— Ну і чартаўшчына, — сказаў Богша і здрыгануўся ад таго, што ягоны голас засеў у горле даўкім комам. Яго Богша не пачуў, як да гэтага не чуў тупату ног.
Нейкая жудасць пранізала яго, нібы токам. Яму захацелася бегчы, уцякаць адсюль, і толькі намаганнем волі ён прадаўжаў ісці павольна, нават больш павольна, чым раней.
Яму раптам падумалася, а ці гарыць гэты сухі, не крануты марозам мох? Ён падышоў да яліны, з якой жабрачым рыззём звешваліся да самай зямлі лахманы моху, нечага баючыся, працягнуў руку, дакрануўся пальцамі да лахманоў, і — нічога. Мох быў мяккі, халодны, але сапраўды сухі.
Адарваўшы шматок, Богша паспрабаваў падпаліць яго запалкай. Мох, аднак, не ўспыхнуў полымем, хоць і выглядаў сухім, а толькі абвугліўся, добра прыпёкшы руку.
Тым часам сутоньвалася. Неяк увачавідкі вячэрнія змрокі пагусцелі. Там, адкуль Богша прыйшоў, раптам захісталіся мёрзлымі вершалінамі дрэвы, мусіць вецер прайшоўся па іх. Тут жа прадаўжала панаваць жахлівая стоенасць. Здавалася, вецер абмінае гэтае царства жуды і смерці.
Той страх, што быў пакінуў Богшу, зноў наявіўся, як няпрошаны госць. Цяпер ён забіраў яго мацней, нібы ўдаўка, накінутая на шыю.
Плюнуўшы на ўсе маральна-этычныя ваганні, Богша павярнуўся і не азіраючыся пашыбаваў назад, да балацявіны, да той дарогі, якая думалася яму, выведзе на Сую.
Яму адразу стала лёгка і бесклапотна, нібы ён прыняў бог ведае якое гераічнае рашэнне. Яно ж, наадварот, было ганебнае. Але часам і ганьба прыносіць заспакаенне. На хвіліну, на час, пакуль спіць сумленне. Страху таксама не было, ён знік, халера, стары правакатар, рэвізор чалавечай мужнасці.
Выбегшы з мёртвага лесу, Богша раптам стаў як укопаны, бо тое, што ён пабачыў, заняло дыханне.
Па альховым рэдкалессі, але не заглыбляючыся ў яго, бегла двое ваўкоў. Між імі неяк бачком трухала двое сабак, адзін здаровы і гладкі, другі — звычайны дварняжка, калматы і прысадзісты.
Сабакі часам спрабавалі спыніцца, можа, па сваёй, сабачай патрэбе, тады ваўкі падганялі іх — пасцёбвалі сваімі хвастамі па сабачых азадках.
Вось гэтае падганянне сабак хвастамі да жудасці і ўразіла Богшу. Каб ваўкі гыркалі на сабак, кусалі іх ці хоць бы грозна ляскалі зубамі, Богша не быў бы так уражаны, як пабачыўшы гэтае "мірнае" суіснаванне.
Ваўкі і сабакі ішлі галава да галавы, нібы ў добрай згодзе. I толькі жаласлівае павіскванне сабак, як чалавечы плач перад смерцю, сведчыла аб найвялікшай трагедыі, што разыгрываецда на вачах чалавека.
Ваўкі яўна вялі сабак на смерць, хоць на іхніх ваўчыных мордах застыла гэткая лагоднасць. Так уявілася Богшу.
Збоку стваралася ўражанне, што сабакі самі па сваёй ахвоце ідуць у ваўчынай кампаніі, як іхнія сябры, паплечнікі, а можа, і саўдзельнікі нейкага разбою. Але сабакі ішлі на смерць, разумелі гэта і не спрабавалі ўцячы ці кінуцца на ваўкоў, пакусаць іх, хоць гэтым адпомсціўшы за свой палон.
Ваўкі, занятыя аховай сабак, не чулі Богшу, затое сабакі, прынамсі адзін з іх, дварняка, пачулі чалавека. Ён раптам заскуголіў так жаласліва, з такой надзеяй на чалавечую дапамогу, што Богша азірнуўся, шукаючы які дрын. Нічога зручнага не было. Богша, мабыць, і з голымі рукамі кінуўся б на ваўкоў, ды тут убачыў, што тыя селі. Селі між імі і сабакі. Як роўныя. Толькі ваўкі трымалі незалежную, ганарлівую паставу, а сабакі аж скурчыліся. Лазару здалося, што яны абодва дрыжаць.
I тут аднекуль, адтуль, з густых ужо прыцемак, невыразным ценем вынікла ваўчыная зграя. Яна абступіла кальцом ваўкоў і сабак, села на худыя зады. Два ваўкі, што прывялі сабак, таксама далучыліся да іх. Цяпер у крузе засталіся толькі сабакі.
Ваўкі сядзелі ўрачыста і маўкліва, нібы на нейкай страшнай малітве. Але ў іхняй гэтай нерухомасці адчувалася грозная небяспека. Пэўна, сабакі зразумелі, што настаў іхні канец, яны абодва спачатку ціха, а потым усё мацней заскуголілі, завылі, нібы маліліся ў апошні раз свайму сабачаму богу, каб дараваў ім зямныя грахі. Хоць якія там маглі быць грахі ў двух вясковых сабак?
Ваўкі нерухома сядзелі, пазіраючы перад сабой. Чаго яны чакалі? Калі сабакі перастануць выць? Можа, і так. Хіба нельга даць ахвяры магчымасць аблегчыць душу перад смерцю плачам? Хіба не так водзіцца і ў людзей?..
Нарэшце сабакі перасталі выць. Тады двое маладых ваўкоў падняліся на моцныя ногі, падышлі ўпрытык да сабак. Богша не бачыў, што адбываецца там. Але ён раптам пачуў роспачлівае яўканне — гэткі амаль чалавечы перадсмяротны крык, — і тады зразумеў, што ваўкі загрызлі сабак.
Лазар Богша кінуўся на ўцёкі. Ён бег, не разбіраючы куды, абы падалей ад той жуды, што ўсё яшчэ стаяла перад ягонымі вачамі.
Спыніўся ён ад таго, што пачуў, як гулка, са свістам вырываецца з грудзей паветра. Колькі ён прабег, у які бок, дзе зараз знаходзіцца? Ён, мала таго што не ведаў, — нічога не памятаў. Яго гнаў страх, і толькі інстынкт кіраваў ім у гэты час.
Цяпер страху не было. Богша растрос яго па лесе. Яго аж распірала ад радасці, што ён застаўся жывы, што ваўкі не зачапілі яго. Ён задраў галаву ў неба і закрычаў што моцы: "А-а-а-а!"