Каб быў Лукашэнка чалавекам больш тонкім, чуйным, каб зразумеў глыбінны сэнс, абстрагаваўшыся ад антысталінскіх ідэалягічных «жупелаў» — дык загадаў бы выдаць «Час second-hand» мільённым накладам, каб кнігу прачытаў кожны беларус. Бо яна тлумачыць, чаму Лукашэнка (і Пуцін) магчымыя. А ў межах аўтарскага бачаньня — нават чаму яны непазьбежныя і чаму, уласна, нічога іншага і чакаць было ня варта. Кніга тлумачыць нават апошнія, пасьлявыбарчыя «терзания» Лукашэнкі, які насуперак ім жа прызначаным урадоўцам кажа, што ня хоча «рэзаць па жывым». Бо тое жывое — нават ня ўзровень жыцьця, ня грошы, ня статусы, як у гераіні кнігі, якую дзялкі «разьвялі» і адабралі кватэру ў Маскве, а сэнсы жыцьця. Як у таго былога афіцэра савецкай арміі, таксама героя кнігі Алексіевіч — бабло ёсьць, а сэнсу жыцьця няма. Для такіх людзей у Расеі «крымнаш» — гэта вернуты, набыты сэнс. А ў Беларусі — Лукашэнкаў сацыялізм. Гэта ж справядліва, гэта ж па праўдзе.
Як у Багдановіча — і тчэ, забыўшыся, рука. Гэтак і у Алексіевіч — як рацыянальны, сьвядомы чалавек, яна адкідае, крытыкуе парадкі ў сваёй Радзіме. Але як творца, калі руку вядзе ня ўласны розум, а Бог — бадай што апалягетызуе іх.
Паважаю вялікіх беларусаў і беларусак. Але сымпатыі мае — хутчэй на баку таго бізнэсоўца, «буржуя», чый расповед не ўвайшоў у кнігу Алексіевіч. Хоць урокі вялікіх трэба ведаць і ўсьведамляць. Хаця б як пагрозу, як біблійныя «мэнэ, тэкэл, фарэс», напісаныя на сьцяне беларускай гісторыі.
Беларуска на Нобэлеўскім п’едэстале
8 лістапада 2015
Сяргей Навумчык
Уначы званок з Канады (на іншым баку плянэты яшчэ дзень), Івонка Сурвіла: «Толькі што па тэлебачаньні паказвалі інтэрвію з Алексіевіч, прамаўляла яна так цудоўна, сказала пра маленькі і дарагі ёй кавалак зямлі — пра Беларусь, вельмі я ўсьцешаная такімі яе словамі!»
Такія ацэнкі ў першы «пасьлянобэлеўскі» месяц давялося чуць часта — у тым ліку і ад тых, хто раней выказваў сумневы, ці ня будзе ўзнагарода аднесеная ў скарбонку усходняга суседа. І ці захоча сама ляўрэатка лічыць сябе беларускай, а не расейскай пісьменьніцай.
Да ліку гэтых людзей належаў і аўтар гэтых радкоў.
У нечым — дарэмна. А ў нечым — і небеспадстаўна.
Калі знаёмісься, год за годам, з выказваньнямі Сьвятланы Алексіевіч на Радыё Свабода — у інтэрвію, камэнтарах, дыскусіях, — пераконваесься, што ніколі — ні ў дзевяностыя, ні ў нулявыя — пісьменьніца Беларусі не выракалася. У адным з апошніх сваіх інтэрвію Генадзь Бураўкін, які добра ведаў Алексіевіч, наўпрост заявіў, што «яна ніколі не была ворагам беларускай мовы. Іншая справа, што мне было б намнога прыемней, калі б яна карысталася беларускай мовай у сваёй творчасьці — цікавай і таленавітай. Але гэта вельмі тонкія рэчы. Прыкладам, Алесь Адамовіч бліскуча гаварыў па-беларуску, па-беларуску пісаў і свае літаратуразнаўчыя працы. А вось прозу сваю пісаў па-расейску. І калі я пытаўся ў яго, у чым справа, ён адказваў: «Ня ведаю. Вось саджуся за пісьмовы стол, і каб выказацца, мне патрэбна расейская мова». Магчыма, нешта падобнае і ў Сьвятланы».
Вось і адказ на пытаньне пра мову твораў.
Што да тэматыкі, дык маюць рацыю тыя, хто заўважае: у апошняй кнізе Алексіевіч цяжка знайсьці некага, хто ня быў бы расчараваны пераменамі, якія адбыліся пасьля распаду СССР і крушэньня камуністычнай сыстэмы. Хаця бясспрэчна, былі і ёсьць людзі, якія інакш успрынялі тыя часы. А ў Беларусі (як і ва Ўкраіне) былі і ёсьць тыя, хто ня лічыць тыя гады страчанымі найперш таму, што ўдалося дасягнуць незалежнасьці сваіх краінаў. Вось такіх споведзяў — няма ў творах Алексіевіч. Але гэта — безумоўнае і неад’емнае права пісьменьніка, вольнага выбіраць і тэмы, і герояў, і танальнасьць. Сапраўды, дзіўна было б папракаць Дастаеўскага ці Быкава ў тым, што адзін бачыў толькі «цёмныя» бакі Пецярбургу а другі — толькі бруд і кроў вайны. Важна, што атрымалася ў выніку. А вынік такі, што швэдзкія акадэмікі прызналі тэксты Алексіевіч вартымі найвышэйшай літаратурнай узнагароды — той самай, якой былі адзначаны Бунін, Хэмінгуэй, Пастэрнак, Маркес...
Але вось выказваньні палітычнай, грамадзянскай пазыцыі, публічныя ацэнкі — гэта зусім іншае, тут ужо ёсьць права патрабаваць ад таго, хто гэтую пазыцыю агучвае, аб’ектыўнасьці і, як мінімум, адпаведнасьці фактам.