Ногі самі яго прынеслі да будынка, у якім размяшчалася рэдакцыя Юрыя Барысавіча. «Зайду, павітаюся. А раптам у яго справа якая будзе… Мо і так дасць за камп’ютэрам пасядзець…»
Дзядзька Эдзікаў — стрыечны брат маці — сядзеў у сваім кабінеце. Невысокага росту, хударлявы, падцягнуты, з невялікай лысінай ён выглянуў з-за шкельцаў акуляраў, узняўся з-за стала насустрач:
— Вітаю, вітаю…Што прывяло цябе ў рэдакцыю? Што, сумна? — ён паціснуў Эдзіку руку, паказаў на крэсла побач са сталом. — Сядай…
Прыемны чалавек, што казаць.
— Сумна. І грошай каб зарабіць…
— А на што табе грошы?
— А шмат на што. На камп’ютэр, на жуйкі, дыск новы хачу купіць..
— Зразумела… Маладое пакаленне выбірае волю. Добра, добра… А што табе той клуб — прыходзь, гуляй. Палова рэдакцыі ў водпусках, сядай за любы камп’ютэр, які вольны, — шырока павёў рукамі Юрый Барысавіч. — А з грашыма складаней. Грошы зарабляюцца. У наш час грошы можна зарабляць тысячамі спосабаў. У наш час іх можна зарабляць так, як раней ніколі не зараблялі.
— Гэта чаму?
— Раней інфармацыя не каштавала так дорага. А цяпер каштуе. Вось, напрыклад, як толькі ў прыёмны пакой бальніцы прывязуць каго з раненнем ці з дарожнага здарэння — мне адразу ж тэлефануюць. Думаеш, чаму? А таму, што інфармацыя каштуе грошай! Хто ёй валодае, той можа яе прадаць!
– І вы … плаціце за тое, што вам патэлефануюць? Але навошта?
— Каб усё ведаць, даражэнькі. Будзеш ведаць — будзеш друкаваць. Будуць чытаць. А будуць чытаць — будуць купляць. І мне гэтыя грошы вернуцца ўтрая. Вядома, я плачу работніцам прыёмнага пакоя, ёсць у мяне яшчэ надзейныя людзі ў такіх месцах, адкуль мне інфармацыю трэба атрымліваць адразу, без затрымкі. Вядома, плачу я неафіцыйна. Але гэта не галоўнае. У цябе ёсць мне што прадаць?
— Што прадаць?
— Дзівак-чалавек. Я купляю толькі адно: інфармацыю. У цябе ёсць інфармацыя, каб мне яе прадаць?
— Ды не… Я не ведаю, што вам трэба… Ну, што цікава, што не. Каб вы сказалі, я б збіраў… — разгубіўся Эдзік.
Эдуард Барысавіч засмяяўся — шчыра, радасна.
— Эх, хлопец, хіба ж я ведаю, што цікавага ты ведаеш? Ты ж не ў міліцыі працуеш, каб я табе дакладна сказаў, пра што мне расказваць… Добра, давай вось так: ты, наколькі я помню, у вёску збіраўся. Вось ты там быў?
— Быў, — паціснуў Эдзік плячыма. — Але што там цікавага?
— Гэта мы зараз і паглядзім… ну, давай, расказвай аб усім.
— Як — аб усім?
— А вось давай аб усім — з пачатку і да канца. Як прыехаў, як паехаў. Давай, давай, не саромейся, — падбадзёрыў Юрый Барысавіч.
— Ну, прыехаў, пайшлі на копанку…
— Мы — гэта хто?
— Ну, я, Віцька там ёсць, аднагодкі мы, і Віталік, чыкануты трохі, карты складае… Яны збіраюцца плыт пабудаваць…
— Ну, далей… пайшлі вы на копанку…
— А там сустрэлі нямко. Гэта дзяўчынка пяці гадоў, размаўляць яна не ўмее, з ёй там быў інтэрнацкі, брат яе, прыехаў. Маці іх п’яніца …
Эдзік пачаў расказваць, вядома ж, прапускаючы цэлыя эпізоды са свайго тыдня ў вёсцы, дзе і мяняючы што, і сам не заўважыў, як захапіўся.
— А плыт яны вырашылі пабудаваць з бутэлек!
— З бутэлек, кажаш… цікава… — першы раз перабіў яго Юрый Барысавіч. — Цікава…
— Што, інфармацыя? — зацікаўлена спытаў Эдзік
— Ну, вядома, плыт на балоце, магіла, пошукі… Інфармацыя, але трошкі не такая, якая трэба для мяне. Для другой газеты — інфармацыя.
— А калі прадаць?
Юрый Барысавіч засмяяўся:
— Газеты, якім такая інфармацыя трэба, яе ў цябе купляць не будуць. Там зусім іншыя…м-м-м… крытэрыі ацэнкі. І гэта ўсё?
— Ага, — закончыў сумна Эдзік, прадчуваючы, што у яго расказе нічога каштоўнага для дзядзькі не знайшлося. — Бутэлькі яны зносяць да будана, у якім нямко з інтэрнацкім жывуць. Там іх штаб.
— Што? — раптам ажывіўся дзядзька. — Хто дзе жыве?
— Нямко і яе брат, Сяргей… будан у садзе стаіць, там яны і спяць, нават, я бачыў, печку сабе зрабілі, есці варыць. Бо ў хаце там п’яніцы збіраюцца, — Эдзік паціснуў плячыма, гледзячы ў вочы за акулярамі, якія нечакана сталі літаральна пабліскваць.
— Ты хочаш сказаць, што гэтыя дзеці жывуць у садзе, у будане, у той час, як у хаце п’яніцы ладзяць балі? — выгаварыў Юрый Барысавіч кожнае слова паасобку, цвёрда. — Так?
— Так, я ж сам бачыў. Падглядваў…
— Вось!
Дзядзька пляснуў далонню па стале, адкрыў шафу, дастаў бутэльку з мінеральнай вадой.
— Ты зразумеў? Зразумеў, дзе пачынаецца інфармацыя?
— Не-а, — разгублена, але і радасна паківаў адмоўна галавой Эдзік.
– Інфармацыя пачынаецца там, дзе пачынаецца гаворка аб тым, што не так, не тое, не туды, не цяпер! Усё ў цябе звычайна, усё заканамерна. А вось што дзеці пры жывых бацьках у наш час, праз шэсцьдзесят год пасля вызвалення спяць на двары — вось не тое і не так. Уцяміў?
— Ага! — падскочыў радасна Эдзік. — Так проста…
— Не ўсё так проста, — пасур’ёзнеў дзядзька. — Атрымаць інфармацыю — адно. Галоўнае — як яе падаць… Але то ўжо справа не твая… так, выбачай, але ў нас так: разлічуся я з табой, як усё праверым. Так, дзе там твая вёска, дзе там твой дом? Хаця, чакай: а калі я цябе ў камандзіроўку туды пашлю, га?
— Паеду! — адказаў з запалам Эдзік.