Алексіевіч
: Я хацела б напачатку адказаць Сяргею. Ён кажа аб структурнай падрыхтаванасьці грамадзтва да рэвалюцыі. Але што мы назіраем цяпер на Ўсходзе — гэты каскад рэвалюцыяў? Якая там структурнасьць? Ніякай. Там ёсьць пачуцьцё справядлівасьці і часу, народ ня хоча жыць на пэрыфэрыі гісторыі і ўрываецца туды.Для рэвалюцыі дастаткова пачуцьця справядлівасьці і голаду. Ня ўсе беларусы хочуць стаць Малдовай, ператварыцца ў гастарбайтэраў, каб іх жонкі ехалі ў 50 гадоў глядзець дзяцей у Італіі ці Парыжы.
Гэта ў 90-я гады людзі згаджаліся на гэта. А цяпер у беларусаў іншае, падкормленае і затрыманае разьвіцьцё. Тое, пра што Вы, Юры, кажаце, адбудзецца пасьля рэвалюцыі. Ня трэба хаваць — час, калі сыдзе Лукашэнка, будзе дастаткова складаным. Ён ужо наступае. Мы згубілі час, амаль 20 гадоў. Самае жахлівае, што засталося ад сацыялізму і застанецца ад Лукашэнкі, які затрымаў мутанта сацыялізму — гэта чалавек.
Гэта, з аднаго боку, чалавек заціснуты. Як герой клясыка амэрыканскай літаратуры, які сьпіць у гумовым мяху, і кажа, што калі заціснуцца, то і някепска — можна нават бачыць сны. Вось нешта падобнае адбываецца і зь беларусам. Яны суцяшаюцца патрыманай машынай, нечым іншым, у іх свая сыстэма каштоўнасьцяў. А з другога боку гэта дарослае дзіця. І жыцьцё ўдарыць яго аб зямлю вельмі балюча. Гэта будзе вельмі цяжкі час. І я разумею Пятра Сільвестравіча, які кажа мне дакладна тое, што цяпер, Юры, сказалі Вы. Але гэта як хвароба. Калі вы баіцеся ісьці на апэрацыю, гэта ня значыць, што вы застаняцеся жывым. Іншага выйсьця ў нас няма.
Дракахруст
: Сяргей, а як Вы ацэньваеце гэты, так бы мовіць, клясавы аспэкт працэсаў, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі? Можа і сапраўды мы, нашае кола, адстойваем свой грубы групавы інтарэс? Мы ўсьведамляем, што калі сыдзе Лукашэнка, нам канкрэтна будзе жыць добра. А як будзе астатнім — нас гэта па вялікім рахунку не цікавіць. А гэтыя астатнія асьцерагаюцца, што ім будзе жыць горш. Наста, і не яна першая, сказала, што ў беларусаў вельмі моцны матыў дзеяньняў, вельмі важная для іх каштоўнасьць — гэта справядлівасьць. І можа людзі цяпер не страйкуюць, не бунтуюць менавіта таму, што лічаць, што тое, што прыйдзе на зьмену Лукашэнку — будзе несправядліва.Дубавец
: Мне здаецца, што людзі ў масе сваёй ня мысьляць прагнозна, тым больш у катэгорыях усёй краіны і эканомікі. Штосьці думаюць пра сям’ю — што зь ёй будзе, а ў цэлым жывуць сёньняшнім днём. Яны не параўноўваюць, што можа быць з Лукашэнкам і без Лукашэнкі. Іншая рэч, што вось гэты стыхійны бунт, які прарочыць сп-ня Алексіевіч, можа быць. Але для гэтага павінны фатальна пагоршыцца ўмовы жыцьця. Мне б больш хацелася разважаць пра тое, якая структура створыцца ў грамадзтве, якая яна павінна быць — тая, што возьме ўладу пасьля Лукашэнкі.Напачатку 90-х быў Беларускі Народны Фронт, які фармуляваў ідэі дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня. І больш-менш у тым накірунку ўсё і рухалася, гэты ўсеагульны народны пратэст увасабляўся ў цывілізаваныя формы, ствараўся рабочы рух, страйкамы і г. д. Я мяркую, што было б абсалютна прымальным такое deja vu. Але сёньня БНФу няма, вось у чым праблема, няма масавай арганізацыі, аб’яднанай каштоўнасьцямі, а ня чымсьці іншым — грантамі там, паездкамі, асабістымі адносінамі.
Дракахруст
: Наста, а як Вы лічыце — ці не існуе паміж інтэлігенцыяй, актывістамі і народам разрыў інтарэсаў, разрыў паміж уяўленьнямі пра справядлівасьць? Для адных несправядлівасьць — калі за 19-е саджаюць, за разьбітыя дзьверы фактычна, а для іншых несправядлівасьць — калі беспрацоўе будзе, калі прыйдзе на МАЗ замежны інвэстар і скажа: палову гэтых — на вуліцу, усю «сацыялку» — прэч, лішнія клопаты і лішнія людзі мне не патрэбныя. Хай іх корміць хто заўгодна. Або хай паміраюць.Палажанка
: Тыя людзі, якія імкнуцца мець уладу ў гэтай краіне, мусяць усьведамляць, што яны бяруць на сябе адказнасьць за гэтых людзей, якія могуць ня верыць ім, якія ўскладуць на іх свае спадзяваньні. Нехта цяпер можа баяцца, што будзе кепска. Дык горш ня будзе. Мне здаецца, што кожны беларус мусіць ведаць інфармацыю, за кошт каго і чаго жыла наша краіна, што яна даўно не зарабляе грошы, а жыве за кошт пазыкаў і крэдытаў. І тое, што стала кепска цяпер, не азначае, што менавіта цяпер зьмянілася палітыка нашай дзяржавы. Гэта азначае, што 17 гадоў у нас была праблема, якую ад беларусаў утойвалі. І цяпер мы пажынаем гэтыя плады. Калі чалавек хварэе, яму баліць. Дык ён лечыцца, хоць лячэньне можа быць і непрыемным. У рэшце рэшт яму стане лепш.Я згодная з тым, што савецкую спажывецкую сыстэму мяняць на рынкавую, на эўрапейскі выгляд будзе складана. І зразумела, што калі гэта будзе мяняцца, улада мусіць думаць пра народ, мусіць думаць пра тое, як зрабіць менш балючымі гэтыя перамены. Але палітыкі, якія імкнуцца да ўлады, ня мусяць хлусіць, яны мусяць гаварыць адкрыта, што будзе складана. Гэта сапраўды так. Але інакш свабоду ніяк не заваюеш.