Пабегла Хомчыха па дзіцё. Падняла кашолку і ўзрадавалася:
— Дзіцё цэленькае! Смяецца, дурненькае… Дзякуе панічу…
У гэтую ж хвіліну з лесу выскачыла мядзведзіха, вырвала з рук Хомчыхі дзіцё і знікла ў лесе.
Дзівіліся людзі, а Хомчыха качалася па ржышчы ды галасіла:
— Дзетка мая маленькая… Дзетка мая родненькая…
Паніч склікаў паляўнічых з усёй ваколіцы. Нарыхтавалі аблаву. Мядзведзіхі і след прастыў.
Суседзі радзілі Хомку панесці малых медзведзянятак у лес на тое самае месца, дзе ён іх узяў.
Хомка так і зрабіў.
У тую ж ноч чуе Хомка — нехта стук-стук у акно. Ён падышоў, бачыць — за акном мядзведзіха стаіць ды лапай, як чалавек, не раўнуючы, грук-грук па шыбе.
Пабаяўся Хомка выйсці з хаты. Затое Хомчыха смела выскачыла — матка… Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае.
Мядзведзіха падняла з зямлі дзіцё і падала мацеры ў рукі. Хомчыха падзякавала. Мядзведзіха нешта зараўла ў адказ. Паглядзела на Хомчыху, паслухала, як тая плача і смяецца ў адзін і той самы час, выцерла лапай вочы ды спакойна пайшла на гумно, а адтуль — у лес.
Хоць дзіцё жыло ў мядзведзіхі цэлы тыдзень, але было вясёлае і ружовенькае — лепш, чым у маткі. Мядзведзіха не адбывала ж прыгон. Відаць, акуратна карміла чалавечае дзіцянё сваім мядзведскім малаком.
Дзіцё расло дужае, здаровае. Вырас добры хлопчык. Як ён пачаў хадзіць, яго ўсё цягнула ў лес. Аднаго разу ён пайшоў у лес — і, колькі яго ні шукалі, не знайшлі.
— Пэўна, ваўкі з'елі, — гаварылі людзі.
Усё лета палясоўшчыкі скардзіліся, што хтосьці крадзе ў іх хлеб і мёд.
І вось у самую восень, калі надышлі халады, хлопчык вярнуўся дамоў.
— Дзе ж ты быў?
— У мядзведзяў…
— Як гэта?
— Захацелася да іх. Вось я і пайшоў…
— Чым жа ты жывіўся там, сынок?
— Мядзведзіха прыносіла мне хлеб і мёд.
Кожны раз, канчаючы гэта апавяданне, Вышамірскі гаварыў:
— Каб я з гэтага месца не ўстаў, калі маню!
І ён уставаў з месца і адыходзіў дамоў, абапіраючыся аб кіёк.
— Хлусіць Вышамірскі, — гаварыў дзед.
— Лепш разумная мана, чымся неразумная праўда, — апраўдвала Вышамірскага бабуля.
Верабей і цар Саламон
У гадавыя святы дзед любіў выпіць. Аднаго разу ён быў да таго п'яны, ажно хістаўся на нагах. Дзед пачаў скардзіцца, што хата старая і ў ёй нельга жыць.
Хістаючыся, ён выйшаў з хаты, узяўся за вугал і сказаў да бабулі, якая выбегла за ім:
— Перавярну хату, тады Анупрэй збудуе мне новую!
Ён узяўся абедзвюма рукамі за вугал і давай натужвацца.
— Кінь, яшчэ падарвешся, — крычала на яго бабуля.
— Перавярну! Усю зямлю дагары нагамі перавярну! — харахоліўся дзед. — Я дужы, як Гірша-Меер каваль! Я гнеўны, як разбойнік Ціхан! Я строгі, як ураднік Ясінскі!
Тут жа стаяў Анупрэй і рагатаў.
Калі дзед працверазіўся, Анупрэй з яго пачаў жартаваць.
Дзед адказаў свайму домаўласніку байкай.
— Цар Саламон пабудаваў у Іерусаліме хорам. Усе цары Ўсходу і Захаду прыехалі да яго на ўрачыстасць. Яны любаваліся хорамам. Сцены былі з горнага каменя. Дах — медны. Унутры хорам быў аздоблены золатам і серабром. Цары Ўсходу і Захаду хвалілі пабудову. «Ніякая сіла не зварухне такі гмах з месца», — гаварылі яны. У гэты час на медным даху хорама стаяла пара верабеек і слухала гутарку цароў. Верабей, які на царскім піру дзеўбануў драбінку хлеба з лужыцы віна, быў п'яны. Ён зарагатаў пісклявым галаском і сказаў другому вераб'ю: «Глупства гавораць людзі. Я вось тупну нагой — і хорам разваліцца ў пыл і пясок». Цар Саламон, які разумеў мову звяроў і птушак, прыслухоўваўся да гутаркі вераб'я. Ён кіўнуў да вераб'я пальцам. Верабей адразу працверазіўся, спалохана ўзляцеў на дарагі пярсцёнак Саламонава пальца, на які паказаў яму цар, пакланіўся і запытаўся: «Чым маленькі падданы можа служыць вялікаму цару?» Цар Саламон усміхнуўся і сказаў: «Зараз жа ўзляці на дах, тупні нагой ды разбуры мой хорам. А калі ты гэта не здолееш зрабіць — мой востры меч зніме тваю галаву з плеч». Верабей задрыжэў ад страху, узмахнуў крылцамі, нізка пакланіўся цару і сказаў: «Няхай цар Саламон жыве тысячу год. Ці ж ты перад сваімі жонкамі часам не пахвалішся? Вось і я пахваліўся перад сваёй жонкай. Даруй, вялікі цар». «Дарую, — сказаў цар Саламон. — А за тое, што ты так разумна выкруціўся, дазваляю табе збудаваць гняздо на адной з высокіх веж майго хорама».
Скончыўшы байку, дзед дадаў:
— А цяпер, Анупрэпка, я табе пакажу, што я не хваліўся!
Дзед узяў кол, падсунуў пад трухлявы вугал хаты, і ўся сцяна захісталася.
— Ды ты, Лэйзарка, хату разбурыш, — устрывожыўся Анупрэй.
Праз некалькі дзён мы перабраліся ў Анупрэеву пуню, і Анупрэй са сваімі сынамі перасыпаў сцены хаты, падняўшы яе на некалькі вянцоў.
Бацькава скрыпка