Дракахруст
: Наста, вось тая рэвалюцыянізацыя, пра якую казала сп-ня Сьвятлана, калі і адбываецца, то неяк дзіўна. Пачытаеш Фэйсбук, ЖЖ — дык уражаньне, што рэвалюцыя ўжо здарылася, Лукашэнку поўны ШОС («Штоб он сдох» —Можа, беларускае грамадзтва і працягвае заставацца сэгмэнтаваным: для кагосьці тыя самыя працэсы па справе 19-га — падстава абурацца, нешта пераасэнсоўваць, дзейнічаць, ахвяраваць сабой, а для іншых — як падзеі дзе-небудзь у Тунісе, якая нам справа да іх?
Палажанка
: Мне таксама здаецца, што ў нашым грамадзтве нешта мяняецца. У краіне адбываюцца зьмены сьвядомасьці пасьля 19 сьнежня. Тое, што беларусы цярплівыя — гэта безумоўна так, гэта такая Боская рыса. Але акрамя гэтай рысы, Госпад даў беларусам і адчуваньне справядлівасьці. Калі адбыўся разгон Плошчы 19 сьнежня, то паводле дадзеных НІСЭПД сярод моладзі да 30 гадоў 60% асудзілі дзеяньні ўлады, яны былі перакананыя ў тым, што акцыя пратэсту мела мірны характар. Людзі праз такія падзеі ўсьведамляюць, што ў краіне адбываецца нешта звышнесправядлівае ў адносінах да простага чалавека.Я магу пагадзіцца, што гэтае стаўленьне сэгмэнтаванае — нехта адчувае гэта больш балюча, нехта ставіцца нэўтральна, бо яго гэта нібыта не турбуе. Гэта адбываецца таму, што ў нас няма агульнай бяды, агульнай праблемы.
Я ня веру, што калісьці стане вырашальнай тая эканамічная напружанасьць, якая цяпер мае месца ў нашай краіне. Я перакананая, што Расея ніколі ня дасьць беларусу загінуць ад голаду. Так, яна зробіць так, каб жыцьцё ў Расеі падавалася лепшым і прыгажэйшым, тым больш напярэдадні іх прэзыдэнцкай кампаніі, каб разбурыць міт, што ў маленькай Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі добра жывецца. Ня тое мусіць стаць чыньнікам, за які людзі гатовыя пайсьці, ахвяраваць сабой і дамагчыся новай дзяржавы, новай улады. Але тое, што гэта падштурхоўвае — гэта безумоўна. Аднак падштурхне толькі тады, калі людзі ўсьвядомяць сувязь паміж наяўнасьцю ў турмах палітвязьняў і адсутнасьцю грошай у іх кішэнях, калі зразумеюць, чаму іншыя краіны адвярнуліся ад Беларусі, чаму ніхто з годных эўрапейскіх палітыкаў ня можа падаць руку Аляксандру Рыгоравічу, хто ў гэтым вінаваты.
Калі людзі ўсьвядомяць гэтую сувязь, можна будзе казаць, што наша грамадзтва рэвалюцыянізавалася.
Калі я выйшла з турмы, я была ўражаная атмасфэрай салідарнасьці. Я зьдзівілася, што яе выказвалі ня толькі тыя, хто быў актывістам, хто быў сябрам нейкай партыі ці грамадзкай арганізацыі. Гэта былі людзі, якія проста востра адчулі тое, што адбываецца ў краіне.
Я даведалася, што блізу 50 тысяч даляраў сабралі звычайныя беларусы на сядзібе БНФ, каб падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў турмах. Што гэта, калі ня зьмены? Многія з гэтых людзей ня могуць дапамагчы пратэстам, тым, што яны выйдуць на Плошчу. Яны пакуль ня бачаць, за кім пайсьці, не ўсьведамляюць, чаму яны мусяць гэта рабіць. Але каб людзі ўсьвядомілі прычыну і з гэтага пачалі свой пратэстны шлях, трэба працаваць дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Менавіта для гэтага яна і існуе і менавіта гэтым павінна займацца.
Пратэстных настрояў можа і няма, але ёсьць моцнае раздражненьне. Гэта можна было пабачыць па вядомым відэа, як людзі баранілі ад міліцыі пасажыра без квітка. Яны ўжо пачынаюць рэагаваць на сыстэму, у якой жывуць. То ім гэты бедны міліцыянт трапіўся, то нехта падобны.
Дракахруст
: Сяргей, і Сьвятлана, і Наста бачаць гэтыя «гронкі гневу», бачаць патэнцыял пратэсту, які нарастае і нават выплюхваецца на паверхню. А вы ня бачыце. Яны вас не пераканалі?Дубавец
: Не. Што такое пратэст? Мы чакаем каўбаснага бунту ці чаго? Пратэстныя настроі былі б заўважныя, калі б увасабляліся ў нейкія арганізаваныя формы. Дзе незалежныя прафсаюзы? Іх не чуваць. Дзе рабочы рух? Яго не чуваць. Тое самае можна сказаць і пра нацыянальны рух, якога не відаць і не чуваць. Настроі настроямі, але мы ж думаем пра тое, да чаго яны прывядуць і да чаго мусяць прывесьці. Прывядуць толькі тады, калі структурызуюцца. Інакш будзе проста дзікі бунт.Дракахруст
: Ці не зьяўляецца адной з прычынаў народнага маўчаньня і цярпеньня тое, што народ па вялікім рахунку ня бачыць у апазыцыі прывабнай альтэрнатывы? Бо што прапануе апазыцыя? Эўропу і рынкавыя рэформы. А што такое рэформы? Прыватызацыя са скіданьнем з балянсаў прадпрыемстваў «сацыялкі», беспрацоўе, маёмасная дыфэрэнцыяцыя — капіталізм, словам. А беларус, на думку, напрыклад, Сьвятланы Алексіевіч — сацыяліст. І вось нейкі, скажам, рабочы з МТЗ можа разважаць, што ў тым рынкавым парадызе Насьце Палажанцы, Сяргею Дубаўцу, Сьвятлане Алексіевіч, Юрыю Дракахрусту будзе добра. А яму кепска. Дык з чаго ён папрэцца на Плошчу, нават калі яму цяпер кепска? Каб яму стала яшчэ горш?