„Паэт, ты без разбору выкрываеш тых, каго называюць катамі радзімы, ты прыбіў Карла V i Філіпа II да ганебнага слупа гісторыі, - ты не так!, як сава, ты не прагматык. Ці ўпэўнены ты, што ў гэтым сьвеце ўжо няма ні Карлаў Пятых, ні Філіпаў Другіх?” - пicaў Шарль дэ Костэр.
11 траўня 1996 году
Сёньня сьніў дачку, якой у мяне няма, а ёсьць яна ў Сашкі-сотага, забойцы. Сьніў, нібы дачушка мая напісала верш, адзін радок асабліва ўдалы. Мы абдымаліся, я рады за яе. Шкада, што не запомніліся радкі. Сон у камеры - другая рэальнасьць: там i дачка, i вершы, i каханая жанчына, i Радзіма, вольная ад набрыдзі... Перачытваю раман „Угрюм-река”. У нас тут усе змрочныя, спадылбастыя. Ніводнай роднай душы блізка, толькі душагубы ды мярзотнікі побач, ублюдкі, спадкі соцыюму, хоць жа таксама чалавекі.
Верш, напісаны дзевятага раніцай.
12 траўня 1996 году
Нядзеля, скончыў чытаць пра змрочную расейскую раку. Шкада Прохара, Ніны, сябе, „нявесты”, якая дзесьці там трахаецца налева й направа, бацькоў ужо немаладых...
Надвячорак, пятая гадзіна. Радыёперадача пра М. Стральцова, у якой бяруць удзел В. Карамазаў, С. Кавалёў, А Кудравец.
Вечар. Радыёперадача „Дрэва жыцьця”. Дыялог: А. Кудласевіч - В. Чаропка. Пра што яны там разважаюць, калі я ўжо сяджу? Ненавіджу разважаньні як духоўную нямогласьць!
13 траўня 96 году, панядзелак
Адпаведны дзень выбраў мой сусед, каб ускрыцца. Выдабыўшы з аднаразовай жылеткі лязо i намачыўшы левае запясьце, чалавек пачаў рэзаць сабе вены. Рэзаў хвілін пяць-сем, я ляжаў на нарах, уткнуўшыся фізіяноміяй у шурпатую сьцяну камеры. Потым чалавек захроп, потым заціх. З абмяклай скрываўленай рукі ў пластыкавы жбан спакойна падалі чырвоныя кроплі. Гэта быў мне сігнал, што пара ўстаць i паклікаць вертухая.
Суседа забралі хутка i вярнулі ў камеру толькі вечарам. Спалатнелы, з зашытымі жыламі, ён упаў на шконку i не ўставаў да раніцы. Яму па-ранейшаму сьвеціць 15 гадоў турмы альбо выключная мера сацыяльнай абароны - расстрэл.
Вяртаюся да ранішняй прагулянкі. Чую ў суседнім дворыку галасы дзьвюх жанчын. Як дзіка - жанчына за кратамі! Адна маладая, дробна цокаюць абцасікі. Бегае з кута ў кут. Што яна нарабіла? За што? А што ні было б - так шкада. I такі голас - малады жаночы голас! Ну й дзянёк, жаль i нянавісьць ціснуць на грудзі, а я любіць хачу, ой як любіць!
14 траўня
Гадавы юбілей акупацыйнага „рэферэндуму”. Ноччу закінулі ў камеру самага сапраўднага кітайца Ліня. Днём пасьля абеду прынесьлі перадачу ад маткі.
15.05.96 году
Учора зайшла дачка ад дзяўчат, а таксама газэты. Чакаю пісьма ад Галіны. У кабінеце сьледчага адбылася сустрэча з маці. Вывозілі ў паліклініку, што на вуліцы Макаёнка. Прасьвяцілі лёгкія, доктар сказаў, што карані маёй дыхалкі чыстыя. Пакуль „сьвяцілі” - заляцаўся да ёмкай такой медсястры гадоў пад трыццаць пяць. Потым сказаў нехта, што гэта жонка аднаго з кантралёраў.