Читаем Ведзьміна тоня полностью

— Ну, кажы сваю справу, — пыхнуў убок воблачкам дыму стары.

— Памятаеце, дзед Васіль, вы былі ў нас у школе і расказвалі аб вайне. Вы тады Ведзьміну тоню ўспаміналі. А я… некалі мы з бацькам там рыбачылі, такія два карасі злавілі — ледзь выцягнулі. Там гэтыя астравы… Ну, глядзіш, як быццам іх нехта спецыяльна насыпаў. А ў нас жа кажуць, што некалі быў яшчэ востраў, пасярод самага возера, ды на дно апусціўся… Ну, я хачу праверыць…

— Што, на дне востраў шукаць? — прыжмурыўся дзед Васіль.

— Ды не… Я хачу дакладна вымераць адлегласць паміж астравамі, як яны вакол возера ляжаць, ну і іншае…

— А навошта? — дзед шчыра здзівіўся.

— Ды… калі астравы дакладна размешчаны неяк сістэмна, значыць — яны штучныя, ну людзі іх самі насыпалі.

— Можа, і самі… Некалі даўно там людзі жылі…

— Жылі? — аж падскочыў Віталь. — Даўно?

— Відаць, даўно, — дзед затушыў недакурак. — Мы, калі зямлянку зімой у сорак трэцім дзяўблі, нешта знайшлі такое — ці то зруб стары, ці яшчэ што. Не да таго было, каб разглядаць… Паўсюдна людзі раней жылі, дзе было бяспечна. Астравы ў балоце, а па балоце хадзіць, не ведаючы сцежак, — сабе на згубу. Самі астравы сухія, вялікія. Мо якое паселішча і было. Ці канакрады сабе лежбішча былі зрабілі, ці разбойнікі…

— Дык да вострава таго, дзе вы хаваліся, цяпер не дайсці.

— Цяпер — не. Сцяжынку я ўжо забыў, ды і тыя вольхі, што мы ўсцілалі ў багну, даўно пагнілі… Зімой толькі, і то з асцярогай.

— Зіма далёка… А калі на лодцы? — апошняя надзея прагучала ў словах Віталя.

— Няма, хлопча, ні ў каго чоўна. На копанцы хіба на ім плаваць? Сам я даўно не рыбачу. Цяжка хадзіць мне па балоце.

— А я лодку з камеры зраблю, — чапляўся, як за саломінку, Віталь.

— На гумавай лодцы там лепш не плаваць, — паківаў галавой дзед Васіль. — Возера ж на самай справе — гэта і не возера, а кавалак балаціны. У іншых месцах можна на корч які напароцца…

— Плыткае возера? А той востраў, які праваліўся? — разгубіўся Віталь.

— Ды гэта казкі, — адмахнуўся дзед. — Плыткае то плыткае, а дно ж балоцістае. Не зразумець, дзе тое дно пачынаецца. Шост лезе і лезе ў ваду на ўсе чатыры метры, бы ў кісель які.

— А пра рыбака яшчэ расказваюць, — перацепнуў плячыма Віталь. — Быццам і дагэтуль ён па возеры плавае.

— Ніхто там не плавае ўжо. Год дзесяць таму, тое праўда, нехта невядомы, мо з гарадскіх, некалькі дзён кружыў па тоні на маленькай лодачцы. І тое праўда, што згінуў. Лодку я пасля знайшоў… А яго не бачылі. Дзіўны чалавек быў. Быццам хаваўся ад людзей… Вось, такія справы. Балота — жартаў не любіць.

— Дык што рабіць? — з адчаем ужо запытаў Віталь — прападала яго мара.

— Ну, прыдумаць можна што-небудзь заўсёды, — загаварыў, супакойваючы стары. — Адно скажу: не аднаго гэта справа, аднаму — не справіцца.

— З чым не справіцца? — загарэўся Віталь, адчуўшы ў словах дзеда Васіля нейкую прыхаваную надзею. — Човен рабіць?

— Ну, човен зрабіць — майстэрства трэба ды і матэрыялы асаблівыя, а вось плыт — іншая справа.

— Плыт? — Віцька аж падскочыў.

Ну вядома ж, плыт! Яму не страшны карчы, ён не перакуліцца, як лодка!

— Плыт, плыт… — дзед Васіль узняўся, дапытліва глянуў на Віталя. — А ты што ж да мяне без сяброў прыйшоў? Аднаму на такую справу ісці не варта.

