Сьпярша імчаў, колькі было сілы, шалёна круціў пэдалі. Затым замарудзіў. Усё ж за мной ня гналіся, мабыць, можна было і спакайней. Сустрэчныя аўтамабілі ў асноўным шыбавалі па сваім баку і дужа не заміналі. Толькі аднойчы на павароце я ледзьве разьехаўся з шалёным “доджам”. Адкуль чулася п'яная гамана — пяцёра афіцэраў з бутэлькай сьвяткавалі перамогу. Вакол рассьцілаўся маляўнічы ляндшафт горнай даліны з парослымі хвойнікам схіламі гор; дзе-нідзе ўдалечыні на ўзьлесках відаць былі белыя й шэрыя забудоўкі з шырокімі дахамі; вуліцы прыдарожных паселішчаў упрыгожвалі стракатыя фасады ў стылі фахвэрку. Удалечыні з-за сьнегавых вяршыняў неяк раптоўна выкаціла сонца і зноў, як нядаўна, ударыла ў твар зыркім сьляпучым праменьнем. Сонца з усходу. Там была мая радзіма — бяз гор і прыгожых забудовак, са сваім мілым для мяне зялёным хараством. Цяпер я вярнуся туды. I не адзін.
Памалу акрыяўшы, той мой намер умацоўваўся ўсё болей, перарастаючы ў пэўную нязрушную мэту. Як яе ажыцьцявіць, было ня дужа зразумела. Але мэта аформілася і ўсё болей прарастала ў сьвядомасьць, рабілася неадчэпнай. Адчуваў, адкладваць нельга, задуманае трэба ажыцьцяўляць зараз жа. Дый й чаму не? Вайна ж скончылася. Мне было крыху за дваццаць гадоў, і я яшчэ не спазнаў каханьня. Не было калі й не было каго пакахаць. Неяк у шпіталі пад Знаменкай дужа спадабалася медсястра Нюра з фізкабінэту. У яе разьвівалі недалечаныя рукі-ногі, круцілі “веласіпед”, сьціскалі нейкія спружыністыя “раскарэкі”, Аднойчы я зь ёй пасядзеў на дзяжурстве, пагаварылі, дужа яна здалася мне ласкавай. Яна й сапраўды была ласкавая, ды, на бяду, не да мяне аднаго. Неяк яна дала мне рапіру і прапанавала пафэхтаваць зь ёю. Фэхтавальшчык я аказаўся няўдалы, яна лёгка і ня раз укалола мяне. Але з таго фэхтаваньня я, здаецца, гатовы быў пакахаць яе. Пакуль не пабачыў, як яна фэхтуе з параненым у галаву капітанам-лётчыкам. Мабыць, той быў спрытнейшы за мяне ва ўсіх адносінах і, як ён выпісаўся, сястрычка паехала зь ім са шпіталю. У авіяцыйны полк. Я ж яшчэ застаўся далечваць маю прастрэленую руку. Нюра была ладная спартовая дзеўка, у тым уся справа.
Я прамінуў яшчэ адзін невялікі гарадок у даліне — купку белых і шэрых дамкоў-катэджаў. У вокнах і на гаўбцах матляліся на ветры белыя прасьціны: людзей, аднак, было відаць малавата. У дварах і на ўзбочынах дзе-нідзе стаялі нашыя вайсковыя аўтамабілі, ля іх варушыліся-снавалі вайскоўцы, тут ужо ўладкоўваліся тылы. Мяне ніхто не спыніў ні разу, не запытаў, куды еду. Што значыць — канец вайне! Калі яна доўжылася, хоць тут, за мяжой, ці на нашай зямлі, у тыл за два-тры кілямэтры ад фронту паткнуцца было немагчыма. Скрозь заслоны, шлягбаўмы, кантроль і праверка. Нават параненым трэба было мець дакумэнт — картку перадавога раёну. Крывавая рана яшчэ нічога ня значыла. А цяпер... Хаця ўсё зразумела — вайна ж скончылася.
Вось нарэшце й той наш гарадок — ушчэнт разьбітаю вуліцай ён узьнік з-за павароту. Я пераехаў лінію нямецкіх акопаў, пасьля сваіх. Знаёмая вуліца, як і ўчора, была густа закіданая ўжо раструшчаным коламі друзам, кавалкамі дахоўкі; патыхала гаркотай недагарэлых пажарышчаў. Гэтаму не пашэнціла, напасьледак не ўбярогся, як уберагліся тыя, што ад яго на захад. Лёс гарадоў, мабыць, як і лёс людзей, асабліва ў вайну. Але шчасьце, што ацалеў знаёмы зарэчны катэдж — з-за разьбітага дому на рагу я адразу ўбачыў яго пад гарой, і сэрца маё радасна заляскатала ў грудзях.
Аднак, штось мяне трывожна штурханула знутры, як я згледзеў з мастка напаўрасчыненыя дзьверцы брамкі. Заўжды яны былі зачыненыя, і я пералазіў цераз іх зьверху. Кінуўшы на зямлю ровар, я подбегам патрухаў да блізкіх дзьвярэй. Але дзьверы... Што гэта? Чаму ўвесь ніз іх выламаны, а каменная сьцяна побач чарнее агнянай падпалінай? Яшчэ не разумеючы, што гэта магло азначаць, я піхнуў разламаныя дзьверы нагой і ступіў у знаёмы, як і тады цемнаваты, вэстыбюль.
I адразу ўбачыў яе.
Яе маленькае, бы ў падлетка, цела зьнерухомела на сьлізкіх плітках падлогі якраз на сярэдзіне вэстыбюля, дзе ўчора стаяў круглы столік. З усёй вопраткі на ёй засталася толькі разадраная на грудзях кофтачка, кароткія русявыя валасы разматляліся вакол закінутай на падлогу галавы, на востранькім падбародзьзі сьцёк і запёкся струменьчык сукравіцы. Шырока расплюшчаныя вочы невідушча глядзелі ў змрок высокага падстольля.
Я не дакранаўся да яе, толькі апусьціўся побач на кукішкі і сядзеў так, глядзеў, аглядаў яе мёртвы тварык і ня ведаў, што мне рабіць — плакаць ці, можа, крычаць? Дужа карцела выць і крычаць. Але хто мог пачуць мой крык, зразумець зьдзічэлы мой боль? Страшэнную несправядлівасьць гэтай пагібелі? Вайны ці жыцьця наогул...