Сярод рознай драцяной i пруцяной павуты, сярод дахаў i гмахаў, што ўзвышалiся за трыбунамi, я разгледзеў i вежы касцёла Sagrada Familia. Прысутнасць архiтэктурнага шэдэўра мяне канчаткова супакоiла. Чаго не скажаш пра астатнiх гледачоў. Яны, убачыўшы задрыпанага рабочага арэны, якi штурхаў наперадзе сябе блакiтную цялежку з крэйдай i маляваў кола, пачалi пляскаць у ладкi, свiстаць, гудзець i раўцi. Мусiць так раўлi трыбуны i перад боем гладыятараў. Зрэшты, карыда i ёсць бой гладыятараў, толькi з усiх сысуноў у ёй вытрымалi эвалюцыйны адбор людзi i быкi, а вось iльвы, тыгры, пантэры, ягуары, рысi не вынеслi канкурэнцыi, як i чалавечыя двубоi, i былi выкрасленыя з цыркавой праграмы. Застаўся зусiм просты сцэнар: дзесяць чалавек, два з якiх на конях, нападаюць на аднаго быка i забiваюць яго, i так шэсць разоў на тыдзень. Здараецца i неспадзеў-ка — бык забiвае каня. А бывае i трагедыя — гiне тарэадор. Статыстыка досыць простая: кожную нядзелю на Plaza De Toros Monumental De Barselona гiне 6 быкоў, а кожны год на тым жа пляцы атрымлiваюць смяротныя раны 4 тарэадоры. Конi гiнуць не так часта, як людзi, бо выступаюць у латах. Кожнаму сваё. Адным вызначана жыць доўга i шчаслiва, другiм лёс рыхтуе пакуты на пяску, перамяшаным з бычынай крывёю. О, як любяць гледачы гэтыя захапляльныя для душы хвiлiны, калi жах перацiскае дыханне, бо бычыныя рогi не ўспаролi паветра, а працялi зiхоткi каптанiк тарэадора i выпусцiлi на волю вольную чалавечыя вантробы. Пясок прагна ўсмокча кроў, лекары вынесуць цела, граблi прыбiральшчыкаў заграбуць плямiны i ямiны, а душа тарэадора ўздымецца над арэнаю, сядзе на дахоўку навесаў, каб адтуль сачыць за змаганнямi чалавека i быка. Душы забiтых тарэадораў — iдэальныя гледачы. Яны ж не равуць, не свiшчуць, не крычаць хорам: «Тарэра фу!», не шпурляюць на арэну пустыя бляшанкi з-пад пiва. Але яны i не вiтаюць удалае выступленне ўзмахамi белых хусцiнак, не прыносяць букеты ружаў i бурдзюкi з вiном, як тыя гледачы, што сядзелi побач са мною. Яны, як толькi зайграў духавы аркестр з нагоды распачатку карыды, узнялi такi лямант, што мне давялося затулiць свае барабанныя перапонкi. Асаблiва старалася чатырохгадовая таўсташчокая iтальяначка. Яна мужчынскiм голасам крычала: «То-ро! То-ро! То-ро!» А тым часам матадоры, тарэадоры, пiкадоры ды «пахавальная брыгада» абышлi чвэрць арэны, пакланiлiся трыбуне з начальствам (мэр Барселоны) i вярнулiся за чырвоную браму.
Больш за ўсiх уражвае «пахавальная брыгада» — мужчыны ў мышыных строях i тройка магутных гнядых коней у шырокай збруi. Наяўнасць такой брыгады настройвае на паважны лад. Цырк, яно вядома цырк, i смешна, i весела, але быкоў будуць забiваць, i каля «чорнага» ўвахода, згадваецца, стаяла машына «хуткай дапамогi»...
Пачатак, пры ўсёй доўгачаканасцi, адбываўся знянацку. Я зрэагаваў на барабанны пошчак i пачаў шукаць вачыма бубнача. Знайшоў! I тут з-пад трыбуны з бубначом на арэну выскачыў першы бык. З першым усё адбылося гладка. Бык патрэбную колькасць разоў пагрукаў у чырвоныя дашчаныя шчыты, за якiмi хавалiся матадоры. Бык зрабiў напад на пiкадора, а той прапароў дзiдаю бычыны хрыбетнiк. І бычыная спiна, бычыны бок i нават нага заблiшчэлi ад крывi. Матадоры ўвагналi шэсць бундэрыльяў у акрываўленыя плечы жывёлы. Ашалелы i змучаны бык не надта каб перашкаджаў матадору выконваць грацыёзнае танчанне. Адзiнай незапланаванай акцыяй з боку жывёлы было вырыванне ў матадора чырвонай анучы. Публiка адзначыла здарэнне свiстам i тупатам. Матадор хутка выправiўся i закруцiў быка з дапамогай вернутай анучы так, што той, небарака, спатыкнуўся i прыпаў на каленi. Гледачы ўзрадавалiся. Але праз хвiлiну раззлавалiся, бо матадор не змог закалоць быка з першага ўдару. Калi б гэтыя тысячы гледачоў ведалi, што здарыцца з другiм быком, яны б так не злавалi i не крычалi на першага матадора. Ды толькi Бог усё ведае наперад. А чалавек жыве ў iмгненнi цяпер i свiшча, i раз’юшваецца, калi што не па iм.