— Дык вось выскачыў я з хаты пад ранічку — на хвілінку... У бур'ян. Яшчэ толькі шарэць пачынала. Сонны, як муха, выскачыў. Працэнтаў на дзевяноста яшчэ спаў. Толькі адно вока трохі расплюшчыў, каб не зачапіцца за што. Стаў у бур'яне і нават вока заплюшчыў — сплю... І тут чую галасы — за парканам у Кнышоў. Прыглушаныя... Сон адразу — як рукою. «Тыж толькі глядзі мне, каб ніхто не бачыў...» Гэта яна, Кнышыха. А ён: «Не вучы вучонага...» А яна: «Вучоны! А потым перадачы насі, ага?» А ён: «Ну, не баба, а чорт ведае што! Турма народаў!» А яна: «Маўчы, пусцяльга! Калі б не я...» А ён: «Нічога-нічога. Я свайго дачакаюся! Пабачыш, які я пусцяльга!»А яна: «Ідзі ўжо! Разбалбатаўся! Суседзяў збудзіш». І — ррып! Гэта ён за фортку выйшаў. Бачу — ідзе па вуліцы. Азіраецца, як злодзей. На плячы вясло, мяшок з нечым, у руцэ серп, як шабля, паблісквае. Разгубіўся я: што рабіць? Куды гэта ён? Але зразумела — па нейкай сваёй шпіёнскай справе! Па цябе бегчы — не паспею. Вунь ён ужо дзе. А школа? Ну, думаю, яшчэ толькі гадзіны чатыры — паспею. Не даруе мне айчына, калі я такую справу правароню. Можа, ён зараз нейкае дзяржаўнае злачынства будзе рабіць. Недарэмна ж яго Кнышыха турмою, перадачамі палохала. А я пра ўласную скуру дбаю. Не, трэба ісці. Схапіў вясло, вудачкі (для канспірацыі) — і за ім. А тут з-пад ганка Сабакевіч выскачыў. Я спачатку прагнаць яго хацеў, а потым думаю: няхай, сабака ў такіх справах заўсёды можа спатрэбіцца. Узяў яго з сабою. На беразе пачакалі ў карчах, пакуль Кныш адплыў, а тады і мы следам. Вось тут мне і не пашчасціла. Як назло, усе добрыя чоўны дзед на бераг павыцягваў — учора смаліў. На вадзе была толькі тая гнілая пласкадонка, з якой мы падводную лодку зрабіць хацелі. Не было калі мне — я на тую пласкадонку, Сабакевіч за мной і — гайда! Плыву ціха, асцярожна і ўвесь час пільную: і каб Кныша не згубіць, і каб ён мяне не прыкмеціў (за чаратамі хаваюся). Заўважаю — плывём мы ў бок Высокага вострава. Далёка ўжо ў плаўні забраліся. Ажно раптам бульк — на табе! Прыгледзеўся, у чоўне, якраз на сярэдзіне днішча — дзюрка (руку можна прасунуць), і вада адтуль свішча, аж булькае. Як з той трубы, што ў арыфметычных задачах, памятаеш — «з адной трубы ўліваецца, а з другой выліваецца». Тая розніца, што ў мяне толькі ўліваецца... Ой-ой-ой! Праз хвіліны дзве будзе поўны човен і... Да вёскі плысці позна. Дый лотаць там такая і трава, ты ж ведаеш — умомант рукі і ногі аблытае, і ідзі сабе на корм ракам. Ну, ды пра сябе я не думаў. Сабакевіча шкада: булькне сабачка — і анігадкі! Сядзіць ён на носе мокры, дрыжыць усім целам і пазірае на мяне жаласліва. Гэта ж ён вінаваты. Дзюрка была заткнутая нейкай анучай. А Сабакевіч смыкаў яе, смыкаў і выцягнуў — дагуляўся. Я бачыў, як ён яе шматаў, але не падумаў... Што тут казаць, позна я схамянуўся. Махаю вяслом, аж хэкаю. Пра Кныша ўжо не думаю, трэба ратаваць Сабакевіча, прыставаць да якога-небудзь вострава. А навокал чарот толькі, зямлі не відна. А вада ўсё прыбывае і прыбывае, ужо лыткі мне халодзіць. Я галавою ва ўсе бакі кручу — сушу-зямлю шукаю. Нарэшце заўважыў нейкі астравок і з усіх сіл да яго. Ледзьве паспеў. Ад майго чоўна над вадою засталося толькі сантыметры два: такая сабе «рамачка» плыла — усярэдзіне вада, навокал вада, узровень аднолькавы. І я ў гэтай «рамачцы», як партрэт. Яшчэ трошкі — і быў бы гэты партрэт у чорнай рамачцы... Схапіў я Сабакевіча на рукі — і на бераг.
Уласна, берага не было. Адразу ж па пуп угразнуў. І адразу мне той ставок успомніўся, у якім мы ад Кантрыбуцыі ратаваліся. Такая ж твань. Ні дрэўца на востраве, ні кусціка. Нават сушы сапраўднай няма. Адна гразь. Ну, ды выбіраць не прыходзілася. Дзякуй і таму, што ёсць. Жыць на ім я не збіраўся. Мне толькі човен трэба выцягнуць і дзюрку заткнуць. Можа, яшчэ, думаю, і за Кнышом паспею. Пасадзіў Сабакевіча на самую сухую лапіну і — за работу. Схапіў човен за нос, пачаў цягнуць. Ого-го! Вочы вылазяць. Жылы вось-вось палопаюцца. А човен — нібыта яго цвікамі да дна прыбілі — ні з месца.
Зайшоў я з кармы — пачаў пхаць. Куды там! Ногі па мулкім дне коўзаюцца. Я раз-пораз з галавой у ваду — і толькі.
Біўся-біўся, стараўся-стараўся, вады ўжо паўвядра накаўтаўся, а толку няма. І такое мяне зло ўзяло — сеў я проста ў ваду і ледзь не заплакаў. Ты ж мяне ведаеш, я ніколі не плачу, а тут слёзы самі коцяцца.
Вось у нерат ускочыў. Ну!
Тады плюнуў, падхапіўся і зноў — пхаю і цягну.
Сонца ўжо даўно ўзышло, свеціць на поўную катушку, а я, нібы той жук, у брудзе боўтаюся. Зусім з сілы выбіўся.
Гэта ж колькі ўжо часу прайшло, думаю. Урокі ўжо, можа, хутка. Ну, ды пра кантрольную я не думаю. Што мне кантрольная! Галоўнае — дзяржаўная справа... Я тут, у багне, як чарвяк, а той шпіёнішча, можа, ужо... А я ж мог яго высачыць. Мог жа! Не даруе мне айчына. І, скрыпнуўшы зубамі, я зноў бяруся за справу. Я і выліваць ваду з чоўна спрабаваў, думаеш, не! Ды дзе яе выльеш, калі яна зноў адразу ж набіраецца. Гэта тое ж самае, што раку вычарпаць.