Стралялі здалёк, потым зблізку, а сарачанё бегала, падскокваючы, сярод тоўстых камлёў, спатыкалася, кулялася цераз галаву і крычала, крычала, крычала…
Ад трапнага пападання каменьчыкам у галаву яно крыкнула коратка і хрыпла, застыла і павольна выцягнулася, раскінуўшы шырока крыльцы, стала нечым падобнае на чорна-белы крыж на рудой ігліцы. Страпянулася яшчэ раз і заціхла.
— Другі гатоў! — адрапартаваў некаму Эдзік. — Пускай трэцяе!
— Не, не хачу, — заўпарціўся Віцька, не зводзячы позірку з распластанага на зямлі мёртвага птушаняці. — Я аднаго з сабой вазьму, будзе ў мяне жыць. Я чытаў, што сарокі добра прыручаюцца. А з другога ж ты збіраўся чучала рабіць, яго ж неяк па-другому забіваць трэба…
— Ну добра, — з неахвотай згадзіўся Эдзік. — Давай таго, што на чучала.
Ён узяў працягнутае птушаня, распрастаў яму крыльцы і, крутнуўшы, перакінуў, быццам нейкую анучу, сарачанё дагары. Яно ўцягвала галаву ў плечы, але хутка цяжкая дзюба пацягнула галаву ўніз, шыйка выцягнулася. Сарачанё вісела, бы нежывое, на расцягнутых крыльцах, толькі кропелькі вачэй блішчалі, але і на іх напаўзала брудна-белая плеўка.
— Нічога не будзе! — голасам знаўцы заявіў Эдзік, аглядаючы птушку. — Бачыш, пад крыламі пер’я няма, скура ў пухірах. Маладая яшчэ. Ну і халера яго бяры, тое чучала. Спірту ўсё роўна няма, а гарэлкай добра не прадэзінфіцыруеш. Адно памучышся са скуркай. Давай на сук во пасадзім яго і з дваццаці крокаў — хто першы пападзе, га?
Віцька паціснуў плячыма. За пазухай у яго казытліва паварушылася птушаня.
— Мо адпусціць?
— Каго? Сароку? Такога драпежніка? Ды мы, ведаеш, колькі гнёздаў карысных птушачак выратуем, калі гэту шэльму расстраляем?
— Ну, давай… — згадзіўся Віцька.
Эдзік зноў крутнуў сарачанё ў сваіх руках.
— Той вунь сук добры. А ў мяне нітка ёсць, прывяжам за нагу, каб не ўцякло. Цір будзе!
— Казаў, чучала рабіць будзем, смажаніна будзе… — разнюніўся нечага Віцька.
— Ну, сароку есці я не буду. То ж не сойка, тая птушка чыстая, арэхі есць, а гэтая і падлу цягае. Цьфу! — грэбліва пакрывіўся Эдзік. — У цябе дома кураняты ёсць, а сарока за год 25 куранят крадзе. Во!
— Дзе яна іх крадзе?
— Па вёсках. За сто кіламетраў лятае.
— Хлусіш, — не паверыў Віцька, а Эдзік тым часам ужо вязаў да лапкі птушкі тоўстую нітку.
Праз хвіліну сарачанё сядзела на суку, не варушылася, бы чучала.
Эдзік адлічыў дваццаць крокаў ад сука ў бок Віцькі.
— Во, лінія агню тут, — ён наском кеда разварушыў ігліцу, адкрыўшы чорную тлустую зямлю. — Страляй першы!
Віцька не спяшаўся. Доўга прыцэльваўся, нарэшце стрэліў. Каменьчык праляцеў побач з сарачанём, якое сцялося ўсё, нават доўгую дзюбу схавала недзе на грудзях, прыпала да сука, быццам хацела зрасціся з дрэвам.
Другі, трэці, чацвёрты стрэл — усё міма. Сарачанё бы нехта загаварыў, каменьчыкі цокалі ў сук, праляталі так блізка, што прыўздымалі пер’е птушаняці, а тое сядзела нерухома, бы нічога не адбывалася.
Нарэшце Віцька патрапіў — проста ў галаву. Нават гук быў такі незвычайны, што адразу здагадаешся — пацэліў каменьчык у жывое: «плясь». Ад гэтага гуку ў самога Віцькі нешта пляснула ўсярэдзіне. Ён амаль фізічна адчуў, што птушаня стала раптоўна мёртвым, што знікла невядома дзе жыццё. Не моцны гук, маленькі каменьчык, а вынік — аглушальны, беззваротны…
Птушаня кульнулася ўніз, бы нырнула, павісла на нітцы. На момант раскінуліся сутаргава крылы, распушыўся маладым пер’ем хвост. А потым усё апала, сарачанё ператварылася ў шматок нерухомага пер’я.
— У, гадзіна, здохла хутка, — вылаяўся-пашкадаваў Эдзік і выпусціў яшчэ каменьчык з рагаткі ў бок птушаняці.
Трапіў, мёртвая птушка завагалася на нітцы.
— От, трэба было адразу яго падвесіць! — ляпнуў сябе па ілбе Эдзік. — Яно б трапяталася, вагалася, цікавей было б біць па такой мішэні.
– І так добра, — кісла махнуў рукой Віцька. — Пайшлі ўжо дахаты.
— Чаго ты зазбіраўся? Давай яшчэ паблукаем, мо на сойку патрапім. Ведаеш, якое ў яе пер’е прыгожае? Такое чучала будзе!
— Ты ж казаў, што спірту няма, не атрымаецца. Пайшлі, мне трэба свайму сарачаняці клетку зрабіць да вечара, — стаяў на сваім Віцька.
— Свайму, свайму! Чаго ты яго прысвоіў? Я сарок пачуў!
— А я за імі лазіў! І ты свайго, першага, застрэліў. Гэта мой! — рашуча стаяў на сваім Віцька, і Эдзік уступіў:
— Ну, добра, пайшлі, дай толькі хлеба з агурком, апетыт пасля палявання разгуляўся…
Калі выйшлі з лесу і зарослая амаль палоска дарогі пабегла напрасткі праз луг да сінеючай далёка адсюль вёскі, Эдзік пачаў разважліва:
— Калі па-сапраўднаму, па справядлівасці, па-сяброўску, то ты мне павінен гэтае сарачанё аддаць. Так, я сваё застрэліў, потым мы яшчэ па аднаму. Гэта тваё, што нясеш. А вось рагатка з чые гумы зроблена? Ведаеш, колькі я грошай за гэты бінт аддаў? Ого! А табе не пашкадаваў, рэзаў ты, колькі хацеў. І яшчэ адрэзаць дам, мне не шкада. А ты вось жмінда…
— Чаму гэта я жмінда?