У дзяцiнстве я прачынаўся рэзка, лёгка i з добрым настроем. У Амстэрдаме я проста выскокваў са сноў, i бег прымаць душ, i шпурляў на падлогу ручнiк, i галiўся, i распырскваў адэкалон «Кальвiн Кляiн», i спускаўся на лiфце з люстранымi сценамi ў рэстаран з дзесяцiметровай столлю. Такая высозная столь проста здзiўляе ў лялечнай Галандыi, дзе ўсё вымяраецца прапорцыямi буфета. Толькi да большай прасторы прывыкаеш хутчэй, чым да каменнага меха. А сплеценыя з лазы крэслы нагадваюць пра хатнюю варэльную ўтульнасць. І ты можаш хадзiць па шахматнай падлозе, як кароль, i прыносiць на свой стол любую з трохсот трыццацi трох страў. Асабiста я снедаў наступным чынам... Аўсяныя муслi з вяршкамi елiся пасля салаты са свежае гароднiны, розныя агуркi, памiдоры, крышку цыбулi, зусiм крышку, каб не пахнуць. Цыбуля вельмi добра дапаўняла смажаны бекон з амлетам. Да бекону варта дадаваць скрылiк лiмона, выцiснуць дзве-тры кроплi на ружаватае, крышку падсушанае мяса. Я ж не француз, каб запiваць сняданак шампанскiм, таму налiвалiся семдзесят грамаў грэйпфрутавага соку. Мне падабалiся стограмовыя гладкасценныя шкляначкi для соку. Выпiў i налiў яшчэ. Бекон у галандцаў чарстваваты, перасушаны, занадта хрусткi, а таму пiўся грэйпфрутавы сок, а не апельсiнавы, таму i кропля лiмоннае кiслаты не зашкодзiць страўленню, i цыбуля, i гурок. Пасля бекону добра пакаштаваць якую-небудзь грунтоўную салату, лепей мясную цi курыную, тунца цi iншую рыбу лепш не чапаць. Рыба кепска паводзiць сябе ў малацэ. Калi ўзяў крабавыя палачкi, дык забудзься пра вяршкi з муслямi. Ранiцай я рыбу не ем. Рыба не любiць вяршкi. А я люблю. Яшчэ дыня вяршкi не любiць. Толькi амстэрдамскае дынi я не бачыў. І таму мой страўнiк пазбегнуў спакусы. Я шкадую страўнiк. Раней не шкадаваў, а цяпер шкадую, i каву п’ю толькi на працы.
У Амстэрдаме чорная моцная кава была без патрэбы. І я пiў крыштальна-бурштынавую гарбату i еў кiвi. Я вельмi зграбна магу абабраць кiвi. Беларус добра абiрае кiвi. Кожны беларус з дзяцiнства прывучаны абiраць бульбу, гэта нацыянальнае, гэта ў крывi, гэта вышэй за асобу. А таму нават тупаватым нажом я зграбна зрэжу варсiстую скурку. Галандцы таксама спрытна распраўляюцца з кiвi. У iх таксама абiранне бульбы — старажытны нацыянальны спорт. I менавiта ў Амстэрдаме вiсiць самая беларуская з усiх сусветных карцiн «Едакi бульбы» Вiнцэнта Станiслававiча Іван Гога. Такая цёмная-цёмная-цёмная карцiна. Такая смачная-смачная-смачная пара сыходзiць ад сопкай бульбы. Што можа быць смачнейшае за добра звараную, пасоленую шчопцямi бульбiну? Ну хiба што смарагдавы скрылiк кiвi з срэбнага двухдзюбага вiдэльца. Дэсерт заўсёды выклiкаў у маёй душы хвалю лагоды. Пасля снядання чалавек дабрэйшы ўтрая.