Читаем Святыя грэшнікі полностью

Лазару Богшу таксама захацелася пайсці. Куды? Абы-куды, хоць бы да тых дубоў?.. Шкада, што яму няма каго павесці да іх. У яго няма ўнукаў... дзяцей таксама... На ім абрываецца іхні, Богшаў, род. Як гэта бяздарна і пакутліва!.. Праца, служэнне мастацтву, а дзяцей няма!..

Было гадзіны дзве пасля полудня. 3 акна Лазар бачыў, як блішчыць на возеры лёд пад нізкім сонцам. Нібы вымасціў хто серабром дарожку ад берага і да самага сонца.

Лазар Богша абуў чаравікі на футры з доўгімі халяўкамі, апрануў цёплую куртку з мноствам кішэняў і замкоў-маланак, насунуў заечую вушанку, Можна і ў дарогу.

Ён адчыніў дзверы на калідор. 3 нейкага пакоя даносілася гамонка. Няйначай, кіношная брація збіралася адзначыць яшчэ адзін без сэнсу пражыты дзень. Лазар хацеў зайсці, каб папярэдзіць, што пойдзе прагуляцца, але стрымаў сябе. Зойдзеш і прыклеішся да крэсла, як бародаўка да цела. Ды хіба ён павінен дакладваць, куды і чаму ідзе?..

На лесвіцы яму сустрэўся асістэнт аператара ў вельветавым камбінезоне, кішэні якога былі напакаваны бутэлькамі. Асістэнт нагадваў крэйсер, які натапырыўся рыламі гармат. Бутэлькі тырчалі з кішэняў на каленях, з бакавых, задніх, грудных, унутраных, а дзве яшчэ былі засунуты за лейкі камбінезона.

Убачыўшы Богшу, асістэнт збянтэжыўся. Азірнуўся па баках — уцякаць не было куды. Тады ён зрабіў незалежны і, па меры нахабства, зухаваты выгляд. Лазар Богша таксама зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў.

— Я пайду прагуляюся, — сказаў ён.

Асістэнт саступіў з дарогі, прыціснуўшыся спіной да сцяны. Лазар Богша прайшоў каля яго, азірнуўся — той усё яшчэ стаяў на лесвіцы...


***

Тая сцяжынка, па якой некалі дзед вадзіў Лазара да трох дубоў, даўно загубілася сярод мноства другіх сцяжынак, пратаптаных апошнім часам шматлікім людам, які круглы год прыязджаў адпачываць у заводскі прафілакторый. Надсуйскія мясціны здавён славіліся грыбамі, і гэтая даўняя слава цягнула людзей у лес. Грыбоў, аднак, з кожным годам усё меншала. Яны адступілі ў глыб ле­су, на зарослыя беразняком і асіннікам пагоркі, што залеглі між быстрацечнай Дзвіной і павольнай, у балоцістых берагах Бярэзінай. Да іх, гэтых пагоркаў, і кіравалі сцежкі. Недзе там, мроілася Богшу, раслі і славутыя дубы.

Лазару Богшу патрэбна была сцежка, што вывела б яго да рачулкі, ад якой, калі не падводзіла памяць, было зусім недалёка да тых дубоў.

Лазар выбраў самую ўтаптаную сцежку і, не спяшаючыся, аднак, і не ўразвалку, пайшоў па ёй.

Магутныя, ці не ў два абхваты, сосны раслі тут рэдка, нібы іх рассялілі па хутарах. Між імі трапляліся бярозы, глог, а ледзь ніжэй купна раслі ляшчыны. Нізкае сонца, не чапляючыся за высокія парасоны соснаў, прабівалася аж да самай зямлі, высцілаючы на падмёрзлым шорсткім моху расплылыя адбіткі — цені аголеных восенню дрэў.

Па праўдзе, Лазар Богша не любіў асенняга лесу, прыціхлага, прарэджанага ветрам і марозам, няўтульнага і голага, з выстаўленымі напаказ пакарожанымі галінамі. Асенні лес нагадваў Богшу калеку, які скінуў багатую вопратку і прадстаў перад светам у бездапаможнай сваёй непагляднасці.

У гэтую надвячоркавую пару дня не было чуваць і птушак, тых нешматлікіх птушак, якія нізашто не хочуць мяняць зімовую няўтульнасць родных мясцін на квяцістую раскошу чужыны. Нават дзятлы, нагрукаўшыся насамі аб падгнілыя ствалы дрэў, пахаваліся не­дзе нанач.

Лес стаяў у абрыдлай самоце. Сцяжынка пятляла па ім, то крута забіраючы ўлева, то яшчэ больш крута — управа. Здавалася, яе пратаптаў без аніякай развагі чалавек.

Развага ў чалавека ўсё ж была. Сцяжынка старанна абягала гнілыя мачажыны, парослыя мохам, дзеразой, асакой-разухай і ніцай лазой, і чыстыя балацявіны, на якіх страчаўся дзікі часнок.

Некалі, ранняй вясною, калі ад аднастайнай, прэснай, безвітаміннай стравы пачыналі гнісці дзясны і слініцца рэдзенькай саленаватай крывёю, Лазараў дзед прыносіў з балацявін кошык дзікага часнаку. Тады ў хаце надоўга ўсталёўваўся часночны дух. Лазар не хацеў есці той часнок, яго ж прымушалі, і ён еў, праклінаючы ўсё на свеце. Але дзясны неўзабаве пераставалі гнісці.

Прыгадаўшы дзікі часнок, які цяпер стаў такой рэдкай травой, што яго аж занеслі ў Чырвоную кнігу, Бог­ша раптам успомніў, што сёння яшчэ нічога не еў. Выпіў кавы, і на тым амінь. Нагадак пра часнок выклікаў пякучы голад. Трэба было перабіць яго ходь цыгарэтай.

У лесе яму курылася з асаблівай насалодай. Хацелася расцягнуць яе надаўжэй. А цыгарэта, як на злосць, дагарэла хутка. I ў час — Богша раптам зрабіў адкрыццё, што сцежка, па якой ён ішоў, недзе і невядома калі згубілася сярод папаратніку, ужо высахлым і ржавым ад марозу. Цяпер Богшу заставалася або вярнуцца на­зад, або пайсці нацянькі. Вяртацца назад не хацелася. Была надзея, што недзе наперадзе патрапіцца патрэбная сцежка. I ён пашыбаваў напрасцяк, балазе мароз добра падсушыў імшары.

Перейти на страницу:

Похожие книги