Заблішчала, заззяла на ўсходзе лука – Бераг неба над краем зямлі; Залатыя чаўночкі ўсплылі З безбярэжнай далі.Разлівае ўжо блеск агнявая рака, І чыясь там рука Аднімае заслону з зямлі.А з-за краю нябёс вочы ўскінуў дзянёк, Сыпнуў чырвань на шапкі лясоў,Нясе жмут залатых каласоў, Абрусоў, паясоўБелы свет убіраць, небу сплесці вянок, І рассеяўся мрок, Адамкнуўся цямраны засоў.І балуе пажар – іскры сонцавых кос, – Разнімаецца шырай, дужэй, – Ясны дзень павядзе цяпер рэй. На душы весялей,А ўчарашняга дня кроплі вылітых слёз Замарозіў мароз –Срэбрам іх парабіў, чарадзей!Шоў Сымонка, углядаўся,Як гарэў і ззяў усход,Як дзень новы з ім вітаўсяІ зваў весела ўпярод.І ён шоў, мінаў сялібы,Што чарнеліся ўдалі,Шоў прасткамі цераз скібыСвежаўзоранай зямлі,Каб з людзьмі не сустракаццаІ хітрэй схаваць сляды,Бо мог кожны запытацца,Хто, адкуль ён і кудыІдзе рана так, да свету,Абарваны, чуць адзетыІ абуты ў пасталы?Доўга ён трапаў, далёкаКінуў роднае сяло.Над лясамі ўжо высокаСонца ўгору падышлоІ выгнанніка ласкала,Грэла, песціла цяпломІ, як матка, цалавалаТою коскаю-святлом.Як смяюцца толькі дзеці,Усміхнуўся тут Сымон,Бо пачуўся, што на свецеНе адзін ён – з скрыпкай ён!Вочкі хлопчык ускідае,Каб акінуць гэту даль,Крэпне сілка маладая,Чаго ж шкода? чаго жаль?Эх, што можа быць дарожайВольнай волечкі, палёў?Гэтай сіняй далі гожай,Невядомай і прыгожай,Без канца, без берагоў?Гэтых хмарак злататканых,Ветру посвісту ў палёх,Думак светлых, мар нязнаныхІ нікому не казаныхКазак лесу і дарог?Што цікавей падарожжа,Негаданых з'яў быцця,Шуму лесу, спеву збожжа,Новых песень запарожжа,Спеву новага жыцця?Эх, ты, шыр-прастор далёкі!І шчаслівы будзе той,Хто, душою адзінокі,Вольны сэрцам, яснавокі,Згодна злучыцца з табой!Ды Сымонка з-за трывогіНочкі жудаснай не чуў,Што балелі яму ногіІ што голад яго гнуў.Вось задача, дык задача:Дзе і як здабыць яды?Папрасіць хіба, няйнача?Да дзе сунуцца? Куды?І ён стаў шукаць вачамі,Дзе б спыніць іх і на чым.Унь там хата за карчамі,Якраз з коміна йдзе дым,Коціць лёгкія клубочкі,Дужкай звіўшыся ўгары,І так вабяць яго вочкіТыя ціхія двары!Пэўна, там пякуць аладкі.Вось каб блінчык, хоць адзін!..Ён вачэй не зводзіць з хаткі,Мысліць некалькі хвілін...Не, брат, трохі рызыкоўна:А спытаюць: хто такі?Небяспекі ўсюды поўна, –Не, туды йсці не з рукі.Дый сабакі там ліхія, –Далей лепш пайсці адсюль.Ён мінае хаткі тыя,А ў жывоціку – буль-буль!Слабасць чуе, млеюць ногі,Але йдзе – куды? зачым?Трудны першыя парогі,А што далей будзе з ім?Так ідзе ён, а з ім поручДумак коціцца клубок.Раптам нікне ў сэрцы горыч –Унь кудзеліцца дымок!Як ён мілы і павабны,Толькі й можа знаць пастух.Тчэцца сіні шнур ядвабны.І спакойны такі рух!Сам агонь у полі тлее,Нікагусенька няма.Хлопчык зразу весялее, –Духам падаў ён дарма.Знікла гора, як бы труска,Дым знёс цяжкую думу;Будзе хлопчыку закуска,Будзе снеданне яму!Бо на полі бульбы многа,Бульбы можна напячы.І бярэ тут рух малога,На агонь нясе карчы.Чуць агоньчык разгарэўся,Ён – у бульбу на загон;Так капае, аж угрэўся,Бо свой клопат – не прыгон.Бульба ў прыску, а над прыскамБурна полымя гарыцьЗ шумам-трэскам, з нейкім піскам,Бы з ім хоча гаварыць.Той агоньчык разгараўся,Бойка полымя шугаў,З-пад карчажкі выбіваўся,Тонкай стужачкай звіваўсяІ паленцы ахінаў;І дымок пагульваў жвава,Гнаў клубочак за клубком,Браў улева, рваўся ўправа,Бег раўнюсенькім слупкомУ прасторы горных светаўІ губляўся там, знікаў...Жартаўнік агоньчык гэты!Дзе ж наўперад ён блукаў?Думаў хлопчык: – Ён цікавы!Дзе ж ён быў! Дзе будзе зноў?Ён і злосны і ласкавы,Ён спакойны і рухавы,Ён і стар і вечна ноў.Ён патухне, а жыць будзе...Хіба ў ім жывы дух ёсць?Я ж у свеце толькі госць,Як і госці ў свеце людзі...