Н е м е ц. Не магу паверыць, ваша прэвасхадзіцельства! Заўсёды генэралы кажуць, што яны не генэралы, калі іхнае генэральства пачынае ім самім бокам вылазіць. А дзеля гэтага — прашу ў палон!
М і к і т а. Оей! Оей! I зразумеў і не паверыў. Гвалтам робяць генэралам. Чаму ж ты скрозь дна не правалілася, мая ты пажарная каманда! Аяей! Аяей!
Г а н у л я. (ходзячы па хаце і ломячы рукі). Матачкі мае родныя, бацечкі мае хрышчоныя! Што гэта робіцца? Садом і Гамора! (Стукав у Янкавы дзверы.) Пане настаўнік! Дзядзька беларус! Ратуйце! Немец Мікітку ў палон цягне!
Уваходзяць Янка, Аленка, Гарошка.
З'ява XIX
Тыя ж, Янка, Аленка, Гарошка.
М і к і т а. (стаўшы перад Немцам на калені). Оей! гэр гэрманіш, кіндар фатэрлянд! балабостачка мой ненаглядны! Не губі маёй маладосці — не бяры ў палон! Больш ніколі не буду генэралам.
Я н к а. (чуўшы гэту гутарку). У чым справа?
М і к і т а. Оей! Оей! Мусье немец зрабіў мяне, меджду протчым, генэралам і хоча ў палон цягнуць, а я не хачу быць генэралам і не хачу ў палон цягнуцца. Оей! Оей! Пане настаўнік, бацька беларус! выбаўляй з ягіпецкай няволі!
Я н к а. (адвёўшы набок Мікіту). Дайце яму тры рублі, і адчэпіцца.
М і к і т а. Дам дзесяць, а толькі ратуйце, меджду протчым! (Мацае па кішэні.) Ой, грошы засталіся ў рэгістратарскіх «меджду протчым». Пазычце мне да заўтра.
Янка дае яму грошы, Мікіта падыходзіць да Немца, становіцца на адно калена і падае грошы.
М і к і т а. Вось вам, ясне мусье немец, гэр гэрманіш, пакуль што контрыбуцыя, заутра дам энэксыю, а там, калі не хопіць, жонак, дзяцей залажу, меджду протчым, мамашу, толькі дайце перадышку, не цягнеце ў палон!
Н е м е ц. (хаваючы грошы). Загаварылі б адразу гэткім языком, ваша прэвасхадзіцельства… (Бярэ «пад казырок» і выходзіць.)
З'ява XX
Тыя ж, без Немца.
М і к і т а (зрываючы з сябе і кідаючы па чарзе аб зямлю часткі пажарніцкага ўбору). К чорту пажарніцкую каманду! К чорту пажарніцкую кар'еру! (Пускаючы аб зямлю кніеамі.) I нямецкае шпрэхэн к чорту! I нямецкая губарнатарская канцэлярыя к чорту! Ад заўтрашняга дня займуся свабоднай профэсыяй — буду на Койданаўскай вуліцы гандляваць нямецкімі рублямі.
Гануля падбірае параскіданае, Аленка штохвіля пырскае смехам, Янка насмешліва ківае галавой, Гарошка пыхкае мацней люлькай і плюе.
Заслона.Дзея другая
Позняя восень. Сцюдзёна. Пад вечар. Месца дзеі — кусок Катэдральнага пляца, называнага іначай мянчанамі «Брахалка», — бліжэй ад Койданаўскай вуліцы, з відам насупроць — вежа з гадзіннікам. Па пляцы колькі дрэў без лісцяў, некалькі садовых лавак. Праз усю дзею праходзяць то сюды, то туды рознага калібру грамадзяне, грамадзянкі і йграе напераменку лера і шарманка. Пры падняцці заслоны першым праходзіць справа ўлева Лернік з лерай, а пасля Шарманшчык з шарманкай. Некалькі быўшых паняў, стоячы радам, прадаюць усялякія хатнія манаткі. Непадалёк ад Паняў такі самы тавар прадае Гануля.
З'ява I
Гануля, Мікіта.
М і к і т а (у выцвіўшым чыноўніцкім асеннім пальце з настаўленым каўняром, з парасонам уваходзіць справа; да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, прадалі што-небудзь ці не?
Г а н у л я. А ні на іголачку. Як хто зачараваў. (Паказваючы на Паняў.) У тых таксама ніхто нічога не купіў.
М і к і т а. Нешчаслівым для гандлю і мне сягоннешні дзень выпаў. Каб хто хоць на смех запытаўся аб марках. «Рускія», кажуць, давай, а нямецкія, кажуць, меджду протчым, немцу прадай. А дзе тут таго немца зловіш, калі — па чутках — амаль не ўсе ўжо з гораду выйшлі. (Да праходзячаеа грамадзяніна.) На хвіліначку, пане мусье! Хачу вам нешта запрапанаваць. (Грамадзянін затрымоўваецца.)
Можа, з ласкі сваей купіце ў мяне маркі?