Як дакладна працуюць аўтаматы! Радыёімпульсы лакатараў будуць суправаджаць ракету на ўсім яе шляху. Калі спатрэбіцца змяніць курс палёту, ён будзе зменены. I гэта зробіць чалавек з Зямлі, знаходзячыся далёка ад касмічнага карабля...
Цяжка перадаць пачуцце, якое ахапіла нас. Мы крычалі «ўра!», аблымаліся, віталі адзін аднаго з перамогай. I як было не хвалявацца! Услед за гэтай ракетай паляціць другая, у якой будуць людзі, астранаўты.
13 чэрвеня.
«Алмаз» дасягнуў Месяца. Палёт прадаўжаўся крыху больш 50 гадзін. Атрыманы першыя тэлевізійныя перадачы. Мы ўбачылі адваротны бок Месяца. Некаторыя вучоныя сцвярджалі, што там яго паверхня мае форму ўвагнутай чашы. Няпраўда! Тыя-ж самыя горы, кратэры, шчыліны, чорныя правалы — малюнак пустэльнасці і безжыццёвасці.
«Алмаз» стаў спадарожнікам нашага начнога свяціла. Нарэшце мы ўпершыню ўбачылі з далечыні сваю Зямлю. На тэлеэкранах яна з’явілася перад намі ў выглядзе блакітнага шара з прыплюснутымі полюсамі. Дык вось ты якая, маці-Зямля! Цяпер мы бачым i твой твар, такі велічны i прыгожы, што доўга не можам адарвацца ад тэлевізараў.
Сёння ва ўсіх газетах апублікавана паведамленне Акадэміі навук СССР аб старце міжпланетнага карабля «Алмаз». На вуснах усіх — імёны канструктараў і вучоных, дзякуючы намаганням якіх заваявана новая перамога. Нават цяжка сабе ўявіць грандыёзнасць падзеі, што адбылася.
Мы падышлі блізка да Месяца. Бачым яго грозныя бастыёны — востраканечныя горы, нізіны. Табой, Месяц, маглі любавацца закаханыя i паэты, але хадзіць па тваіх прасторах будуць толькі смелыя, з мужнымі сэрцамі людзі.
Ага! Не магу без хвалявання пісаць. Позна ўвечары адбыўся небывалы ў гісторыі чалавецтва салют. 3 ракеты «Алмаз» роўна ў 22 гадзіны па маскоўскаму часу на неасветленую частку Месяца былі пасланы некалькі дзесяткаў снарадаў са спецыяльнай агністай сумессю. Усюды, у нас, у Азіі і Афрыцы, людзі назіралі за небывальімі фіялетава-сінімі ўспышкамі. Здавалася, на Месяцы пачалася навальніца... Агністыя выбухі і сполахі нагадвалі маланкі. Усе людзі пераканаліся — ракета дасягнула Месяца!
Гэта быў трыумф совецкай навукі, найвялікшая церамога людзей над прасторай. Пройдзена 380 тысяч кілометраў! Я так расхваляваўся, што доўга не мог заснуць. Ці бачыла ўспышкі на Месяцы Наташа? Хацелася ведаць, як яна назірала касмічны феерверк? Хоць на душы — радасць, урачыстасць, недзе пад сэрцам жыве туга. Я раней амаль ніколі не ведаў гэтай тугі. Як адчапіцца ад яе? Мабыць, зрабіць гэтага я не здолею. Туга так прывязалася да мяне, як наша ракета да Месяца! Няўжо яна стане маім спадарожнікам? Прызнацца, я баюся гэтага.
15 чэрвеня.
Мы да драбніц вывучаем трасу свайго палёту. Кожны дзень разлікі, задачы, табліцы, вылічэнні. Самастойна складаем нябесныя карты. Завучаны на памяць графік рэйса. Калі-б мяне разбудзілі ноччу і спыталі, з якой хуткасцю будзем ляцець на адлегласці 120 тысяч кілометраў ад Зямлі, я адразу даў-бы беспамылковы адказ. I не дзіўна! Так доўга і настойліва мы рыхтуемся да адказнейшага моманту ў нашым жыцці. Дарэчы, мы будзем ляцець да Месяца не 50 гадзін, як ракета «Алмаз», а 30 гадзін. А тлумачыцца гэта асаблівасцямі астранаўтыкі. У час палёту мы ўключым фатонныя рухавікі, якія дапамогуць павялічыць хуткасць ракеты да 15,2 кілометра ў секунду.
У апошнія дні часта блукаю па лесе. Яго працяжны, крыху тужлівы шум супакойвае, напаўняе нейкай лёгкасцю i бадзёрасцю. Мне здаецца, каб у мяне былі раны, я іх гаіў-бы шумам лесу, яго цішынёй і прахалодай.
Некалькі разоў прыходзіў да ляснога возера, шукаў вачыма знаёмую постаць. Яе не было. Я чакаў, спадзяваўся, i мае наведванні возера зрабіліся яшчэ болей частымі.
Сёння ў мяне асабліва радасны настрой. Нам паведамілі, хто ляціць першым рэйсам на Месяц. Я лячу, лячу да зор! Разам са мной рыхтуецца ў рэйс Віктар. Начальнікам экспедыцыі назначаны Іван Іванавіч Дзянісаў.
На душы ў мяне — радасны непакой перад сустрэчай з чаканым, крыху загадкавым будучым днём. Я цалкам аддаўся марам. Абходжу знаёмыя сцежкі, лугавіны, лясныя сцяжынкі.
Я хутка пакіну цябе, бор, буду сумаваць па табе! Чуеш?
Меднастволы, з цёмна-зялёнай чупрынай, ён глядзіць на мяне, нічога не адказвае, толькі па-ранейшаму шуміць, шуміць... Можа гэта ён уздыхае, шкадуе аб ростані? Невядома.
Я не прыкмеціў, як падышоў да возера. Над кручай — высокая беланогая бярозка, непадалёку — шэры, патрэсканы камень. Знаёмая сэрцу мясціна! Я міжволі прысеў на камень. Шумелі, каціліся на пясчаны бераг хвалі. Над галавой, пад ледзь прыкметнай вясёлкай, плылі хмары. Я люблю пазіраць на ціхае, спакойнае неба. Яго прастора, халаднаватыя глыбы воблакаў чаруюць сэрца і як-бы астуджаюць пачуцці.
Але па-асабліваму прыгожым становіцца неба тады, калі раптам яно загрукоча, загаворыць магутным, уладным голасам. Хмары ў такі чае робяцца гулкімі, як звон. I хоць іх паласуюць вострыя стрэлы маланак, яны не распаўзаюцца, а плывуць дружна, пагрозліва, і цэлыя вадаспады вады абрушваюцца на палі, лугі, дубровы...