Алег глядзеў у акно абсерваторыі. Ахутаная змрочнай, цёмнай дымкай космаса, ярка свяцілася Зямля. Яна нібы ляцела ўслед за ракетай, круглая, выпуклая, ахопленая мяккім блакітным ззяннем. Абрысы яе мораў і кантынентаў, белыя хвалі воблакаў, што трапяталі над палюсамі, глыбіня космаса — усё было незвычайным, таямнічым, хвалюючым.
Алег марыў аб тым часе, калі скарбы ўсіх планет, i самога Сонца, будуць цалкам падуладны чалавеку. Прыдзе час, і людзі за лік малых планет і астэроідаў наросцяць масу Марса, дадуць яму такую-ж багагую, як на Зямлі, атмасферу, i там бурна і прыгожа зацвіце жыццё.
Ярка гарэлі сігнальныя агні пульта кіравання, дробна дрыжалі штурвальныя рукаяткі ад роўнага гулу масіўных апаратаў. На люстранай трасе экрана ўсё далей і далей прасоўваўся цень мініятурнай ракеты. Паступова змяншалася хуткасць, затрачаная на пераадоленне гравітацыйнага зямнога поля. Набліжаўся час, калі ў работу будзе ўключан фатонны рухавік.
Алег запісаў у вахценны журнал апошнія назіранні і раптам сутаргава схапіўся за падлакотнікі крэсла. Яго прыціснуў цяжар паскарэння. У чым справа? Ён-жа добра ведае, што фатонныя рухавікі павінны запрацаваць значна пазней — праз дзве гадзіны. Ледзяная жудасць агарнула сэрца.
Алег глянуў на панель. На ёй трывожна замільгалі агеньчыкі, настойліва патрабуючы выправіць няспраўнасць. Стрэлка скораметра пачала падымацца ўгару. Яна ўжо адлічыла 12, потым 13, 14 кілометраў. Алег не вытрымаў, ускрыкнуў.
— Што такое? — спытаў Дзянісаў, прачнуўшыся.
— Бяда, Іван Іванавіч... Аварыя... Мабыць, фатонны рухавік няспраўны. Ракету панесла..
Дзянісаў павярнуўся да панелі, бо падысці да яе не мог: не хапала сілы.
— Усё бачу,— сказаў ён і ўсхвалявана i трывожна прабег вачыма па прыборах кіравання. Раптам ён устрапянуўся, падняў галаву: — Алег, што ты гаворыш? Фатонны-ж рухавік не працуе! Чаму такая скорасць ракеты?
Штурман толькі паціснуў плячыма. Звінелі званкі, успыхвалі чырвоныя агеньчыкі — усё на панелі мітусілася, падміргвала.
Віктар абхапіў свой тапчан рукамі, баючыся, што яго можа адкінуць куды-небудзь далёка.
Іван Іванавіч уключыў тэлевізафон.
— Зямля! Зямля! Гаворыць «Вулкан». Растлумачце, чаму павялічылася хуткасць ракеты. Што здарылася?
Мінула доўгая, пакутлівая хвіліна. 3 дынаміка далятаў сухі трэск электрычных разрадаў, працяглае тужлівае гудзенне. На мазаіцы экрана то ўспыхвалі нейкія мітуслівыя цені, то яна спакойна флуарэсцыравала мільёнамі ледзь прыкметных сіняватых кропак. Ні гуку. Зямля маўчала. На твары Івана Іванавіча з’явілася прыкметная бледнасць. Няцяжка было ў такі момант разгубіцца. Да таго-ж, становішча з кожнай хвілінай пагаршалася. Алег дакладваў:
— Перагрузка рэзка павялічылася. Хуткасць 22 кілометры ў секунду. Ракетаі збілася з трасы. Яе нясе ў напрамку сузор’я Лебедзя...
Алег паспрабаваў было ўключыць рухавікі для тармажэння і выпраўлення курсу палёту. Але гэта не дапамагло. Ракету як быццам падхапіла нейкая магутная хваля, збіла i несла ў чорную далячынь сусвету не перадам, а бокам.
Маўчала Зямля, аглухшая, анямелая. Што гэта? Катастрофа?
— Уперадзе метэоры,— ціхім голасам паведаміў Алег.
Віктар і Дзянісаў падхапіліся з тапчанаў, але тут-жа адразу вымушаны былі легчы на іх зноў. Шумела ў галаве, кроў прыхлынула да сэрца. Праклятае паскарэнне! Яно прыкавала свае ахвяры да тапчанаў, нікуды не адпускала іх.
Віктару нехапала паветра. Ён сутаргава хапаў рукамі за грудзі, намагаўся разарваць кашулю. Пачуўся здаўлены, тужлівы, поўны роспачы крык:
— Мы гінем!..
Раздзел дваццаць другі
Вось яна, новая, невядомая планета. Гарызонт вузкі, рэзка акрэслены. 3 усіх бакоў сціснутая прастора — унізе камяністыя, вострыя пікі гор, уверсе і па баках — нізкае неба. Цішыня. Спакой. Аняменне.
Роб убачыў, як пад нагамі прасунуўся зазубраны грэбень гары. Ён міжвольна зжахнуўся. Хуткасць палёту яшчэ досыць вялікая, і, калі не дагледзіш, можна разбіцца.
Уключыўшы маторчык, ён павярнуў да шырокай раўніны, намерваючыся зрабіць на ёй пасадку.
Трэба было папярэдзіць аб небяспецы і Поля. Роб азірнуўся і здзівіўся. Яго нідзе не было відаць. Што за ліха?
Роб загаварыў у мікрафон:
— Дзе вы, капітан? Я вас не бачу! Сцеражыцеся: наперадзе грэбень гары.
Але Поль чамусьці не адказаў. Будзь пракляты гэты пусты каменны свет!
Унізе, пад нагамі, маўкліва праплывалі ланцугі ўзгоркаў, высокія хвалепадобныя валы, чорныя шчыліны правалаў.
А вось і шырокая попельнага колеру раўніна. Роб уключыў маторчык і моцна затармазіў свой палёт. Хвіліна — і пачалося свабоднае вертыкальнае падзенне. Ногі крануліся грунту. Падарожнік з палёгкай уздыхнуў. Азірнуўся. Як дзіўна і незвычайна ўсё тут. Пад нагамі не пясок i гліна, а нейкая камяністая глеба. Не чутно ні ветру, ні шолаху. Як акінуць вокам, голыя даліны, раўніны, плоскаўзвышшы. Усё мёртвае, аднастайнае, нерухомае.