Апанаваны пэўнаю мэтай, я пабрыў па дарозе на ўсход. Раз за разам азіраўся, чакаючы, што недзе зьявіцца якая машына. Ды не зьяўлялася, не даганяла, нідзе не было ніякай. Тым часам зусім разьвіднела, блакітнае ранішняе неба было без адзінай хмурынкі. Першы дзень міру, вялікі дзень перамогі. Урэшце наперадзе зьявіўся нейкі аўтамабіль з двума афіцэрамі ў кабіне, але ён ехаў насустрач. За ім праз працяглы час паказаліся два прысадзістыя аўстрыйскія аўтамабілі з кузавамі, поўныя вызваленага эўрапейскага люду. Іх было чутна здалёк, яны гарланілі свае песьні, ім было весела. Я ўсё спорна крочыў і крочыў, пакуль гарадок не застаўся далёка ззаду. Дарога стромка прастала па ўзьбярэжжы даволі шырокай ракі. На тым яе беразе, здаецца, таксама пралягала шаша, і дарожны рух там быў нашмат большы, чым тут. Аўтамабілі так і снавалі ў абодвух кірунках, і я здагадаўся, што там — амэрынкацы. Рака сталася мяжой паміж дзьвюма зонамі.
Але што было мне рабіць? Здаецца, я памалу цьверазеў пасьля ўчарашняга і ўсё выразьней адчуваў авантурнасьць майго намеру. Гэтак пехатой я не дайду, усё ж мы далекавата ад'ехалі ўчора ад нашага апошняга рубяжа. А калі і пашэнціць урэшце з машынай, дык ці спраўлюся я ўпару. Усё ж, як ні круці — я ў самавольнай адлучцы, і ў палку хутка заўважаць маю адсутнасьць. Мабыць жа, пачнуць урэшце цьверазець пераможцы. Начальства прымусіць.
Але й вяртацца ўжо не было як — не дазваляў гонар.
Мусіць, калі надта патрэбна, дык Бог памагае. Праўда, не заўжды ў час, бывае зь немалым спазьненьнем. Калі ўжо позна і пакарыстацца той боскаю міласьцю. Як нашаму камбату Рукавіцыну. За баі на Днястры паслалі на Героя, так хацеў камбат атрымаць залатую зорку, ды загінуў пад Секешфехерварам. Толькі пахавалі, як прыйшоў указ. Ды каму ён тады быў патрэбны? Так прыкладам падумаў я, і тады ж, азірнуўшыся, убачыў машыну. Толькі падняў руку, як машына згодна затармазіла і мякка спынілася на шашы. Гэта быў магутны ЗІС, з кабіны якога высунулася вясёлая галава ў аблезлай пілотцы.
— Што, лейтэнант? Сядай, пракачу.
Цераз задні борт я ўскочыў ў кузаў, амаль увесь заняты нейкаю старасьвецкаю шафай ці буфэтам з пазалочанымі выкрунтасамі на шкляных дзьверцах; ля самай кабіны тырчэлі яшчэ тры нейкія скрынкі. Месца для пасажыра тут увогуле не было, толькі ззаду ля борта заставалася нешырокая шчыліна, у якую ўціснуліся мае ногі. Трымацца не было за што, і я няспрытна абапёрся рукамі аб сьлізкі бок шафы.
— Во, будзеш трымаць, каб не пасунулася. А то стукнецца, каму адказваць?
Аказваецца, і ў дзень перамогі ня ўсе пілі-елі, падумаў я. Некаторыя займаліся іншымі справамі. Але хай, на здароўе... ЗІС няшпарка каціўся па неблагой дарозе, вясновы вецер прыемна абвяваў мой спатнелы на хадзе твар. Маё жаданьне ўсё ж абяцала зьдзейсьніцца, я быў амаль задаволены. “Пакахай мяне, салдацік, буду вернай жонкаю. А забудзеш — толькі разам з роднаю старонкаю”, — само сабой сьпявалася ў душы. Не, я цябе не забуду, мілая дзяўчынка, запэўніваў я сябе. I ўсё ж нейкі цьмяны, самотны неспакой трывожнымі токамі перадаваўся маім адчуваньням, усё карцела — хутчэй! Я баяўся спазьніцца.
— Перамога, лейтэнант! Глядзі ты, дажылі аднак! — празь вецер ляцеў голас з кабіны, таксама да паловы закладзенай нейкімі пакункамі.
Насустрач пайшлі машыны — легкавыя, штабныя, грузавікі. Гэтыя са спазьненьнем таксама імкнуліся за перамогай, на спатканьне з саюзьнікамі. У вокнах аднаго трафэйнага аўтобуса мільганулі вясёлыя дзявочыя твары і данеслася музыка — там граў гармонік. Мабыць, які армейскі ансамбаль, здагадаўся я, з тых, што натхнялі нас на перамогу. Спазьніліся, аднак, на вялікае спатканьне, трэба было раней.
У знаёмым, бязьлюдным учора гарадку цяпер ва ўсю буяла ажыўленьне, сапраўдны вулічны фэст, зь безьліччу людзей і, як я зразумеў, ня толькі аўстрыйцаў. Сюды зьбіраліся, здаецца, з усяго навакольля, зь недалёкіх горных паселішчаў. На плошчы ля кірхі замільгалі сьцягі — францускі трыкалёр, ангельскі і яшчэ незнаёмы нейкі. Гэта тоўпіліся іншаземцы, сагнаныя Гітлерам з усёй Эўропы для працы на вайсковых заводах. Цяпер яны вольныя і імкнуцца дадому, кожны ў сваім кірунку і пад сваім сьцягам. Мне таксама трэба было дамоў, але мая чарга яшчэ не настала. Зноў жа мяне тут чакала яна.
Трохі ад'ехаўшы ад люднай плошчы ЗІС крута завярнуў на нейкі прасторны падворак і стаў. Вясёлы шафёр саскочыў на брук.
— Прыехалі! Табе куды, лейтэнант?
— Мне далей.
— Што, у армейскі тыл? Не, туды я ня еду.
Заклапочаны, я азіраўся па баках. У двары ўжо стаялі два “студэбэкеры” — пусты і чымсьці гружоны. Але куды яны едуць? I калі? Запытаць не было ў каго. Я абыйшоў іх з другога боку і пад тынкаванай сьцяной убачыў ровар. Жоўтыя, з дрэва ў елачку дзьверы, ля якіх ён стаяў, былі зачыненыя, ніхто адтуль не выходзіў. Я асьцярожна ўзяў ровар і разьвярнуў яго колам да вуліцы. Ніхто мяне не спыніў, не крычаў, і я пакаціў на асфальт.