Калі надыйшло нейкае адхланьне, я ўстаў і ўпершыню азірнуўся наўкола. У вэстыбюлі панаваў разгон. Усе дзьверы шафы былі расчыненыя, вакол на падлозе валяліся кнігі. Лёгкія зэдлікі ляжалі ў розных месцах вэстыбюлю, століка чамусьці нідзе не было відаць. Два скураныя крэслы, што стаялі каля сьцяны, былі ссунутыя са сваіх месцаў, зь іх парэзаных сядзеньняў тырчэў віты дрот спружын. Марудна адыходзячы ад раптоўнай прастрацыі, я зазірнуў праз расчыненыя дзьверы на кухню, дзе таксама ўсё было параскідана, посуд пабіты, мэбля перакуленая. У наступным, болей прасторным памяшканьні, мабыць, была сталовая з даўгім сталом пасярэдзіне і цёмнымі карцінамі на сьценах. Пустая, аздобленая залатой лепкай рама ляжала на стале, крэслы былі паваленыя і бязладна валяліся па ўсім памяшканьні. А ля наступных дзьвярэй з-за стала вытыркаліся на паркеце доўгія ногі ў чорных з цёмна-сінімі лямпасамі штанах. Доктар Шарф быў застрэлены ў галаву, і лужынка крыві расьцяклася ад яго да дзьвярэй. Я прачыніў тыя дзьверы і адчуў перашкоду, далей якой яны не адчыняліся. Праз шчыліну аднак стала відаць у доле беленькая, бы дзьмухаўка, галоўка фраў Сабіны. Яна таксама была нежывая.
Я хадзіў пасярод гэтага дзікунскага разгрому, перабіраў невідушчым позіркам раскіданыя, патаптаныя, папсаваныя рэчы, вопратку, мэблю і не разумеў нічога. Я быў панішчаны, зьдзіўлены і прыгаломшаны. Хто гэта ўчыніў? За што? Скончылася ж вайна, як жа так? Ці гэта помста, ці рабаўніцтва? Ці, можа, палітыка? Зноў выйшаў у вэстыбюль. Абыякавая да ўсяго Франя ціхенька ляжала на ранейшым месцы. Дык вось як ёй наканавана скончыць жыцьцё. I калі! Напрыканцы вайны. На парозе міру. Калі ў мяне нарадзілася спадзяванка на тое жыцьцё. А ёй менавіта ў такі час суджана было памерці. У свае васямнаццаць гадоў...
Я роўненька склаў уздоўж цела яе маленькія рукі, самкнуў разам яе голыя, скрываўленыя ногі. Нелюдзі і гады! Гады і нелюдзі! Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты. Чаму не разьвярзьнецца зямля, не праглыне іх? Я падняў побач скамячаны квяцісты абрус са століка і роўненька накрыў ім Франю. Але што было рабіць далей?
Дужа пакутна было пазіраць на гэты разгромны вэрхал, бачыць нерухомыя скрываўленыя целы. За вайну я нямала нагледзеўся на забітых, расшкуматаных снарадамі людзей — сваіх і немцаў. Але то былі мужчыны і салдаты. Тут жа маленькае юнае дзяўчо, маё нечаканае каханьне. Мне патрэбна была дапамога, хоць бы якое душэўнае апірышча. Калі б побач былі сябры ці хоць бы мае хлопцы з узвода. Але іх не было, а што я мог адзін? Ісьці на дарогу, дзе сноўдалі аўтамабілі невядомых вайсковых частак, прасіць афіцэраў — хто зь іх зразумеў бы мяне?
Што-небудзь тлумачыць я ня меў сілы. Ды і каму тут справа да гэтай трагедыі ў багатым катэджы? З гэтымі аўстрыякамі ды іхнай служанкай? Мясцовыя ўлады? Дзе мне шукаць іх? Ды і ці ёсьць яны тут, у гэтым разьбітым, учора яшчэ франтавым гарадку? Мабыць, тут панавала бязладзьдзе, і гэтая трагедыя — найперш вынік менавіта таго бязладзьдзя.
Можа, трэба было ехаць у полк? Але полк быў далёка, і я ня мог кінуць тут Франю ды і гэтых няшчасных яе старых. Мабыць, трэба было даць ім якое рады. Апошняй на гэтай зямлі.
Ня ведаючы яшчэ пэўна, па што, я пабрыў у гарадок. Не па той зруйнаванай вуліцы, зь якой прыехаў сюды — пайшоў перавулкамі па-над рэчкай. Тут пашкоджаных дамоў трапляла менш, некаторыя былі з глуха зачыненымі аканіцамі і выглядалі пакінутымі. Дзе-нідзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелі вясновыя кветкі і зацьвітаў бэз. За адным кустом ля фахвэркавай сьцяны я згледзеў чалавека. То быў немалады аўстрыяк у капелюшы, ён падмятаў закіданы друзам падворак і зьдзіўлена знерухомеў зь мятлой у руках.
— Паслухайце, там у катэджы забітыя...
— Ніхтс фарштэйн, — выслухаўшы, крутнуў галавой аўстрыяк.
— Ну забітыя, разумееце? Морд!
— Морд?
— Ну, морд. Там, у катэджы...
— Найн, найн! — апантана закруціў галавой аўстрыяк. — Іх цывіль, нейтраль мэнш. Найн...
Не разьвітваючыся, я скіраваў далей. Чорт бы яго ўзяў, гэтага нейтральнага мэнша. Ці ён зразумеў мяне, ці не захацеў зразумець. Я перайшоў на другі бок кароценькай ускраіннай вулічкі. Якраз на рагу за невысокай цаглянай агароджай размаўлялі дзьве кабеты, і я паклікаў іх з вуліцы. Сьпярша да агароджы падыйшла старэйшая, дзябёлая кабета ў фартуху, затым да яе засьцярожліва наблізілася маладзейшая — худая і кашчавая, у мужчынскім убраньні і штанах.
— Прашу прабачыць фраў. Там — морд, разумееце? Трэба памагчы. Доктар Шарф унд фраў. Шарф унд фраў.
— Доктар Шарф! — жахнуліся кабеты. — Морд?
— Ну. Забітыя. I дзяўчына, фройлен.
Яны штось хуценька загаварылі між сабой, а я каторы раз за вайну пашкадаваў, што колісь абыякава паставіўся да нямецкай мовы. Шчыраваў у іншых школьных прадметах, а ў тым, які найбольш спатрэбіўся б на вайне, ня надта. Я стаяў і маўчаў.
— Гэр афіцыр, — кірхэ! Кірхэ, фарштэйн? — пачалі абедзьве паказваць за рог дамоўкі.