Нашто чалавеку даецца адпачынак? А на тое, каб наглядзеўся ў люстэрка i прывык да зменаў, што адбылiся са знешнасцю за доўгi працоўны год. Вось i сiвыя валасы на скронях. А на зубе металёвая каронка. Блакiт вакол зрэнак выцвiў, але, калi апрануць блакiтна-зялёную кашулю — ён нiбыта i адновiцца, паярчэе. Падгляданне за сабою — такi салодкi i патрэбны занятак... павер мне. I трэба ж зноў падрыхтаваць сябе да сустрэчы з табою. А замест гэтага я ўключаю ТV i гляджу карыду. Гэтым разам не сапраўдную, а парадыйную. На арэне карлiкi, адны толькi карлiкi. І пiкадоры, i матадоры, i замест каня — понi, i замест быка — цяля. Замест тарэадора — таксама карлiк. Усе лупавокiя, нават понi i цяля. Усе крывяць пысы. Усё выглядае гратэскава, як блазнаванне, як дурны жарт. Толькi карлiкi, ведаеш, натуральныя. Фэст скончыцца, а росту ў iх не прыбавiцца нi на сантыметр, i насы застануцца расплюснутыя, храпастыя, а вусны грыбатыя. Гэта стыль мадрыдскага каралеўскага палаца, стыль студыi Веласкеса, майстэрнi Гоi, лабараторыi Пiкасо... Гэта ён — вялiкi стыль Iспанii стагоддзя, стыль мастакоў з жорсткай фашыстоўскай краiны, стыль Мiро, Грыса, Далi, Буньюэля, Хiменаса, Лоркi, Гаўдзi, Тангi. Карыда — iх стыхiя, iх аб’ект вывучэння, iх спадчынны сон жахаў, дзе i цялятка можа знявечыць, скалечыць, растрыбушыць чалавека, калi той чалавек раз’юшвае яго чырвонай анучаю, калi чалавеку нестае спрыту i калi чалавек — карлiк, i ў яго не твар, а пыса, намаляваная iголкаю Францыска Гоi.
Пачвары лезлi, кiдалiся, выскалялiся на мяне з тэлевiзiйнага экрана. Я нацiснуў на кнопку пульта, i ўсе яны разам з арэнным пяском згарнулiся ў iскрыстую кропку, пазiхацелi i расталi ў цемры, як драбок солi распускаецца ў таматным соку, як нядзеля растае ў шасцi працоўных днях.
А была якраз нядзеля, i не было сонца. Для Беларусi ў гэтым сказе няма таямнiцы, i выгоды няма, а вось для каталонца, для барселонца, для iспанца выгода ёсць. У нядзелю на Plaza De Toros Monumental De Barselona ў 18.30 пачынаецца карыда. Стадыён для карыды, як i кожны цырк, падобны да старажытнага рымскага Калi зея, таму адпаведна частка трыбунаў будзе ў ценi, а частка — пад сонцам, i гэтае i спанскае, каталонскае, барселонскае сонца з 18.30 да 20.30 спячэ любога. А таму i квi ткi на сонечныя трыбуны каштуюць танней. А я ўзяў на сонечны бок, танны квiточак, на самы апошнi рад, пад навес. Я не шкадаваў грошай. Дый рознiца памiж самымi таннымi i самымi дарагiмi месцамi невялiкая. Мяне больш радавала тое, што я падмануў неба i сонца, што квiток у маёй руцэ, а на iм напiсана Corida De Toros. Квiточак глянцавы, з каляровым малюнкам: пяць чорных цяглавiтых быкоў пасвяцца сярод кветак, удалечынi бела-ружовы горад з аркадамi, галерэямi ды вежамi, над горадам пурпуровае, ружовае трывожнае неба. Такi квiток хочацца захаваць на ўсё жыццё, пакуль ён чысты, новы, блiскучы. Але вось тоўсты кантралёр у чырвонай фуражцы (у Беларусi ў такiх чыгуначнiкi хадзiлi) камечыць i ломiць мой квiток напалам. А яшчэ адрывае кавалак. Пакамечаная паперка зноў у мяне, але захоўваць яе не хочацца, нават да канца карыды. Адно што па ёй трэба знайсцi сваё месца. З горам папалам, скачучы праз прыступкi, залажу на сваю andanad’y, што азначае сектар, i спрабую сесцi. Але сесцi мне не ўдаецца, бо праз мяне пачынаюць лезцi нейкiя людзi з вельмi знаёмымi тварамi.
— До гуры! До гуры! — крычыць на ўвесь цырк крываногая, чорная, загарэлая, як шакаладная цукерка, кiраўнiца.
Ага, усё ясна з вамi, палякамi, вы, значыць, хiтрэйшыя за габрэяў, i набралi самых танных квiткоў. Зрэшты, i на карыдзе воляю лёсу беларус апынуўся побач з суседам па глобусу. Лёс! Толькi я пацiху ссунуўся з вялiкага шляху польскае нацыi. Ссунуўся i зiрнуў на арэну.
Бог, мой сведка! Закруцiлася галава. Ад стромы, ад вышынi, ад нечаканасцi, ад адсутнасцi хоць нейкiх парэнчаў. Мне зрабiлася млосна, i каб не глыток вады, не ведаю, чым бы ўсё скончылася. Цалкам верагодна, што мог упасцi i забiцца. І скажу табе, у Каталонii я пераканаўся, што вада — гэта жыццё. Ісцiна, яна, вядома, у вiне. А ў вадзе жыццё. Маеш бутэлечку з вадою — жывеш, не маеш — памiраеш, сохнеш, вянеш, марнееш i думаеш толькi пра тое, дзе ўзяць глыток вады. У Барселоне са спакойным сэрцам i без дрыжыкаў у каленях я памяняў бы пляшку гарэлкi на пляшку простай вады. А ў Мiнску зрабiў бы наадварот. Клiмат. У Барселоне мне хапiла глытка вады, каб вярнуць страчаную раўнавагу. Я сеў i пачаў разглядаць краявiд.