— Дзівак… Ты карту сваю куды потым дзенеш?
— Не ведаю. Я яе ад цікавасці раблю.
— Ясна. Так, працуй. Зробіш — мне пакажаш. Дамовіліся?
— Добра, — зніякавеў ад такой увагі Віталь. — А вам навошта?
— А які ж камандзір без карты? Як мне спадабаецца — куплю. Згода? Тады вось яшчэ: скажаш бацьку, каб заўтра да мяне падышоў, — загадаў ужо ўладна Мікалай Рыгоравіч, садзячыся ў свой «Уазік». — Дамовіліся?
Віталь кіўнуў.
Назаўтра вечарам бацька прывёз каністру бензіну.
— На, — ён паставіў каністру перад разгубленым Віталем. — Рыгоравіч табе прывітанне перадаваў. Казаў, надта чакае тваёй карты.
У Віталя нечакана запалалі вушы. Што праўда, то праўда, бензіну ён выездзіў за месяц не адзін літр…
Чыставую карту ён маляваў не на паперы, а на адваротным белым баку звычайнай кляёнкі, што на стол сцелюць. Выпрасіў у маці грошы, купіў патрэбны кавалак. Лежачы цэлымі днямі на жываце на падлозе, спачатку алоўкам, а потым фламастэрамі чарціў, пісаў, падмалёўваў. Карта ўвачавідкі ажывала, напаўнялася дарогамі, канавамі, дамамі, палямі, ляскамі…
Бацька быў зазірнуў і аж прысеў ля карты.
— Вось дык маеш! Сур’ёзная якая рэч выходзіць!
Карта і на самай справе атрымалася сур’ёзная, вытрыманая па ўсіх законах картаграфіі.
І калі яна была гатова цалкам, калі зверху вялікімі літарамі Віталь падпісаў «Калгас імя…», сам доўга не мог адарваць позірк ад карты: ён не проста любаваўся ёй, яна заварожвала. Не верылася, што гэта ён, Віталь, адзін зрабіў такую рэч!
Мікалай Рыгоравіч па карту прыехаў сам — бацька перадаў, што сын закончыў працу.
Разглядваў ён яе хвілін дзесяць, водзячы пальцамі, ціхенька мармычучы нешта.
— Я толькі вышыні не праставіў… — нясмела сказаў Віталь.
— А? Што? — адарваў позірк ад карты старшыня.
— Ну, трэба яшчэ паказаць узроўні ўзгоркаў, нізін. Але тут працы многа вельмі, тэадаліт трэба.
— Ну, я ўсе горкі-ўзгоркі і сам ведаю, тут гэта не надта трэба… Ай, малайчына, вось гэта работа! Алена Пятроўна! — крыкнуў ён да маці, якая якраз вярнулася з фермы, з ранішняй дойкі. Пра цікавасць старшыні да карты яна ведала — муж расказаў.
— Што вы тут, Рыгоравіч, разам з маім сынам маляваннем рашылі заняцца? — пасмейвалася маці, заходзячы ў пакой, але ў голасе яе былі чутны задаволенасць і гонар за сына.
— Не, я вось хачу купіць у вашага сына яго карту. А паколькі яму няма яшчэ шаснаццаці, то павінен у бацькоў дазвол спытаць.
— Як хоча прадаваць, то няхай прадае! — маці ласкава глянула на Віталя. — Прасі даражэй, сын!
Віталь разгубіўся — жартуе старшыня ці не?
— Э, хлопча, — паківаў пальцам Мікалай Рыгоравіч. — Скончыліся часы, калі «за так» было. Запомні: толькі тады будзе ва ўсім парадак, калі будзе аплачвацца ўсякая праца! От, тады і толькі тады… — Ён задумаўся на хвіліну, нават лоб рукой пацёр.
— Ну, зробім так, калі ты супраць не будзеш: падыдзеш заўтра разам з бацькам да мяне адразу пасля нараду. Мы заключым дагавор на выкананне работ — тады ты нам карту, мы табе грошы. Лады?
— Лады, — адказаў Віталь, а сэрца забухала так моцна, што, здаецца, і іншым чуваць яго было. З ім, які толькі сем класаў скончыў, сам старшыня заключае дагавор…
Мікалай Рыгоравіч яшчэ нахіліўся над картай, памацаў.
— Бач, на кляёнцы намаляваў. Добра, не парвецца…
— То забірайце цяпер, — Віталь прысеў, стаў скручваць карту. — Вы ж…
— Не, не абману, — заўсміхаўся старшыня.
Было бачна, што яму вельмі хацелася ўзяць карту менавіта цяпер, трымаць яе ў руках…
Ды то было год таму. І справа была, і грошы, дарэчы, не малыя атрымаў Віталь — на джынсы і красоўкі хапіла.
Сверб картаскладання грыз яго ўвесь год. І неяк на вечар у школе, прыўрочаны да Дня абаронцаў Айчыны, запрасілі школьнікі Кароту Васіля Яўменавіча, прасцей кажучы, дзеда Васіля. У гады вайны быў дзед Васіль сувязным, а пазней і партызанам. І вось расказваў ён, што адной зімой невялікі атрад партызан уратаваўся ў час блакады на Савіным востраве Ведзьмінай тоні.
Пра Ведзьміну тоню Віталь чуў раней: пяць невялікіх, аднолькавых астравоў вакол чорнага возера. І тады як стрэліла: там ёсць нейкая загадка! Вось скласці дакладны план Ведзьмінай тоні, каб глянуць на яе нібыта зверху — і ўсё адразу стане ясна.
Вырашыў, што абавязкова трэба будзе вымяраць і вышыні астравоў — а што, калі яны сапраўды штучныя? Гэта лёгка будзе праверыць.
Вясну ён правёў у пошуках — яму трэба была самая падрабязная карта вобласці. Адшукаў: Ведзьміна тоня была пазначана там невялікім кружком — два кіламетры ў дыяметры, а вакол — балота. Зразумела ж, ніякіх астравоў там не было.
Потым Віталь сам майстраваў секстант — прыбор для вызначэння геаграфічнай вышыні і шырыні месца. А што — брацца сур’ёзна за справу, то трэба на месцы вызначаць дакладную кропку.