— Ды… Я яго ўгавару, — заспакоіў больш сам сябе Віталь, маючы на ўвазе Віцьку. Ну, на самай справе, пройдзе ў яго хандра, хіба ж адмовіцца ён ад такога: плыт зрабіць і на ўсіх астравах пабываць, рыбу на зорцы палавіць, юшку на кастры зварыць, у будане паначаваць? Эх, што тут казаць!

— Ну, вось што, — загаварыў дзед Васіль. — Ты ідзі ў сад, там баба яблыкі збірае. А цераз агарод сходзіш да будана, што ў садку Зойкі-п’яніцы стаіць. Клікнеш адтуль хлопца да мяне. Я ў садку буду.

Віталь трохі здзівіўся, але пытаць нічога не стаў.

Ля будана ў вішняку ён пабачыў Нэлу, якая гулялася ў пяску з цацкамі. Сам Сяргей раскладваў агонь. Побач стаяла закопчаная каструля, з чыстай вадой. Сяргей азірнуўся на крокі, стаў так, каб падыходзячы Віталь не бачыў, што там, у каструлі. А ў ёй былі дзве выпатрашаныя і памытыя тушкі галубоў — сённяшняя ранішняя здабыча Сяргея. Злавіў галубоў ён звычайнымі начоўкамі: перакуліў, прыўзняў адзін край, падпёр палкай, да якой прывязаў тонкую вяроўчыну. Пасыпаў хлебных крошак. І ўся хітрасць.

Цяпер Сяргей збіраўся варыць суп. І з’яўленне Віталя яго ніколькі не абрадавала.

— Што трэба? — спытаў Сяргей з папярэджаннем у голасе, дзе яскрава чулася: «Лепш не падыходзіць бліжэй».

Ён пазнаў Віталя — гэта той, які тады на возеры ўзняў рукі ўгару, не палез у бойку, але ў копанцы пабываў.

— Цябе дзед Васіль заве, — адказаў Віталь, таксама пазнаўшы Сяргея. У думках ён адзначыў сам сабе, што добра зрабіў, калі там, на копанцы, не палез у бойку…

Павярнуўся і пайшоў, не тлумачачы нічога. Ды і што ён мог сам патлумачыць?

Дзед у садку, седзячы на прынесеным сюды зэдліку, ужо нарэзваў у вялікую каструлю яблыкі.

— Бач, насыпала колькі, — звярнуўся ён да Віталя. — Што казе парэжу, што баба пасушыць. Ты выбірай сабе, еш.

Віталь выбраў яблык, абцёр, і ў гэты час падышоў Сяргей.

— Клікалі, дзед Васіль?

Перейти на страницу:

Похожие книги

Дым без огня
Дым без огня

Иногда неприятное происшествие может обернуться самой крупной удачей в жизни. По крайней мере, именно это случилось со мной. В первый же день после моего приезда в столицу меня обокрали. Погоня за воришкой привела меня к подворотне весьма зловещего вида. И пройти бы мне мимо, но, как назло, я увидела ноги. Обычные мужские ноги, обладателю которых явно требовалась моя помощь. Кто же знал, что спасенный окажется знатным лордом, которого, как выяснилось, ненавидит все его окружение. Видимо, есть за что. Правда, он предложил мне непыльную на первый взгляд работенку. Всего-то требуется — пару дней поиграть роль его невесты. Как сердцем чувствовала, что надо отказаться. Но блеск золота одурманил мне разум.Ох, что тут началось!..

Анатолий Георгиевич Алексин , Елена Михайловна Малиновская , Нора Лаймфорд

Фантастика / Проза для детей / Короткие любовные романы / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Фэнтези
Волчьи ягоды
Волчьи ягоды

Волчьи ягоды: Сборник. — М.: Мол. гвардия, 1986. — 381 с. — (Стрела).В сборник вошли приключенческие произведения украинских писателей, рассказывающие о нелегком труде сотрудников наших правоохранительных органов — уголовного розыска, прокуратуры и БХСС. На конкретных делах прослеживается их бескомпромиссная и зачастую опасная для жизни борьба со всякого рода преступниками и расхитителями социалистической собственности. В своей повседневной работе милиция опирается на всемерную поддержку и помощь со стороны советских людей, которые активно выступают за искоренение зла в жизни нашего общества.

Владимир Борисович Марченко , Владимир Григорьевич Колычев , Галина Анатольевна Гордиенко , Иван Иванович Кирий , Леонид Залата

Фантастика / Детективы / Советский детектив / Проза для детей / Ужасы и мистика