Дзіўна гэта, страх цікава;Я б хацеў быць сам агнём:Я б дымком па небе плаваў,Па зямлі б хадзіў святлом. Дагарэлі дровы, – Полудзень гатовы.У Сымонкі баль ды годзе,Ён усеўся на калодзе,Ён у лесе, бы ў гасподзе.А настольнік – пласт імшысты,Ды прыгожы, ды іскрысты,З густам вытканы і чысты.Тыя ніткі зямля прала,Тую пражу сонца ткала.Коскі сонца хлопцу служаць,А бульбінкі толькі тужаць:Ён не можа іх адужаць,Аж зайздросцяць яму сойкі,Штось сярдзіта свішчуць з хвойкі,Справа чуць не йдзе да бойкі.І мурашак бярэ дзіва,Прыпаўзлі сюды маўкліва,Пазіраюць унікліва,Па-сваему б'юць у лапкі,А Сымон сядзіць без шапкі,Бульба тая смачней бабкі.Узмацніў хлапчынка сілы,Уздужаў ён і ажыў, –Тут куточак такі мілы,Так ён добра паслужыў!Нават кідаць яго шкода.Ён прысеў на гладкі пень.Зацішно, і ў сэрцы згода, –Хоць сядзі тут цэлы дзень.Ён сядзіць, а ў ім штось грае,Нейкіх спеваў шум дзіўны,І няма ім канца-краю,Ім валодаюць яны.Дзе ж ён чуў іх? І адразуНоч успомніў тут Сымон,Постаць, дзедаву выразу,І ўсё, што навеяў сон.Ён наладзіў скрыпку жыва,Чуць крануўся струн смычок,Звонкіх зыкаў пералівыПоўняць лес, маладнячок.Свет забыў цяпер Сымонка,Скрыпцы душу ўсю аддаў,І пайшла-пайшла гамонка, –Лес смяяўся і рыдаў.А скрыпіца галасілаСмутнай восені дажджом,Адчувалася ў ёй сіла,Што лілася ручаём;І адразу адрывалаСпеў магутнасці яна,Каб зноў квола задрыжалаЯе чуткая струна.Граў Сымонка і часаміСмык ад скрыпкі аднімаўІ кудысь углыб вачаміПільна-пільна пазіраў,Потым зноў ён ачынаўся;Сэрца білася ў грудзях,І агоньчык запаляўсяЎ яго кругленькіх вачах.Зноў над скрыпкаю жалобнаСмык хадзіў, бы штось раняў,І слязамі дробна-дробнаЛес, дубраву напаўняў.Хлопчык змоўк і здрыгануўся,Аж падскочыў: перад імСівы дзед стаіць, сагнуўся,Вокам міргае сляпым.Страшны, бледны, абарваны,Жыцця пасынак, бядак,На ім торбы і лахманы,У руцэ кій – то жабрак. – Хто ты, хлопча? – дзед пытае: –Чый сынок? якіх бацькоў?..Ну ж і хлопец! Моц святая!Маладзец, каб я здароў!Тваё гранне гоіць раны,Ну й мастак ты, хоць малы! –Хлопчык бачыць – дзед рахманы,Хоць і страшны, ды не злы.Але што сказаць адразу:Праўду вылажыць? салгаць?Дзед стаіць і жджэ адказу,Потым зноў давай пытаць.– Я... так... хлопец... падарожны,Праз сябе сам... Я... нічый! –І пры гэтым асцярожнаЁн зірнуў на дзедаў кій.– Як жа гэта: сам сабою? –Дзед ускінуў плечуком: –Ты ж не вырас пад вярбоюЦі ў бары баравіком?– Я, дзядок, прагнаны з хатыІ іду... куды? у свет! –Болып дзівіўся дзед кудлаты,Разважае нешта дзед.– Гм, хлапчынка: свет вялікі,А прыпынку ў ім няма,Прападзеш, бы яблык дзікі,Цяпер восень, там зіма.Дзе ж ты дзенешся зімою?Хто табе прытулак дасць?Эх, спазнаешся з бядою!Эх, шырока яе пасць!Горка, горка давядзецца,Ты старога запытай.Ой, часамі так прыпрэцца,Што хоць рэпачку спявай!А на свеце, хлопча, ўсякіхМнога знойдзецца людзей.На пахілых і сабакіБрэшуць злосней і гарэй...Як жа ты надумаў, дзеткі?– А не ведаю... ніяк...– Го, то кепска, мая кветка! –Галавой матнуў жабрак.Змоўк дзядок, маўчаў Сымонка,Апусціўшы вочы ў дол,А стары разважыў тонкаІ так кажа: – Што ж, сакол,Вось што я табе параю,Каб не траціць лішніх слоў:Я стары і лепей знаю,Што рабіць, каб я здароў!Пойдзем, хлопча, маім шляхам:Будзе нам латвей удвух;Ты не будзеш жыць пад страхам,Што злы голад выне дух.У мяне ж ёсць свая хатка,Нажабруем, купім дроў;Печ прыгорне нас, як матка,Добра там, каб я здароў!І не трэба чыёй ласкі,Хай сабе трашчыць мароз,Мы расказваць будзем казкі –У мяне іх цэлы воз.– Ну, а біцца дзед не будзе?– Што ты! Не, каб я здароў,Каб памёр на гэтым грудзе!– Калі так, то я гатоў. –Дзед сядае на калодуІ, заместа барышу,Дае сальца малышу,Каб азначыць тую згоду.