Было, яна і сама пісала вершы. Адзін нават былі надрукавалі ў «Раніцы». Божа, як чакала гэтай публікацыі Жэнька! Маці не паверыла адразу, што гэта яе Жэнька напісала, перапытвала. Потым, як «Раніца» прыходзіць, маці сама гартала газету, шукала імя дачкі. Хоць Жэнька ёй і сказала, каб не шукала, нічога яна больш у «Раніцу» не пасылала. Але аб тым, што паслала сваю невялікую заметку аб школе ў раённую газету, прамаўчала. А заметку надрукавалі. Праўда, вельмі ж пакрэслілі, пераставілі словы і сказы. Жэнька чытала свае і не свае радкі, параўноўвала з тым, як напісана было ёй напачатку, і ёй стала сорамна: ну, хіба яна сама, калі б пасядзела, як след, не змагла вось так напісаць — проста, ясна і складна?
Але было і прыемна. І хоць маці цяпер нешта асабліва не радавалася гэтай заметцы, як тым вершам, ды Жэнька вырашыла: будзе пісаць у газету заметкі. І стане журналістам.
А цяпер вось адчайна шукала тэмы ледзь не пад нагамі, глядзела на ўсе вочы на вуліцу, калі ішла па хлеб у магазін: а раптам нешта цікавае? Рэдактар жа казаў, што самае галоўнае — заўсёды перад вачыма. Трэба яго толькі ўбачыць. Купіла хлеб, хацела ўжо выходзіць, як пабачыла Віталіка — той выходзіў з падсобнага памяшкання магазіна з запоўненым нечым лёгкім мехам на плячы.
— Дзякуй Вам! — шчыра сказаў ён прадаўшчыцы.
Тут яго спыніла Жэнька.
— Ты што гэта набраў?
— Ха, тайна! — Віталь смешна вылупіў вочы. — Пусці, дай хоць выйсці, а то стаю тут з мехам.
На ганку Віталь паставіў мех, павярнуўся да Жэнькі.
— Глядзі, — ён паказаў ёй, што ў мяху — пустыя пластыкавыя бутэлькі.
— Навошта яны табе? — здзівілася Жэнька. — Ды яшчэ так многа…
. —О! Нам трэба пяцьсот штук.
Віталь быў узбуджаны — гэта Жэнька бачыла, і яна здагадалася, што хлопец заняты нейкай надзвычай важнай справай, цікавай.
— Што, на бутэльках на астравы паплывеш? — спыталася яна з’едліва, хоць адчувала, што бутэлькі нечым звязаны з планамі Віталя наконт Ведзьмінай тоні.
— Паплывём! — упэўнена адказаў Віталь, закінуў на плячо мех.
Яны пайшлі ў адзін бок — да дома Жэнькі.
— А куды ты іх нясеш? Да нас хіба?
— Не-а, — пакруціў галавой Віталь. — Да Зойчынага Сяргея. Ведаеш? Ён у інтэрнаце ўвесь год, мінулым летам тут краў, дзе што бачыў. У садку там яго будан…
— Бачыла.
— Ну, во. Там наш штаб! — важна адзначыў Віталь.
— Стоп, — Жэнька спынілася на самай справе. — Ты што, пасябраваў з гэтым Сяргеем?
— А што? — паціснуў Віталь плячыма. — Хлопец як хлопец, не задавака і не выстаўляецца. Псіхованы трохі хіба. Усё ўмее сам робіць… Гэта нас дзед Васіль звёў…
— А дзед Васіль пры чым?
Яны зноў нетаропка ішлі доўгай вуліцай, Віталь расказваў з задавальненнем, у словах яго адчувалася ўзрушаная радасць ад таго, што ўсё так добра склалася.
— Я прыйшоў да дзеда Васіля, каб расказаў, ці можна з вострава на востраў пераходзіць. Дзед кажа: не, але выхад ёсць. Сказаў мне паклікаць Сяргея. Той збіраўся адзін на Ведзьміну тоню ісці рыбу лавіць, бо на нашай копанцы яму твой Віцька з гарадскім Эдзікам набілі морду і сказалі, каб больш туды не соваўся. Вось… А дзед Васіль нам кажа: зробім плыт і паплывём утраіх!
— Дзед паплыве? Не смяшы! — не паверыла Жэнька.
— Я не смяшу. Памятаеш, на сустрэчы ў школе Васіль Яўменавіч казаў, што там, на астравах Ведзьмінай тоні, партызанскі атрад ратаваўся ў блакаду? Вось, дык ён хоча туды трапіць і… Ну, чацвёра партызан не выйшлі тады з балота, дзед кажа, што згінулі, багна ж кругом. Дарэчы, там усе з нашай вёскі… Вось ён хоча там пабыць. Ну, не ведаю, мо ўспомніць усіх… А бутэлькі гэтыя — каб плыт быў хоць і меншым, ды трымаў многа. Вось так! — ён глянуў на Жэньку з пераможным выглядам.
Жэнька закусіла вусны. Вось як усё перавярнулася!
— А… як жа тваё даследаванне астравоў? — спытала Жэнька.
— Адно другому не замінае, — махнуў рукой Віталь. — Мы адразу тры задачы рашым: дзеда на астравы звозім — раз; астравы аблазім — два; рыбы наловім, насушым, насолім і прададзім — тры!
– І… Нэлу з сабой браць будзеце?
— А Сяргей яе не кіне. І яна за Сяргеем як хвосцік — ні на крок не адыходзіць. Возьмем.
Падышлі ўжо да дома Жэнькі, і яна адважылася, запытала гулліва:
— Віталік, а мяне возьмеце?
Віталь лыпнуў разгублена вачыма, перакінуў мех на другое плячо:
— Ды ідзі ты… — адказаў ён, пакрыўджаны. — Я табе сур’ёзна аб усім кажу, а вы…
Ён пайшоў, а Жэнька зразумела, што «вы» — гэта яна і яе брат. І што пакрыўдзіўся Віталь не дарэмна — нельга было ёй аб такім сур’ёзным пытацца смехам.
На абед прыехаў бацька: загарэлы, рукі чорныя, ну хіба настаўнік? Трактарыст звычайны. Жэнька ліла яму на рукі і пыталася, як бы аб нечым другарадным.
— Тата, ты б пусціў сваю дачку на балота?
— А што рабіць маёй дачцэ на балоце?
— Рыбу лавіць.
— Не-а.
— А калі б у дачкі былі два надзейныя ахоўнікі?
— Яе ўзросту? Не.
— А з імі — дарослы і паважаны чалавек…
— Ну-у. Няхай тады сходзіць, камароў пакорміць…
— А з начоўкай?
Бацька выцерся ручніком, які ляжаў на плячы ў Жэнькі, няўцямна глянуў:
— Што гэта за такія задумы? Здаецца, у школе ніякіх паходаў на наша балота не планавалі…. Пайшлі есці, раскажаш.