяшканьне ў сталіцы).
І мне падаецца, што ніхто зь ліку самых цьвёрдых абаронцаў беларушчыны пасьля таго «нобэлеўскага» дня ня можа папракнуць яе нічым. Старыя спрэчкі павінны застацца ў мінулым.
А ў сёньняшнім дні, і ў будучым, і назаўсёды — Беларусь мае сваю нобэлеўскую ляўрэатку — якая, дарэчы, у дзень свайго трыюмфу прыгадала і Васіля Быкава, і Алеся Адамовіча. А таксама і тое, што яе прадзед вучыўся разам зь Якубам Коласам.
Сьвятлана Алексіевіч і два рускія сьветы
12 лістапада 2015
Юлія Чарняўская
За городом вырос пустынный квартал
На почве болотной и зыбкой.
Там жили поэты, — и каждый встречал
Другого надменной улыбкой.
Аляксандр Блок
«Ну і актыўнасьць, — думаў горка, —
Такая з роду не была.
О, каб і творчая гаворка
На ўздыме гэтакім ішла!..»
Вядзьмак Лысагорскі
Трохі пра факты агульнавядомыя — каб увайсьці ў кантэкст. Нобэлеўская прэмія па літаратуры прысуджаецца з 1901 году. Узнагароджаньне не праводзілася толькі сем разоў: у 1914, 1918, 1935, 1940–1943 гадах. Сто сем ляўрэатаў былі мужчынамі. Наша суайчыньніца Сьвятлана Алексіевіч — толькі чатырнаццатая жанчына-ляўрэат. І, нягледзячы на несканчоныя спрэчкі ў Беларусі — а ці беларуская пісьменьніца Алексіевіч, якая піша па-расейску? — значная частка тых, хто адмаўляе яе «беларускасьць», зьмякчыла сваю думку пасьля Нобэля. Або, прынамсі, цывілізавана павіншавала. Я цяпер кажу не пра форумных хамячкоў, фрыкаў, троляў і да т. п. — а пра публічных асобаў: яны ведаюць пра сваю адказнасьць. Таму што Нобэль для краіны — як ні круці — гэта карона для каралевы. Нездарма цяпер увесь сьвет выстуквае ў Гугле імя «Belarus».
Што гэта значыць? Што на нас цяпер будзе накіраваны пільны позірк Эўропы і сьвету. Магчыма, гэта дасьць магчымасьць пабачыць новыя, пакуль невядомыя камяні ў навюткай беларускай кароне: эх, падбалі б аб перакладах Быкава і Барадуліна — глядзіш, іх было б ужо тры. Але магчымыя новыя, не адкрытыя яшчэ імёны... І новыя пераклады. І ўзьлёты: таму што ўвага сьвету падахвочвае чалавека да дзеяньня. Значна больш рэальнай стала эўрапейская вядомасьць для іншых беларусаў: адзначаная «Нобэлем» ці не — гэта ня важна. Прэмія Сьвятланы Алексіевіч адкрывае нас сьвету — ня толькі з боку Лукашэнкі і БАТЭ, але і з боку дасягненьняў культуры. І магчыма, больш ня трэба будзе тлумачыць іспанскаму службоўцу на рэцэпцыі або амэрыканскаму мэнэджэру, дзе ж такая краіна — Беларусь.
Да ўсяго гэтага, нобэлеўскі ляўрэат — бясспрэчны аўтарытэт, які можа «истину царям с улыбкой говорить», і цары яго — хай зь неахвотай, але чуюць. З нобэлеўскім ляўрэатам даводзіцца лічыцца. І беларускія інтэлектуалы — крытыкі, літаратуразнаўцы, эсэісты, пісьменьнікі, — як правіла, гэта разумеюць: «за» яны ці «супраць».