Учора вечарам ля курынага гнязда на зямлi пад леташнiм рудым лiсцем ад дзядоўнiку ён схаваў мiну ад нямецкага мiнамёта. Знайшоў яе на пасецы ля iмшары - ля леташнiх акопаў, якiх нарылi ўвосень, калi стаяў у вёсцы "Жалязняк". Па "Жалезняку" бiлi немцы з Сушкава, з мiнамётаў. Мiна ўехала ў зямлю, вiдаць была толькi пята з новымi чырвонымi жалезнымi крыльцамi. Пята высока тырчала з зямлi - на ўсе пальцы. На ёй было дванаццаць крыльцаў Алёша доўга не мог злiчыць, - i яны, мусiць, былi стальныя, бо, калi ён стрэпаў па iх ногцямi, яны звiнелi. Пасярод пяты блiшчаў жоўценькi капсуль, як начышчаны. У iм была ямка - вялiкая, у яе лез кончык дубчыка. Пад крыльцамi на тонкiм хвасце ў мiны чарнелi дзiркi, як вымазаныя ў сажу, маленькiя i круглыя, усё роўна што яе патачылi жукi. Ад зямлi дзiркi былi пазабiваны жоўтым пяском i чырвонай глiнай. Пясок усох, не хацеў выкалупвацца, калi Алёша торкаў у дзiркi дубчыкам. Глiны накарэла i на самым хвасце мiж крыльцаў. Тырчала мiна недалёка ад ямы, шырокай i мелкай; ля яе ўсё роўна што куры падралi зямлю.
Каб мiна не кранулася адразу ў зямлi ад рукi, ён бы яе не зачапiў, пабаяўся б. А то яна лёгка пайшла з пяску, што моркавiна з грады, калi Алёша, сагнуўшыся, учапiўся рукой за крыльцы i пацягнуў уверх. Мiна была лёгкая, яе можна было падняць у руцэ i нясцi.
Алёша перанёс яе ў соснiк, да ям, а з цямном, узяўшы ў падол, прынёс перад сабой дамоў i паклаў ля паркана ў дзядоўнiку. У нядзелю ён пакажа яе Юзюку, i яны пойдуць глушыць рыбу ў Верх-возера.
На качэлях стала холадна: вецер ганяў ля плячэй сарочку; раз'ехаўся на грудзях замочак. Стары зусiм, разнасiўся: мацi да вайны купiла, калi ў вёсцы была лаўка. Мацi пашыла тады сацiнавую сарочку з замком i з кiшэнькай на грудзях. Алёша знасiў ужо дзве сарочкi з адным замочкам: мацi выпорвала замок са старой i ўшывала ў новую. Цяпер яна ўшыла замочак у сарочку з кужалю, якую пасля кiпяцiла на двары ў вялiкiм гаршку ў мучанiчнiку разам з маткамi i насiла на грэблю мачыць у руду ў канаве...
Скрыпяць за хатай ад вулiцы вароты. Мацi клiча з двара бацьку, мусiць, стоячы на ганку, - пайшла з-пад хаты, Алёша не агледзеў калi. Павярнуўшыся, ён глядзiць на двор, але праз паркан нiчога не бачыць. Вiдаць толькi, як б'юцца на сасне, што на дзядзiнцы ля фермы, бацяны: зганяюць адзiн аднаго з голай бараны - яны толькi ўчора прыляцелi з балота, гняздо, можа, будуць рабiць сёлета. З лесу едуць на падводах партызаны, расцягнулiся ад ям аж у вёску. Гэтулькi падвод было, як вазiлi талакой з лесу бярвенне Януку на новую хату, калi згарэла ў яго старая перад самай вайной у вялiкi пажар...
Бацька, нiчога не сказаўшы, пайшоў на двор, пасля зноў вярнуўся i крыкнуў здалёку праз паркан:
- Марш дамоў... Паставiлi шыбенiцу... - Бацька быў нейкi iнакшы. Ля ганка пагладзiў яго, Алёшу, па галаве i, гледзячы на загуменне, сказаў: Бяжы да Насты. Гародам, дзе сушэй... Хай прыйдзе да нас. Не стой.
На гародах Алёша пачуў, як закрычала дома на ўсю хату мацi. Аглянуўшыся, убачыў, што ходзiць па двары ля дрывотнiка бацька.
Ногi ў дзеравяшках чаплялiся за раллю, i Алёша, скiнуўшы iх, пабег босы сцежкай, дзе ляжаў яшчэ латочынамi лёд. Да Насты было далёка.
Вярнуўшыся з вёскi, ён сядзеў у гародзе пад прызбай i чуў, як крычала, стогнучы, у хаце мацi. Яго тады брала злосць на Насту: не можа нiчым памагчы. Бегай толькi па яе босы гародамi, язык высалапiўшы... Цягнулася, чапляючы нагу за нагу па загароддзi, што нежывая, i ўсё правiлася: печ праз яго кiнула, не засланiўшы. Ён мiнуў яе i пабег, хай сунецца, як качарга.
У хату ён пабаяўся пайсцi. Бацькi на двары не было, i ён, адшчапiўшы ў гарод пад раку варотцы, зноў пайшоў да качэляў. Яны стаялi цяпер адны пад хатай, i ад iх пахла смалой. Ён прыхiнуўся да слупа i доўга стаяў, гледзячы ў гарод за раку, дзе на Выганчыку ў альшэўнiку ляжаў яшчэ снег.
Калi закрычала мацi моцна i прарэзлiва, ён кулём кiнуўся ў сенцы, але ў хату яго не ўпусцiла Наста: стала на парозе, мусiць, угледзела, як ён пабег з гароду, i выпхнула з сеначак.
Пасля прагнала з двара:
- Каб мае вочы цябе не вiдзiлi... Гуляў не можа знайсцi. Ад вуглоў не ступiць, як на прывязi...
Правячыся, яна вярнулася ў хату.
Алёша зноў пералез цераз плот i пайшоў пад прызбу.
За Выганчыкам, дзе ляжаў у кустах снег, на грэблi хавалiся падводы.
Партызаны паехалi аж цяпер, доўга нечага стаялi ў вёсцы.
Над Выганчыкам папаўзлi па небе хмары, рэдка, кучкамi, бы хто iх раскiдаў сушыць. Схавалася сонца, пачарнела ў гародзе ралля. Зрабiлася нудна. Алёша ўспомнiў, што яму гэтак было нудна, калi бацька вазiў партызан пад Краснае... Здалося, ён i цяпер сядзiць i чакае яго з грэблi.
Кiнула ў стужу, i Алёша зашпiлiў аж уверх на замочак сарочку i схаваў рукi ў кiшэнi ў штаны. Убачыў, як iдзе ад ракi па плоце iхнi рабы кот, памалу, круцячы галавой у бакi. Пасля кот сеў на жэрдцы i доўга глядзеў на яго, Алёшу.