Вы задалі пытаньне наконт гэтага зьніжэньня паказчыку самагубстваў у апошнія гады. Па-першае, я згодная з Вамі — ідзе менавіта адаптацыя да новага жыцьця. І таму прыходзіць нейкая ўстойлівасьць. Разам з тым большасьць моладзі ўжо хоча новага жыцьця, хочуць больш ведаць, больш дзе бываць, рабіць іншым сваё матэрыяльнае жыцьцё. І яны ўжо шукаюць выхады і бачаць іх па-свойму. Магчыма, гэта зьмяншае схільнасьць да самагубстваў. Па-другое, тое, што нарэшце загаварылі аб алькагалізме і робяць першыя крокі, каб зьменшыць гэтую праблему — гэта таксама спрыяе зьмяншэньню колькасьці самагубстваў.
Алексіевіч
: Я ўсё больш схіляюся да таго, што мы ўсе — закладнікі сваёй культуры. Ёсьць праблема адсутнасьці Дому, адсутнасьці сям’і, такое адчуваньне, што маеш справу зь бяздомнымі людзьмі. Нібыта жывуць мужчына і жанчына разам, але спытаеш — ці памятаеце вы дзень вашай першай сустрэчы, дзень вашага шлюбу? У Эўропе гэта людзі памятаюць і сьвяткуюць. А ў нас калі прайшло 10-20 гадоў — ня памятаюць людзі. Дні нараджэньня дзяцей — мужчыны ня памятаюць, кажа — «здаецца, у сакавіку». Нам у Беларусі не хапае мастацтва жыцьця. Ня проста пабег на трактар, на завод, а потым зь сябрамі «адарваўся» ў лазьні ці ў падваротні «на траіх». Дзякаваць Богу, цяпер ужо сядзяць у нейкіх «забягалаўках», хоць нейкая культура, лепш, чым за кіёскам выпіць. У людзей няма адчуваньня, што гэта — адзінае жыцьцё, што ў ім ёсьць радасьці акрамя выжываньня. Тое, што грэкі называлі «мастацтвам жыць», у нашай культуры адсутнічае.У нас ёсьць геніяльны досьвед выжываньня. Філязофію жыцьця памянялі на філязофію выжываньня. Менавіта таму і ўвесь час прыгадваем вайну. Гэта нейкая пастка для нашай культуры. Ёй закрываюцца ўсе праблемы і на ўзроўні дзяржавы, і ў сям’і, асабліва калі ў ёй ёсьць стары чалавек. У Эўропе сапраўды ўжо не гавораць пра вайну, хоць шмат людзей, якія перажылі яе, у Эўропе ж сярэдні ўзрост значна большы. І жахліва перажылі, хай гэта і непараўнальна з нашым савецкім досьведам, з жахлівым беларускім досьведам, дзе партызанская барацьба была надзвычай жорсткай. Але людзі прыгадалі, што ёсьць яшчэ і проста жыцьцё. І яны жывуць гэтым жыцьцём. Гэта ня значыць, што яны забылі. У нас ты адразу робісься блюзнерам, калі так кажаш. Я не кажу, што трэба забыць, я кажу, што трэба жыць.
Фільм паводле кнігі С. Алексіевіч намінаваны на «Оскара»
4 лютага 2010
Валянціна Аксак, Менск
Апрача яго, на галоўную штогадовую прэмію Амэрыканскай акадэміі кінамастацтва прэтэндуюць стваральнікі яшчэ чатырох кароткамэтражных стужак, у якіх распавядаюцца сапраўдныя людзкія гісторыі.
Навіна засьпела Сьвятлану Алексіевіч
у Бэрліне, дзе тая апошнім часам жыве. Пісьменьніца не хавае сваіх пачуцьцяў з гэтай нагоды, хоць і не перастае зьдзіўляцца, чаму Хуаніта Ўілсан выбрала для свайго кінасцэнару менавіта «Маналёг пра цэлае жыцьцё, напісаны на дзьвярох».Алексіевіч
: «Мне было цікава, чаму яна выбрала менавіта гэтае апавяданьне, бо па ўсім сьвеце ідуць дзясяткі п’ес і шмат фільмаў розных здымаецца па «Чарнобыльскай малітве». Але ніхто да яе на гэтым апавяданьні не спыняўся, а вось яе зацікавіла менавіта гэтае. І яна знайшла свой ход — гэта не дакумэнтальны фільм, а такі новы дакумэнтальна-мастацкі паварот. Сцэнар зроблены пад дакумэнт, і разам з тым граюць акторы. І гэта ўжо яе бачаньне майго дакумэнту».Фільм здымаўся на Прыпяці. У аснову пакладзеная гісторыя перасяленца, у якога ад радыяцыі памірае дачка. Перад пахаваньнем бацька хоча, згодна з даўнім звычаем, пакласьці яе на дзьверы роднай хаты, дзеля чаго яму трэба вярнуцца ў сваю адселеную вёску. Гэтая гісторыя ў свой час моцна ўразіла пісьменьніцу, а потым і ірляндзкую кінарэжысэрку.
Алексіевіч:
«Калі я езьдзіла па Прыпяці, мяне дзьве гісторыі ўразілі. Першая — пра тое, як чалавек вывез з зоны адсяленьня дзьверы, якія памятаюць усё ягонае жыцьцё. І другая — як жанчына, ад’яжджаючы, зрабіла запавет, каб яе пасьля сьмерці прывезьлі назад і пахавалі ў той загінулай вёсцы. Але яна гаравала пра тое, што ня будуць пры гэтым выкананыя ўсе тыя звычаі, якія заўсёды ў іх сям’і выконваліся».