Зноў у хаце закрычала мацi... Алёша быў падскочыў, стукнуўшыся галавой у шалёўку. Пачуў пасля, што крычаць у хаце ценкiм дзяркатым голасам, усё роўна як да iх прыйшла Панiха са сваiм малым i яно заходзiцца ў яе на руках. Было чуваць яшчэ, як гаворыць Наста, моцна, на ўсю хату, мусiць, нечага да мацi, пасля смяецца.
Яго зноў схапiла злосць на Насту: смяе-ецца...
Зноў зайшоўся нехта цененькiм голасам у хаце, голас аж пералiваўся, i гаварыла мацi. Ён адышоўся з-пад акна да плота, па якiм iшоў ад ракi кот. Кот усё нiяк не мог дайсцi да варыўнi: доўга нечага глядзеў на мяжу ў леташнюю траву, паклаўшы на жэрдку выгнуты хвост, што серп. Ля варыўнi яго, Алёшу, i знайшла Наста: падышла, не клiкаўшы, мусiць, праз акно сачыла за iм.
- Iдзi сюды, шашок... - Наста смяялася, папраўляючы на галаве хустку. У хаце аж двое жэўжыкаў... Бацян скiнуў. Iдзi, мацi звала. Авечка... Крывiцца яшчэ нечага на старую бабу... - Наста завярнулася i пайшла на двор.
Ён не стрываў, заплакаў, не ведаючы чаго, i пабег мяжой ля плота пад лог. Убачыў толькi, як скочыў з жэрдкi пад ногi кот, падняўшы дыбам на спiне поўсць, i над самай галавой закiгiкала кнiгаўка - заляцела ад ракi з логу на гарод.
...Ён не спаў усю ноч, не заснуў i ранiцай. Сонца свяцiла ў акно з двара, якраз на сцяну, дзе вiсела маленькае старое люстэрка, i яму, Алёшу, калола ў вочы што вострымi шпiлькамi, дастаючы аж на печы.
У галавах на лучыне кратаўся кот, пацягваўся, выставiўшы ўперад лапы, i Алёша падумаў, што кот варожыць на холад. Чуў пасля, як скрыпiць у хаце ля матчынага ложка калыска на новых лейцах - iх вiў нядаўна бацька, падвешаная да бярозавай жэрдкi, якая прывязана пасярэдзiне да бэлькi. Калыска старая; ля дзiрак, куды зацягнуты новыя лейцы, знаць чорныя плямы: некалi былi клапы, i iх выганялi агнём - лучынай.
Пасля цiха-цiха пачынала пець на ложку ля акна мацi, мусiць, каб не разбудзiць яго, Алёшу.
Люлi... люлi... люля-ясi...
Мацi пела паволi, цягнучы, як i кожны раз, калi садзiлася шыць на машыне цi абразаць на вячэру бульбу. Гэтак яна пела i калi жала ў Кур'янаўшчыне. Згiнаючыся, махала рукой, закладаючы серп, i пела.
Ён любiў, калi мацi пела. Толькi мацi кожны раз пела працяжныя песнi, i яму рабiлася нудна i хацелася плакаць.
Мацi цяпер пела ля акна, як дзе далёка на полi. Яму здалося, што цiха на дварэ i ў хаце; цiха ўсюды, толькi чуваць песня.
...Пабiлiся два Я-ясi.
За якую прычы-ыну?
За красную дзяўчы-ыну.
А дзе тая дзяўчы-ына?
Калода забi-iла.
А дзе тая кало-ода?
Чэрвi патачы-ылi.
А дзе тыя чэ-эрвi?
Куры паздзяўба-алi.
А дзе тыя ку-уры?
Каршуны падра-алi.
А дзе тыя каршу-уны?
За мора паляце-елi.
А дзе тое мо-ора?
Краскамi пара-асло...
Ён падняўся, апёршыся на локаць, убачыў, што мацi ляжыць на ложку, накрыўшыся па шыю. Вiдаць толькi з-пад пасцiлкi яе голая рука: мацi ўзялася за бераг калыскi. Зыбае пад песню, а сама глядзiць угару, некуды ў столь, закiнуўшы галаву.
А дзе тыя кра-аскi?
Дзевачкi парва-алi,
А дзе тыя дзе-еўкi?
Хлопцы замуж пабра-алi.
А дзе тыя хло-опцы?
На вайну забра-алi.
А дзе тая ва-айна?
Пасярод кучы...
Ехаў пан - растапта-аў...
Бег сабачка - пахлябта-аў...
Мацi доўга пасля маўчыць, гледзячы ў столь i не прымаючы рукi з калыскi...
Тады прыходзiць з двара бацька - Алёша не чуе, калi ён адчыняе дзверы, - iдзе да калыскi, бярэцца рукой угары за лейцы, дзе яны перавязаны аборай па пасцiлцы.
- Дзе гэта ўсю ноч гарэла? - мацi пытаецца зноў цiха, усё роўна як пяе. - Якраз на ферму... На Карчаваткi недзе... Зарыва было на ўсё неба. У акно добра вiдаць...
- Даўгынава бралi... Жалязняк... - бацька падыходзiць да ложка блiжэй. - Юзюк яшчэ з падвод не вярнуўся...
Мацi, не прымаючы рукi з калыскi, паварочваецца на хату, паклаўшы галаву на падушку ў другiм месцы, i пачынае пець яшчэ цiшэй:
...Люлi... люлi... люля-ясi...
Бацька, пастаяўшы, iдзе ў парог...
Сонца заходзiць, мусiць, за варыўню, за страху, не лезе ўжо ў вочы. Цямнее ў хаце; зноў пачынаюць злiпацца павечкi. Здаецца, Алёша сам у калысцы i яго калыша мацi: з боку - на бок, з боку - на бок...
Калыска раптам становiцца, не чуваць трасанiны, мусiць, мацi прыняла руку, кiнуўшы калыхаць, i клiча - будзiць: пара праганяць у поле карову. Клiча моцна, на ўвесь голас...
Алёша адплюшчыў вочы i спопаразку падскочыў на мяхах...
Ля калёс апёрлася на ляжэйку Наста - будзiла.
Зайшло сонца. Калёсы стаялi ля ракi на чорным, парытым выгане. Здавалася, выган пааралi плугамi трактары: знаць сляды ад гусенiц. Глянуўшы ўперад, Алёша ўбачыў, што стаяць усе падводы.
Аднекуль пахла дымам - прыпаленымi сасновымi лапкамi; уперадзе, у альшэўнiку, па каменнi, мусiць, шваргатала рака.
Насту паклiкалi мужчыны, i Алёша тады ссунуўся з мяхоў на зямлю, на сухую траву: калолася ў ногi.
Ля ракi ён пачуў, што падняўся вецер: у альшэўнiку на беразе шапацела лiсце. Пасля вецер падзьмуў у шчокi, баючыся, як на рану.